Храм дыктаваў мастаку...

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Дзякуючы новаму інтэр’еру, збудаваная ў ХІХ стагоддзі царква святых Касьмы і Даміяна ў знакамітым Вішневе, што на Міншчыне, стала ўспрымацца зусім іначай. За ўдалую рэалізацыю праекта комплекснай мастацкай аздобы храма яго выканаўцы Паліна АМЕЛЬЯНОВІЧ, Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА і Глеб ОТЧЫК былі адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта.

/i/content/pi/cult/674/14860/4.jpg— Наш творчы калектыў складаецца з выхаванцаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, — распавядае Канстанцін Касцючэнка. — А яна, як вядома, рыхтуе спецыялістаў, здольных выканаць якую заўгодна творчую працу. Найперш навучальны працэс у акадэміі арыентуе на засваенне мастацкай класікі, і таму мы добра пачуваемся ў рэчышчы традыцыі, але калі сітуацыя спрыяе ці вымагае, зробім і эксперыментальны твор. І тое, і другое — на высокім прафесійным узроўні. У дадзеным выпадку, працуючы над аздобаю храма ХІХ стагоддзя, мы зыходзілі з прапанаваных абставін і мусілі арыентавацца на праваслаўныя каноны.

Манументальныя работы ўнутры калектыву былі падзеленыя паводле спецыялізацыі аўтараў. Глеб Отчык рабіў роспісы, Паліна Амельяновіч — мазаікі, Канстанцін Касцючэнка — рэльефы.

— Для мяне ўдзел у гэтым праекце надзвычай важны не толькі таму, што ў ім выразна прысутнічае духоўны чыннік, але і з той прычыны, што з Вішневам звязана гісторыя майго роду, — распавядае скульптар. — Сам я мінчанін, але дзяды мае адтуль. І вельмі задаволены, што зрабіў годную справу для зямлі, адкуль растуць мае карані.

Выконваць аздобу аб’екта, які мае статус помніка архітэктуры, для творцы ганарова. У дадзеным выпадку, сама канструкцыя храма ўжо падказвала, нават дыктавала мастакам, якой мусіць быць ягоная аздоба.

— Для мяне гэта была добрая школа, — кажа Канстанцін. — І не сумняюся, што атрыманы досвед мне спатрэбіцца ў далейшым — прыкладам, калі выпадзе нагода папрацаваць у кантакце з архітэктарам ужо ад самага пачатку праектавання, уносячы свае прапановы яшчэ на той стадыі, пакуль аб’ект існуе толькі на паперы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"