Імя, якое не згубілася ў афішах

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

На скрыжаванні старога ды новага гадоў з’явілася безліч падвядзенняў вынікаў на любы густ. У асноўным, размова заходзіць пра падзеі, мне ж хочацца падкрэсліць імя, без якога многія са з’яў мінулага тэатральнага года пазбавіліся б сваёй чароўнасці і глыбіні.

/i/content/pi/cult/674/14863/4-3_opt.jpegВызначэнне “самага-самага” — заўсёды рэч досыць суб’ектыўная. Аднак ёсць людзі, імёны якіх пры любым раскладзе выклікаюць павагу нават сярод канкурэнтаў. Галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Таццяна Нерсісян — менавіта з такіх асоб. Спадарыня Таццяна — надзвычай сціплы чалавек, яна не любіць распавядаць пра сабе. Аб яе таленце ўголас гавораць спектаклі: лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі, уладальніца “Залатой Маскі” працягвае ў кожнай наступнай пастаноўцы вынаходзіць нешта новае, непадобнае на папярэднія працы. Імя Таццяны Нерсісян стала знакам якасці спектакля, авансам любой прэм’еры: маўляў, публіцы, як мінімум, будзе цікава глядзець.

Мінулы год стаўся для мастака надзвычай плённым як па колькасці работ, так і па іх геаграфіі. Распачаўся ён на роднай сцэне сталічнага тэатра лялек з чароўнай сцэнаграфіі да спектакля Ігара Казакова “Калядная гісторыя” паводле Чарльза Дзікенса. Па маім меркаванні, то была лепшая пастаноўка мінулай навагодняй кампаніі. З-пад яе рук выйшлі маскі да самага касавага спектакля мінскага тэатра лялек “Пансіён Belvedere”. Яго рэжысёр Матэа Сп’яцы — прызнаны італьянскі спецыяліст па камедыі дэль артэ — падчас інтэрв’ю аглядальніку “К” з захапленнем распавядаў аб супрацоўніцтве з мастаком і называў яе маскі шыкоўнымі.

За абраны адрэзак часу толькі з рэжысёрам Аляксандрам Янушкевічам спадарыня Таццяна зрабіла шэраг гучных спектакляў з “прапіскай” у розных геаграфічных кропках. У творчым багажы гучная прэм’ера “Новай зямлі” ў Брэсцкім тэатры лялек, эфектная сцэнаграфія “Мюнхгаўзеншоу” паводле Рыгора Горына ў расійскім Ульянаўскім тэатры лялек, выразныя лялькі “Нікчэмнага д’ябла” паводле Фёдара Салагуба ў Краснаярскім тэатры лялек краіны-суседкі, запамінальнае візуальнае атачэнне выпускнога спектакля “Смерць Тарэлкіна” XI Міжнароднай летняй тэатральнай Школы Саюза тэатральных дзеячаў
Расійскай Федэрацыі.

А яшчэ была неверагодная па візуальнай пранізлівасці праца з Яўгенам Карнягам над пластычным спектаклем “Бетон” у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. І кранальная паэзія сцэнаграфіі пастаноўкі Ігара Казакова “Сіняя-сіняя” ў Магілёўскім абласным тэатры лялек. Дарэчы, за візуалізацыю твора Уладзіміра Караткевіча Таццяна Нерсісян атрымала ўзнагароду “Лепшая сцэнаграфія” сёлетняга Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Год закальцаваўся: тандэм Казакоў — Нерсісян ізноў у сталічным тэатры лялек з галоўнай зімовай казкай — гэтым разам дзяцей прывітала “Беласнежка”. А ўсіх нас — прадчуванне прэм’ер-2018 ад неверагоднага, чароўнага, бліскучага айчыннага тэатральнага мастака.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"