“Я — крэпасць, жыву і помню...”

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

На світанні 22 чэрвеня 1941 года Брэсцкая крэпасць прыняла першы ўдар войск фашысцкай Германіі. Сёння гэты дзень з’яўляецца Днём памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны...

Адна з апошніх прыемных навін, якая вельмі натхніла калектыў Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, — Распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2008 года аб выдзяленні грашовых сродкаў на капітальны рамонт абеліска-Штыка і моста цераз Мухавец.Па падліках спецыялістаў, давядзенне Штыка да ладу, замена яго вонкавай абшыўкі з тытанавай сталі абыдзецца ў 1,5 мільярда рублёў. Абнаўленне нясучых канструкцый моста запатрабуе 0,7 мільярда. Роўна столькі — 2,2 мільярда рублёў — і выдаткавана з рэспубліканскага бюджэту за кошт рэзервовага фонду Прэзідэнта краіны. Унушальны па сваіх памерах стометровы абеліск за 37 гадоў пасля ўстаноўкі на плошчы Цырыманіялаў двойчы рэстаўраваўся: у 1998 і 2000 гадах. Чарговыя намаганні будаўнікоў-рэстаўратараў павінны істотна абнавіць галоўны арыенцір крэпасці, сімвал магутнасці і непераможнасці савецкай зброі, перамогі нашага народа над ворагам.За 10 гадоў многае зроблена па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні мемарыялу. Завершаны работы на 25 аб’ектах. Абноўлены пакрыццё плошчаў, унутрыпляцовачных праездаў і дарог, гранітнае абрамленне шашы ля Вечнага агню, абеліска-Штыка, падпорных сценак, праведзены капітальны рамонт мемарыяльных пліт з заменай надпісаў на іх. Абноўленымі сустракаюць наведвальнікаў Галоўны манумент і скульптурная кампазіцыя “Смага”. Адрэстаўраваны Галоўны ўваход, закансерваваны руіны крэпасці. Капітальна адрамантаваны музейны будынак і Паўночныя вароты, мастацка-дэкаратыўная падсветка, музычна-гукавое афармленне.Добраўпарадкавана тэрыторыя ад Галоўнага ўвахода да Цытадэлі і часткі Цэнтральнага вострава. Ачышчаны абвадны канал вакол крэпасці, пабудавана насосная станцыя. Уведзены ў дзеянне і працуе як філіял мемарыяла форт № 5. Там адкрыўся музей фартыфікацыі і зброі. Заканчваецца капітальны рамонт Цярэспальскіх варотаў. На ўсе гэтыя работы і будаўніцтва трох лакальных газавых кацельняў выкарыстана 13,1 мільярда рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 7,6 мільярда. Сродкі таксама атрыманы ў якасці долевых узносаў ад краін СНД, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Урада Масквы.У 2009-ым годзе адзначаецца 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 2010 годзе — 65-годдзе Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Каб годна сустрэць гэтыя слаўныя даты, неабходна цалкам прывесці крэпасць у парадак: закансерваваць фасады Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй казармаў, цытадэлі з заменай сталярных вырабаў, адрамантаваць Усходні форт. Акрамя гэтага, трэба прадоўжыць кансервацыю руін казармаў 333-га і 44-га стралковых палкоў, а форт № 5 прыстасаваць для стварэння там пастаяннай экспазіцыі. На пералічаныя работы трэба яшчэ 10 мільярдаў рублёў. 15 верасня 2004 года Савет кіраўнікоў урадаў СНД прыняў рашэнне аб працягу сумеснага фінансавання капітальнага рамонту і рэстаўрацыі мемарыяла. А гэта значыць, што агульнымі намаганнямі Брэсцкая крэпасць сустрэне юбілей якасна адноўленай. Фонды папаўняюцца
 /i/content/pi/cult/165/1486/Brest1.jpg

Новыя паступленні ў музейныя фонды.

