Новыя паступленні ў музейныя фонды. |
Сярод апошніх істотных знаходак і набыццяў — 250 фатаграфій і дакументаў, якія належалі сям’і Вацлава Радзішэўскага. Як высветлілася, ён, капітан 82-га пяхотнага палка польскай 9-й ваеннай акругі, узначальваў адзін з батальёнаў крэпасці да 1939 года. Рэдкія дакументы — сямейныя і ваенныя здымкі, пасведчанне аб адукацыі, дакументы аб страхаванні маёмасці і жыцця, рознага роду плацяжы — перадаў у музей жыхар Брэста Аляксандр Аляксандравіч Курышка.
Супрацоўнікі вельмі здзівіліся: як мог праляжаць нагарышчы чамадан з рэдкімі дакументамі, некранутымі амаль 70 гадоў?! Цяпер унікальную знаходку можна ўбачыць у зале, прысвечанай польскаму перыяду ў гісторыі крэпасці.
А літаральна днямі ў музейныя фонды трапілі гімнасцёрка, сарочка, ватоўка, чаравікі — мужчынскія і жаночыя, усё — у добрым стане. Такое ваеннае абмундзіраванне насілі ў 1941 годзе. Супрацоўнікі музея, як і раней, вядуць перапіску з абаронцамі крэпасці і іх сем’ямі, па драбніцы ўзнаўляюць падзеі і лёсы, абпаленыя Вялікай Айчыннай. Сёння ў розных кутках колішняга Савецкага Саюза пражываюць каля 80 абаронцаў крэпасці. Іх дзеці і ўнукі наведваюць Брэст, каб сэрцам дакрануцца да тых мясцін, дзе змагаліся іх бацькі і дзяды.
Музей ужо шмат гадоў падтрымлівае стасункі з сям’ёй Героя Савецкага Саюза, генерала-лейтэнанта Дзмітрыя Карбышава. Сярод апошніх паступленняў — дакументы, фатаграфіі, лісты і ўпершыню атрыманыя асабістыя рэчы сям’і Дзмітрыя Міхайлавіча, закатаванага ў канцлагеры Маўтхаўзен 18 лютага 1945 года.
З 2006-га пачаўся актыўны збор матэрыялаў пра савецкіх ваеннапалонных — удзельнікаў баёў у час абароны Брэсцкай крэпасці. Гэтая малавядомая тэма вывела музейшчыкаў на супрацоўніцтва з нямецкімі калегамі з аб’яднання “Саксонскія мемарыялы”.
З рарытэтамі — на выезд!Пра 170-гадовую гісторыю крэпасці, якая пачынаецца 1 чэрвеня 1836 года, калі была закладзена памятная дошка і шкатулка з манетамі, сведчаць больш за 80 тысяч розных прадметаў мірнага і ваеннага часу. І толькі 5 працэнтаў з іх размешчаны ў 10 залах музея, экспазіцыі якіх пастаянна абнаўляюцца. Як наблізіць гісторыю да патэнцыйнага наведвальніка? Як пашырыць кола тых неабыякавых людзей (а на сёння іх 190 тысяч чалавек), якія штогод прыязджаюць і прыходзяць у крэпасць? Адказ на гэтыя пытанні супрацоўнікі музея бачаць у стварэнні перасоўнай фотавыстаўкі “Брэсцкая крэпасць — дарогамі памяці”, прадстаўленай напрыканцы мая грамадскасці Брэста. У стварэнні эксклюзіўнай выстаўкі ёсць унёсак і мінскага мастака Юрыя Сухава. Экспазіцыя з 230 фатаграфій, лістоў, ваенных узнагарод і дакументаў унікальная тым, што дае цэласнае ўяўленне аб асноўных этапах і падзеях у гісторыі крэпасці: гэтаперыяд будаўніцтва, ваенныя дзеянні Першай сусветнай вайны, польскі перыяд, пачатак Вялікай Айчыннай, мірнае жыццё і капітальны рамонт мемарыяла. Ілюстрацыйны матэрыял размешчаны на 23 планшэтах, зручных для зборкі і лёгкіх для транспарціроўкі. Бяры — і вандруй па гарадах і вёсках, школах і арганізацыях Брэстчыны ды ўсёй рэспублікі! Былі б толькі заяўкі. Першую экскурсію па выстаўцы на яе прэзентацыі правяла старшы навуковы супрацоўнік мемарыяла Алена Грыцук. А першы выезд у свет адбыўся на выстаўку турыстычных магчымасцей рэгіёна “Турызм і адпачынак” у лёгкаатлетычны манеж Брэста.
