Надвор’е ў Верхнім горадзе

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Фестывалі сямейнага адпачынку, дні нацыянальных культур, вулічныя паказы мод, шматгадзінныя канцэрты — падчас летняга музычна-турыстычнага сезону жыццё ў сталічным Верхнім горадзе віруе з кожным годам усё актыўней. За праекты, скіраваныя на ажыўленне пешаходнага квартала, Спецыяльнай прэміяй адзначаны калектыў "Мінскканцэрта".

— Такая высокая ўзнагарода, безумоўна, стымулюе, скіроўвае на далейшае развіццё і ўдасканаленне нашай працы, — кажа Андрэй МІКУЦЭВІЧ, дырэктар Дзяржаўнай установы “Мінскканцэрт”. — Тое, што Верхні горад стаў віраваць разнастайнымі культурнымі праектамі, важна не толькі для развіцця турызму, але і для саміх мінчан. Бо гэта развівае і іх уласны творчы патэнцыял, спрыяе агульнаму ўздыму культуры горада, пашырае яго мастацкую аўру.

Музыка не ўпершыню загучала ля ратушы: такія імпрэзы мы рабілі ўжо некалькі гадоў запар. Асаблівасцю 2017 года стала тое, што ўпершыню ў летні сезон па суботах там пачалі ладзіцца праграмы працягласцю не на пару гадзін, а на ўвесь дзень — з ранку да позняга вечара. З’явіліся новыя праекты, прычым самага рознага кшталту — не толькі ўласна музыка. Напрыклад, “Мінск — горад прыгажосці”, дзе былі і паказ модных калекцый ад беларускіх дызайнераў, і дэманстрацыя прычосак, і магчымасць бясплатна скарыстацца паслугамі цырульнікаў (праўда, пакуль выключна для мужчын). Шырока адзначаўся Дзень абароны дзяцей: яму была прысвечана цэлая серыя мерапрыемстваў.

А наколькі больш маштабнымі сталі святкаванні Дзён нацыянальных культур! Спробы рэалізаваць гэты праект, паказаць у беларускай сталіцы ўсю размаітасць культур тых народаў, што ў нас пражываюць (і, шырэй, народаў свету), пачаліся яшчэ ў 2016-м. Летась яны пашырыліся: дзённыя праграмы сталі натуральна пераходзіць у вячэрнія, прычым з запрашэннем знакамітых калектываў тых краін, чый Дзень адзначаецца. Зразумела, у гэтым нам вельмі дапамагалі амбасады. Супрацоўніцтва з імі працягнецца і пашырыцца, што дазволіць сёлета зрабіць гэты праект яшчэ больш прыцягальным і запамінальным.

Планка ўзята высокая, зніжаць яе не збіраемся — наадварот, будзем імкнуцца да новых вяршыняў. Ужо цяпер вядуцца перамовы і па джазавых праграмах, і па музычнай класіцы. Вядома, з’явяцца і новыя праекты. Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але сёлетні музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе будзе гарачым — незалежна ад надвор’я.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"