Гісторыя крэпасці працягвае запаўняць белыя плямы новымі фактамі, звязанымі з самымі рознымі падзеямі і лёсамі. У выніку актыўнай навукова-даследчай дзейнасці супрацоўнікі музея атрымалі копію гравюры мастака-баталіста Эрыка Дальберга, на якой адлюстраваны Брэст-Літоўск 1657 года. Гэтая рэліквія разам з планам горада, якую выканаў па просьбе мастака інжынер Банель, была перададзена ў музей з ваеннага архіва Швецыі ў Стакгольме.
Вялікую дапамогу пры гэтым аказала Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Цяпер музей мае каштоўны дадатак да тэмы гісторыі будаўніцтва крэпасці, на тэрыторыі якой да пачатку XVIII стагоддзя месціліся культавыя будынкі, замак, рынак, жылыя пабудовы — цэлы горад, адлюстраваны на гэтай набытай у фонды гравюры.

Сярод апошніх істотных знаходак і набыццяў — 250 фатаграфій і дакументаў, якія належалі сям’і Вацлава Радзішэўскага. Як высветлілася, ён, капітан 82-га пяхотнага палка польскай 9-й ваеннай акругі, узначальваў адзін з батальёнаў крэпасці да 1939 года. Рэдкія дакументы — сямейныя і ваенныя здымкі, пасведчанне аб адукацыі, дакументы аб страхаванні маёмасці і жыцця, рознага роду плацяжы — перадаў у музей жыхар Брэста Аляксандр Аляксандравіч Курышка.

Супрацоўнікі вельмі здзівіліся: як мог праляжаць нагарышчы чамадан з рэдкімі дакументамі, некранутымі амаль 70 гадоў?! Цяпер унікальную знаходку можна ўбачыць у зале, прысвечанай польскаму перыяду ў гісторыі крэпасці.

А літаральна днямі ў музейныя фонды трапілі гімнасцёрка, сарочка, ватоўка, чаравікі — мужчынскія і жаночыя, усё — у добрым стане. Такое ваеннае абмундзіраванне насілі ў 1941 годзе. Супрацоўнікі музея, як і раней, вядуць перапіску з абаронцамі крэпасці і іх сем’ямі, па драбніцы ўзнаўляюць падзеі і лёсы, абпаленыя Вялікай Айчыннай. Сёння ў розных кутках колішняга Савецкага Саюза пражываюць каля 80 абаронцаў крэпасці. Іх дзеці і ўнукі наведваюць Брэст, каб сэрцам дакрануцца да тых мясцін, дзе змагаліся іх бацькі і дзяды.

Музей ужо шмат гадоў падтрымлівае стасункі з сям’ёй Героя Савецкага Саюза, генерала-лейтэнанта Дзмітрыя Карбышава. Сярод апошніх паступленняў — дакументы, фатаграфіі, лісты і ўпершыню атрыманыя асабістыя рэчы сям’і Дзмітрыя Міхайлавіча, закатаванага ў канцлагеры Маўтхаўзен 18 лютага 1945 года.
 /i/content/pi/cult/165/1486/Brest2.jpg

З 2006-га пачаўся актыўны збор матэрыялаў пра савецкіх ваеннапалонных — удзельнікаў баёў у час абароны Брэсцкай крэпасці. Гэтая малавядомая тэма вывела музейшчыкаў на супрацоўніцтва з нямецкімі калегамі з аб’яднання “Саксонскія мемарыялы”.

З рарытэтамі — на выезд!

Пра 170-гадовую гісторыю крэпасці, якая пачынаецца 1 чэрвеня 1836 года, калі была закладзена памятная дошка і шкатулка з манетамі, сведчаць больш за 80 тысяч розных прадметаў мірнага і ваеннага часу. І толькі 5 працэнтаў з іх размешчаны ў 10 залах музея, экспазіцыі якіх пастаянна абнаўляюцца. Як наблізіць гісторыю да патэнцыйнага наведвальніка? Як пашырыць кола тых неабыякавых людзей (а на сёння іх 190 тысяч чалавек), якія штогод прыязджаюць і прыходзяць у крэпасць? Адказ на гэтыя пытанні супрацоўнікі музея бачаць у стварэнні перасоўнай фотавыстаўкі “Брэсцкая крэпасць — дарогамі памяці”, прадстаўленай напрыканцы мая грамадскасці Брэста. У стварэнні эксклюзіўнай выстаўкі ёсць унёсак і мінскага мастака Юрыя Сухава. Экспазіцыя з 230 фатаграфій, лістоў, ваенных узнагарод і дакументаў унікальная тым, што дае цэласнае ўяўленне аб асноўных этапах і падзеях у гісторыі крэпасці: гэтаперыяд будаўніцтва, ваенныя дзеянні Першай сусветнай вайны, польскі перыяд, пачатак Вялікай Айчыннай, мірнае жыццё і капітальны рамонт мемарыяла. Ілюстрацыйны матэрыял размешчаны на 23 планшэтах, зручных для зборкі і лёгкіх для транспарціроўкі. Бяры — і вандруй па гарадах і вёсках, школах і арганізацыях Брэстчыны ды ўсёй рэспублікі! Былі б толькі заяўкі. Першую экскурсію па выстаўцы на яе прэзентацыі правяла старшы навуковы супрацоўнік мемарыяла Алена Грыцук. А першы выезд у свет адбыўся на выстаўку турыстычных магчымасцей рэгіёна “Турызм і адпачынак” у лёгкаатлетычны манеж Брэста.