Хлопчыкі малююць ПерамогуЗ крэпасцю і яе героямі звязана творчая акцыя “Малююць дзеці”, якая ладзілася па ініцыятыве адміністрацыі мемарыяла ў супрацоўніцтве з аддзеламі адукацыі і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама, а таксама з Брэсцкім ГК ГА “БРСМ” і Брэсцкім гарадскім цэнтрам пазашкольнай работы. Удзельнікамі сталі навучэнцы сярэдняй школы № 10 з архітэктурна-мастацкім ухілам і выхаванцы студый выяўленчай творчасці пазашкольных устаноў абласнога цэнтра. Юныя мастакі з ватманамі і мальбертамі размясціліся ў крэпасці на беразе Мухаўца і старанна фантазіравалі на зададзеныя тэмы: “Тут першы крок свой зрабіла вайна”, “Хлопчыкі бессмяротнага Брэста”, “Вахта памяці юных сэрцаў”, “Франтавікі, надзеньце ордэны”, “Дзень Перамогі — Дзень міру”, “А над Брэстам цішыня такая...”, “Няхай заўжды будзе сонца!” — прастора для творчасці была бязмежнай. За свае мастацкія старанні ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі з сімваламі акцыі і памятнымі сувенірамі.
А як яны малявалі Перамогу і яе герояў, можна паглядзець у “выставачнай зале ля Холмскіх варотаў”. Выстаўка адкрылася 18 чэрвеня.
Рыхтуецца яшчэ адна выстаўка — “Памяць, увасобленая ў метале” з калекцыі фалерыстыкі з фондаў. Тэматыка даволі разнастайная. Яе складаюць значкі пра Брэсцкую крэпасць і Брэст, выпушчаныя ў розныя гады, значкі з адлюстраваннем гарадоў-герояў і буйных бітваў Вялікай Айчыннай вайны.
Цягам дзесяткаў гадоў калекцыя папаўнялася за кошт сродкаў мемарыяла. Значкі і медалі дарылі наведвальнікі крэпасці: жыхарырозных гарадоў, навучэнцы, ветэраны вайны, абаронцы крэпасці і іх родзічы — удовы, дзеці.
Сярод экспанатаў можна ўбачыць памятныя медалі “Міжнародны лёгкаатлетычны прабег “Масква — Брэст — Масква-2005” у гонар 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “Мамаеў курган. Валгаград. Стаялі насмерць”, набор сувенірных медалёў “Брэсцкая крэпасць-герой”, значок “Дзмітрый Карбышаў. 1880 — 1945”.
Галоўная падзея апошніх дзён, да якой рыхтуюцца ў крэпасці, — сустрэча ўдзельнікаў турыстычнага цягніка Міжнароднай патрыятычнай акцыі “Дзень памяці і жалобы” з Масквы. Чакаецца 400 гасцей, сярод якіх — 56 ветэранаў.
22 чэрвеня ганаровыя госці стануць удзельнікамі мнагалюднага мітынгу-рэквіема і ганаровай лінейкі. У гэты дзень традыцыяй сталася сустракаць а чацвёртай гадзіне раніцы мірныя світанкі і ўшаноўваць памяць загінуўшых, тых, хто цаною жыцця наблізіў Перамогу.
Алена КАПАЧОВА
Брэст