Статус для культуртрэгераў

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Так ці іначай, але прыклад віцебскага “Музея мапедаў” сведчыць за тое, што характар узаемаадносінаў паміж ініцыятыўнымі прыватнікамі і дзяржструктурамі яшчэ толькі наладжваецца. Якім ён павінен быць? Пакуль адказ вымалёўваецца толькі адзін: гнуткім і шматварыянтным. І ўзаемапрадуктыўным таксама.

/i/content/pi/cult/674/14861/4-11_opt.jpegНе так даўно вядомы гродзенскі фатограф і грамадскі дзеяч Аляксандр Ласмінскі падзяліўся на старонках “К” сваёй запаветнай марай: ідзеш ты па вуліцы Савецкай — а там музеі літаральна ў кожнай падваротні! Мара даволі распаўсюджаная — асабліва ў звязку з “бязвізам” і выкліканым ім усплёскам уязнога турызму. У наш век амаль відавочна, што яе ўвасабленне магчымае найперш за кошт прыватнікаў.

Тыповы стваральнік “музея мяне” — гэта ўтрапёны
культуртрэгер з агнём у вачах, цікавай асабістай гісторыяй і вартай увагі філасофіяй жыцця. Не сумняюся, што многіх наведвальнікаў найперш прываблівае менавіта яго постаць, а не якіясьці мапеды альбо бюсцікі Леніна. І таму нават самым кваліфікаваным экскурсаводам і самым шыкоўным экспанатам такіх людзей не замяніць.

З іншага боку, прыватнікі вельмі часта патрабуюць кваліфікаванай метадычнай дапамогі. Па адукацыі яны зазвычай, мякка кажучы, не музейшчыкі, і таму пры фарміраванні экспазіцыі могуць дапускаць тыя ці іншыя агрэхі — зразумела, з найлепшымі намерамі. Прафесійны “погляд з боку” і кансультацыя многім з іх не зашкодзілі б. Хто канкрэтна ім можа дапамагчы — у прынцыпе, зразумела. Дзяржаўныя музеі з кваліфікаванымі кадрамі ёсць у кожным вялікім горадзе. Пытанне толькі ў тым, як гэта арганізаваць. І на якім эканамічным падмурку: “праз бухгалтэрыю” ды за грошы або на правах шэфства.

Гэтае і многія іншыя “рабочыя” пытанні (напрыклад, тыя ж кошты арэнды і
паніжальныя на іх каэфіцыенты) могуць знайсці адказы толькі пасля вырашэння галоўнага — якім мае быць прававы статус такіх прыватных музеяў? Зразумела, аўтаматычна прыраўноўваць іх да звычайнай прадпрымальніцкай дзейнасці — не зусім справядліва. І, што самае галоўнае, ніяк не стымулюе калекцыянераў адкрываць шырокай публіцы свае “сезамы”.

І тут у чарговы раз варта нагадаць, што ў Беларусі ўжо ёсць надзвычай удалы юрыдычны прэцэдэнт вырашэння падобных пытанняў. Суб’ект агратурызму — гэта, з аднаго боку, і не звычайны прадпрымальнік, абцяжараны падаткамі, а з другога — ён вольны весці эканамічную дзейнасць у вызначаным рэчышчы. Болей за тое — у плане прыдумляння нейкіх новых яе відаў (зразумела, у рамках агратурызму) у яго развязаныя рукі. Іншы падобны прыклад — рамеснікі, якія таксама маюць у нашай дзяржаве адмысловы статус.

Што ж тычыцца ільготаў па арэндзе… Наколькі я чуў, розныя іх механізмы лакальна ўжо даўно прымяняюцца. Адзін знаёмы мастак прынёс арэндадаўцу даведку аб сваім членстве ў адпаведным саюзе — і атрымаў памяшканне пад майстэрню ў разы танней за камерцыйны кошт. Таму не думаю, што асноўная праблема “Музея мапедаў” такая ўжо невырашальная.

У той самы час, дыферэнцыраваны, а нават і індывідуальны падыход да прыватнікаў непазбежны. Практыка (як замежная, гэтак ужо і наша) паказвае, што пад музеі могуць мімікрыраваць цалкам камерцыйныя ўстановы — адна з іх, напрыклад, прысвечаная ўсім любімым пушыстым істотам. Наўрад ці мэтазгодна забараняць ім выкарыстоўваць для брэндзіравання слова “музей” — як гэта ў свой час прапаноўвалася зрабіць на заканадаўчым узроўні. Але і разлічваць на дзяржаўную дапамогу такія ўстановы, пэўна, не маюць падставы.

Адпаведна, неабходна сіта, здатнае адрозніць культурны і сацыяльна значны праект, які развівае турыстычны патэнцыял сваёй мясцовасці, ад здаровага памкнення “насекчы капусты”. І вельмі добра, каб гэтая дыферэнцыяцыя праводзілася не ў кабінетах і па-валюнтарысцку — на ўзроўні “Я так рашыў!” — а празрыста і калегіяльна, у дыскусіях спецыялістаў па музеях і турызме.

Урэшце, варта памятаць, што адмысловы статус — нібы палка з двума канцамі. З аднаго боку — магчымасць атрымліваць пэўныя ільготы, з другога — пэўныя абавязкі. І гэта таксама важна для стварэння ў нашых гарадах паўнавартаснага і разнастайнага турыстычнага меню. Бо сёння стваральнікі прыватных музеяў — гаспадары самі сабе, а графік іх працы можа цалкам залежаць ад настрою жонкі.