“Убачыць Зямлю ўсю”

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Я перакананы, што гэты чалавек — асоба ўнікальная. Шчыры патрыёт зямлі беларускай — без дэманстрацыі напаказ; мужны партызан Вялікай Айчыннай; бліскучы жывапісец і педагог-прафесар, з-пад крыла якога выйшлі некалькі пакаленняў творцаў; суразмоўца, з якім можна гаварыць бясконца не толькі ўласна пра “справу жыцця” — выяўленчую культуру, а і наогул пра “філасофію быцця”: ад таямніц космасу да сутнасці ваеннай прозы Васіля Быкава, партрэт якога мастак калісьці намаляваў з натуры. А яшчэ ён здольны мемуарыст і сумленная ды прынцыповая асоба з моцным маральным стрыжнем. Не буду інтрыгаваць чытача: гэты чалавек — народны мастак краіны Віктар Аляксандравіч ГРАМЫКА, якому 2 студзеня 2018 года спаўняецца 95!

/i/content/pi/cult/672/14851/12.jpgДавер да гледача

Жывапісец яркай метафарычнасці і складанай алегарычнасці, у сваіх лепшых фігуратыўных карцінах і панарамных пейзажах ён заўсёды імкнецца да шматпланавага змястоўнага падтэксту. А падтэкст, больш дакладна — дэвіз, у яго адзіны ў сваім родзе — “Убачыць Зямлю ўсю”, які можна з поўным правам аднесці цалкам да мастацтва Віктара Аляксандравіча. Бо гэтая Зямля з вялікай літары — галоўная і асноватворная тэма яго мастакоўскага жыцця: зямля, абпаленая агнём вайны і палітая крывёю; зямля, абноўленая пасля Перамогі; зямля і на ёй — чалавек, цудоўны ў сваёй існасці і дабрыні.

Канешне ж, Віктар Грамыка перш за ўсё — пясняр подзвігу чалавека на вайне. І гэты подзвіг ён бліскуча адлюстраваў не толькі ў сімволіка-алегарычных шматфігурных палотнах, але і ў “карцінных” пейзажах-сімфоніях, якія ён вар’іраваў у розных эмацыйных ключах. Яны звязаныя з памяццю пра пражытае і прачулае ў мінулай вайне, бо нялёгкае партызанскае юнацтва — заўсёды ў ягоным сэрцы. І плынь гадоў гэтае пачуццё не сцірае, а часам нават абвастрае, і тады рука міжволі цягнецца да пэндзля або да пісьменніцкага пяра (згадаем яго цікавую кнігу ўспамінаў “Вясёлка над дарогай”!).

Віктар Грамыка — рэаліст-рамантык, які выпрацаваў гераічны, узвышаны лад мыслення, дзе жыццёвая праўда неаддзельная ад мары, а эпас — ад пранізлівай лірыкі. Партызанская маладосць падарыла мастаку такую магчымасць — і сама атрымала ў ягоных творах сваё высокаэстэтычнае ўвасабленне. Таму работы гэтыя заўсёды сучасныя: ад знакамітых палотнаў “Салдаты”, “Песня пра мой атрад”, “Яблыкі ўраджаю 1941 года”, “Успамін пра нарачанскую пераправу”, “Разведчыкам майго палка прысвячаю” — да эпічных пейзажных карцін “Над старымі акопамі — цішыня”, “І неба над намі”, “Зямля”, “Зямля беларуская”, “Дарогі залатой восені”, “Вясёлка над храмам”... Сучаснасць гэтая — у іх адкрытасці, у даверы мастака да гледача, у майстэрстве зрабіць яго давераным сваіх пачуццяў. У гэтым заключаецца вялікае прынцыповае значэнне і каштоўнасць творчасці Майстра.

Я добра ведаю Віктара Аляксандравіча, амаль дзесяць гадоў працаваў з ім у апараце Саюза мастакоў БССР (а ён двойчы ўзначальваў гэтую творчую арганізацыю), часта сустракаўся з мастаком у яго майстэрні і на кватэры ў нашым “сурганаўскім” доме, разам мы рыхтавалі матэрыялы да розных мастацкіх пленумаў і з’ездаў. Таму мне ёсць што расказаць пра яго.

Памяць, глыбокая як калодзеж

Якія б мы праблемы ні закраналі, тэма мінулай вайны заўсёды выходзіла ў нашых гутарках на першы план. І гэта зразумела. Вось яго поўны паслужны спіс баявой дзейнасці ў час Вялікай Айчыннай: член падпольнай групы антыфашысцкага супраціўлення ў Оршы, разведчык аднаго з атрадаў брыгады “Дзядзі Косці” — Канстанціна Заслонава, кулямётчык, камісар 13-га атрада Смаленскага палка асобага прызначэння, адказны сакратар партызанскай газеты “Народны мсцівец”.

У 1967 годзе Грамыка прадставіў гледачу карціну “Салдаты”. Пасля яго дыпломнай работы ў БДТМІ “Дарога мсціўцаў” гэта была другая кампазіцыя пра мінулую вайну. Тры таварышы-ветэраны — быццам жывы помнік, падножжам якому служыць сферычная зямля — стаяць на ўзгорку на фоне велізарнага, на ўсё палатно, ружаватага неба з белаватымі аблокамі. Двое — з гранёнымі шклянкамі, трэці — з алюмініевай конаўкай. У глыбокім маўчанні кожны ўспамінае палеглых аднапалчан на той самай палітай крывёю зямлі, дзе яны калісьці змагаліся з ворагам. Урачыстая трызна ўчарашніх салдат, чалавечных і чыстых сэрцам. Хвалюючая мізансцэна…

/i/content/pi/cult/672/14851/13.jpgАднак колькі было спрэчак і дыскусій вакол гэтага палатна! Мастака безапеляцыйна абвінавацілі ў “агрубленні рэчаіснасці” і ледзь не ў прапагандзе... алкагалізму. Які, маўляў, прыклад для моладзі? З пазіцыі “причесанности”, якой надзяляліся многія тагачасныя сусальныя карціны з ваеннымі сюжэтамі, падобныя папрокі былі прывычна зразумелыя. Але штабелі прыкра-парадных пастаралей пра вайну, якіх у тыя часы было вельмі шмат, даўно адышлі ў нябыт, а палатно “Салдаты” і па сёння засталося пранізліва-глыбокай “насечкай” у выяўленчай культуры Беларусі.