Хлопчыкі малююць Перамогу

З крэпасцю і яе героямі звязана творчая акцыя “Малююць дзеці”, якая ладзілася па ініцыятыве адміністрацыі мемарыяла ў супрацоўніцтве з аддзеламі адукацыі і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама, а таксама з Брэсцкім ГК ГА “БРСМ” і Брэсцкім гарадскім цэнтрам пазашкольнай работы. Удзельнікамі сталі навучэнцы сярэдняй школы № 10 з архітэктурна-мастацкім ухілам і выхаванцы студый выяўленчай творчасці пазашкольных устаноў абласнога цэнтра. Юныя мастакі з ватманамі і мальбертамі размясціліся ў крэпасці на беразе Мухаўца і старанна фантазіравалі на зададзеныя тэмы: “Тут першы крок свой зрабіла вайна”, “Хлопчыкі бессмяротнага Брэста”, “Вахта памяці юных сэрцаў”, “Франтавікі, надзеньце ордэны”, “Дзень Перамогі — Дзень міру”, “А над Брэстам цішыня такая...”, “Няхай заўжды будзе сонца!” — прастора для творчасці была бязмежнай. За свае мастацкія старанні ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі з сімваламі акцыі і памятнымі сувенірамі.

А як яны малявалі Перамогу і яе герояў, можна паглядзець у “выставачнай зале ля Холмскіх варотаў”. Выстаўка адкрылася 18 чэрвеня.

Рыхтуецца яшчэ адна выстаўка “Памяць, увасобленая ў метале” з калекцыі фалерыстыкі з фондаў. Тэматыка даволі разнастайная. Яе складаюць значкі пра Брэсцкую крэпасць і Брэст, выпушчаныя ў розныя гады, значкі з адлюстраваннем гарадоў-герояў і буйных бітваў Вялікай Айчыннай вайны.

Цягам дзесяткаў гадоў калекцыя папаўнялася за кошт сродкаў мемарыяла. Значкі і медалі дарылі наведвальнікі крэпасці: жыхарырозных гарадоў, навучэнцы, ветэраны вайны, абаронцы крэпасці і іх родзічы — удовы, дзеці.

Сярод экспанатаў можна ўбачыць памятныя медалі “Міжнародны лёгкаатлетычны прабег “Масква — Брэст Масква-2005” у гонар 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “Мамаеў курган. Валгаград. Стаялі насмерць”, набор сувенірных медалёў “Брэсцкая крэпасць-герой”, значок “Дзмітрый Карбышаў. 1880 — 1945”.

Галоўная падзея апошніх дзён, да якой рыхтуюцца ў крэпасці, — сустрэча ўдзельнікаў турыстычнага цягніка Міжнароднай патрыятычнай акцыі “Дзень памяці і жалобы” з Масквы. Чакаецца 400 гасцей, сярод якіх — 56 ветэранаў.

22 чэрвеня ганаровыя госці стануць удзельнікамі мнагалюднага мітынгу-рэквіема і ганаровай лінейкі. У гэты дзень традыцыяй сталася сустракаць а чацвёртай гадзіне раніцы мірныя світанкі і ўшаноўваць памяць загінуўшых, тых, хто цаною жыцця наблізіў Перамогу.

 

Алена КАПАЧОВА
Брэст