Афорт як маленькае жыццё

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Мастак Валерый СЛАВУК узнагароджаны за вялікі ўнёсак у развіццё станковай і кніжнай графікі.

/i/content/pi/cult/674/14866/10.jpg— Станоўчая ацэнка працы заўжды натхняе, — кажа майстар. — Я не веру тым мастакам, якія сцвярджаюць, нібы ім усё адно, што пра іх думаюць гледачы і крытыкі. Гэтая прэмія для мяне з’яўляецца сведчаннем запатрабаванасці: мая досыць спецыфічная творчасць, мае вобразы, увогуле лад маіх думак камусьці блізкія! Паважнае стаўленне да таго, што я раблю, тлумачу ростам цікавасці да беларускай міфалогіі, да нашых этнаграфічных каранёў, а таксама разуменнем таго, што беларускія казкі і паданні нічым не горшыя за сусветна вядомыя ўзоры гэтага жанру.

Новыя тэхналогіі ў паліграфіі і выяўленчым мастацтве калі-нікалі адсоўваюць на другі план класічны эстамп. Часта ёсць спакуса адносна лёгка намаляваць штосьці з дапамогаю камп’ютара, а не корпацца над афортнай дошкай ці літаграфскім каменем. Меншыя высілкі ў мастака, меншыя выдаткі ў замоўцы, калі гаворка ідзе пра выдавецкую справу. А ў пройгрышы чытач і глядач, які атрымлівае непаўнавартасную кнігу альбо недасканалую выставачную работу.

Асабіста я вельмі люблю афорт. У гэтай тэхніцы сёння рэдка хто працуе, а я аддаю ёй перавагу з-за нечаканага выніку. Нават болей скажу: зрабіць афорт — гэта як маленькае жыццё пражыць: з рознымі неспадзяванкамі, прыемнымі і не надта. Маю надзею, сам факт узнагароды мастака, які працуе ў такой складанай тэхніцы, паспрыяе таму, што творчая моладзь будзе надаваць больш увагі засваенню традыцый і развіццю выяўленчага і эмацыйнага патэнцыялу, закладзенага ў класічных мастацкіх тэхналогіях.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"