Тры праекты з безлічы

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адзначаны Спецыяльнай прэміяй за рэалізацыю творчых праектаў, накіраваных на развіццё здольнасцяў таленавітых дзяцей і моладзі. Сярод іх такія, як “Талент краіны”, “Дакрананне”, “Велікодны фестываль” і іншыя.

/i/content/pi/cult/674/14859/3.jpg— Гэта далёка не першая высокая ўзнагарода ў нашых сценах, — адзначае доктар мастацтвазнаўства, прафесар, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава. — Уладальнікамі самых разнастайных прэмій штогод станавіліся асобныя музыканты, педагогі Акадэміі музыкі. Але ўпершыню адзначаны ўвесь калектыў — адна з самых маленькіх ВНУ, паводле колькасці студэнтаў і выкладчыкаў. А між тым, многія з тых, хто прысутнічаў у зале ці глядзеў тэлетрансляцыю, заўважылі, што праграма святочнага канцэрта, прымеркаванага да ўрачыстасці, сведчыла не толькі пра духоўнае адраджэнне нацыі, але і пра наш у гэта ўнёсак: і на сцэне, і ў аркестравай яме былі скрозь выхаванцы Акадэміі. Наша праца была відавочна нават у выступленнях навучэнцаў харэаграфічнай гімназіі-каледжа, бо сярод іх педагогаў ёсць і кансерваторскія выпускнікі.

Мы вельмі ўдзячны Міністэрству культуры, бо менавіта там, на пасяджэнні калегіі, прагучала на наш адрас прапанова вылучыць свае праекты на такую высокую ўзнагароду. Наша падзяка — усім, хто нам дапамагаў і дапамагае. Мая асабістая — калектыву, уключаючы супрацоўнікаў усіх падраздзяленняў. Калі пачалі збіраць дакументы, падсумоўваць усё зробленае, я сама здзівілася, якую папраўдзе грандыёзную работу вядзе Акадэмія: безліч канцэртаў, конкурсаў, фестываляў, канферэнцый, сумесных праектаў з замежнымі ВНУ-партнёрамі. За адзін толькі год — ажно 18 друкаваных выданняў, сярод якіх энцыклапедыя, факсіміле, нотадрукі, не гаворачы пра зборнікі ды манаграфіі. І ўсё гэта — у дадатак да асноўнай дзейнасці, уласна выкладчыцкай.

На прэмію былі вылучаны толькі тры праекты — тыя, што больш на слыху і атрымалі найбольшае грамадскае прызнанне. Два з іх рыхтавалі самастойна. Гэта Велікодны фестываль, які прайшоў на нашай сцэне, і “Дакрананне” (шэсць канцэртаў у Мінску, Салігорску, Маладзечне, Барысаве), што зрабіла больш відавочнай нашу працу — ладзіць выступленні, у тым ліку, для дзяцей з дамоў-інтэрнатаў. Самым маштабным аказаўся трэці праект — “Талент краіны”, праведзены сумесна з АНТ, дзякуючы чаму мы атрымалі шматмільённую аўдыторыю па ўсёй краіне і за яе межамі. За два гады праз гэты конкурс прайшлі амаль 4 тысячы дзяцей. Нашы выкладчыкі працавалі як эксперты, члены журы, арганізатары — нарэшце, як педагогі, якія рыхтавалі некаторых удзельнікаў, аказвалі дапамогу пры далейшай прафесійнай арыентацыі. Бо вельмі важна не толькі знайсці адораных дзяцей, але і забяспечыць далейшае развіццё іх таленту.

Мы вельмі рады, што такія праекты садзейнічаюць папулярызацыі музыкі, прапагандзе акадэмічнага мастацтва. Праз гэтыя захады найлепшыя студэнты і, шырэй, музыканты акадэмічнага кірунку становяцца медыйнымі персонамі: зусім невыпадкова я выходзіла атрымліваць дыплом разам з магістрантам Акадэміі, пераможцам міжнародных конкурсаў, лаўрэатам і стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, віяланчэлістам Міхаілам Радунскім.

Сцішваць сваю дзейнасць не збіраемся. Наадварот, будзем пашыраць! Так, да Велікоднага фестывалю сёлета далучыцца Велікапосны — суцэльны Тыдзень велікапосных канцэртаў, традыцыя правядзення якіх здаўна існавала ў культуры, ды была перапынена. Будзе восем канцэртаў, пераважна харавых: выступяць калектывы, якімі кіруюць нашы выхаванцы. Працягнем супрацоўніцтва з ВНУ-партнёрамі, да якіх далучацца новыя. Бо таленавітую моладзь трэба падтрымліваць на ўсіх узроўнях: не толькі ў маленстве, калі робяцца першыя крокі, але і на стадыі працаўладкавання, каб кожны адораны музыкант знайшоў найбольш аптымальнае прымяненне сваім здольнасцям.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"