“А памяць, як калодзеж, глыбокая...” Гэта радок песні Уладзіміра Высоцкага. Так, усё далей ад нас вайна. Хутка адзначым 73 гады з дня яе заканчэння. Але вось з часам яна нібы пачынае набліжацца да нас, успамінаецца ўсё часцей і ўсё больш пранізліва менавіта ў першыя дні мая, калі апошнія ветэраны падымаюць келіхі за Перамогу нашу вялікую. Сярод іх, ацалелых у жорсткіх баях, і Віктар Грамыка — пясняр партызанскіх подзвігаў і драм — і яго равеснік, былы салдат Вялікай Айчыннай Леанід Шчамялёў, які ў лютым 2018-га таксама адзначыць свой 95-ты юбілей.

І тут не адняць, не дадаць. Бо менавіта чысты парыў любові да сваёй Бацькаўшчыны — і ў аднаго, і ў другога — быў тым самым унутраным компасам, які прывёў іх ад цяжкіх ваенных нягодаў да святла Яго Вялікасці Мастацтва. Верагодна, быў у іх свой анёл-ахоўнік, які збярог абодвух для нашай культуры, для сям’і, для радзімы...

Дык вось, мінулае мастака Грамыкі, яго баявая партызанская маладосць, незагойныя раны вайны — не проста ўспаміны. Гэта нібы люстэрка яго сённяшніх думак і перажыванняў. “Крывыя люстэркі” непрымальныя для яго характару.

Боль і мужнасць

Для Грамыкі гісторыя ніколі не была аддзелена ад рэальнага жыцця. Не патэтычная гераізацыя, не подзвіг як канкрэтны ўчынак, але здольнасць чалавека перад абліччам выпрабаванняў раскрыць сваю сапраўдную сутнасць — вось тое, што накіроўвала аўтара да асэнсавання вобразаў. А ў іх зліваліся разам і боль, і беды, і мужнасць, і цяжар вайны. У сваёй выспаведанай творчасці ён пастаянна вяртаўся не да канстатацыі факта, а да яго асэнсавання-сімвалізацыі, пераводу з канкрэтнага вымярэння ва ўніверсальнае і заўсёды існае.

Партызанская тэма стала тым зборным вобразам, у якім мастак бачыў перш за ўсё свабодны, непераможны, незламаны дух. Уласная памяць вяртала да таго святога і незабыўнага, што перажыў сам мастак у пачатку вайны, потым у Аршанскім падполлі і ў партызанскіх лясах Віцебшчыны.

/i/content/pi/cult/672/14851/14.jpgПраз гады ён увасобіў гэтыя ўспаміны ў карціне, якая стала адной з найлепшых у яго творчасці, — “1941 год. Над Прыпяццю”. Вось што сказаў пра яе Міхаіл Савіцкі, таксама ветэран вайны і сябра мастака: “Я веру, нашчадкі нашы, як і сучасная моладзь, запаволяць крок перад вобразам палеглага ў баі воіна-памежніка, вобразам сімвалічна ёмістым і ў той самы час гістарычна канкрэтным; перад вобразам акамянелай у смутку жанчыны на прыпяцкім пяску; пачуюць той голас дзяўчынкі, што выбухае па-над цёмнай ракой, клічучы перавоз, які і праз гады, дзесяцігоддзі стаіць у вушах. Нашчадкі схіляць галовы перад высокай самаадданасцю ўсіх жанчын, для якіх абарона Айчыны была сэнсам жыцця”. Лепш і не скажаш…

Віктар Грамыка дасягнуў уражвальных мастацкіх вяршынь і ў сваіх пейзажах, у якіх ён прыйшоў да своеасаблівай “сімфанічнай манументальнасці”, не губляючы пры гэтым лірічнай чысціні аголеных чалавечых пачуццяў. У выніку складваецца новы аўтарскі выяўленчы свет, які не толькі строга суаднесены з рэальнасцю, але і надзелены сваімі ўнутранымі вобразна-пластычнымі законамі. Яны дапускаюць шырокае і свабоднае пераасэнсаванне натуры. Невыпадкова такія пранізлівыя пейзажна-карцінныя палотны, як “Ільны беларускія”, “Глубелька — сэрца блакітных азёр Беларусі” ці “Чырвоныя землі
Полаччыны”, назаўсёды ўвайшлі ў залаты фонд айчыннага жывапісу.

Квінтэсенцыя мастакоўскага і грамадзянскга крэда — у шматпланавай творчасці Віктара Грамыкі. Гэта знакавая з’ява ў беларускай нацыянальнай культуры, адкрытая кніга гуманізму і вечных чалавечых каштоўнасцяў. І сапраўдная народнасць народнага мастака...

Барыс КРЭПАК

Рэдакцыя “К” зычыць Віктару Аляксандравічу перш за ўсё добрага здароўя і святочнага настрою ў юбілейныя дні!