Парасткі будучыні

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Топ-5 новых музеяў 2017 года
Паводле дадзеных ІСОМ, у 202 краінах свету ў наш час існуе 55 тысяч музеяў. І кожны год іх колькасць павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. На розных рэгіянальных, нацыянальных і сусветных форумах прадстаўнікі музейнай супольнасці працягваюць абмяркоўваць розныя мадэлі ўстаноў будучыні. Прэваліруе разуменне музея не як інстытуцыі, якая абцяжарвае нацыянальную эканоміку, але як лакаматыва культурнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця. Парасткі будучыні можна ўбачыць у сённяшніх наватарскіх праектах, аўтары якіх спрабуюць пашырыць паняцце “музейная архітэктура”, зразумець запыты наведвальніка, выкарыстаць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Нарэшце, стаць арганічнай часткай сучаснага жыцця, а не толькі захавальнікам мінулага.

/i/content/pi/cult/672/14850/11.jpg1. Музей ЭКСПА (КНР)

У лістападзе 2010 года Міжнароднае бюро выстаў са штаб-кватэрай у Парыжы прыняла рашэнне, прызнанае гістарычным, — аб стварэнні ў Шанхаі першага ў свеце музея, прысвечанага Сусветным выставам. 1 мая 2017 года ён адчыніў дзверы ў кітайскім мегаполісе, адразу прыцягнуўшы ўвагу сваімі экспанатамі, якія ўвасабляюць усё багацце навукова-тэхнічных і культурных дасягненняў сусветнай супольнасці, Музейны комплекс размяшчаецца ў гарадскім раёне Пусі — на тым самым месцы, дзе сем гадоў таму стартавала ЭКСПА “Шанхай-2010”.

Стварэнне музея стала вынікам сумесных намаганняў урада горада і Міжнароднага бюро выстаў. Канцэптуальна ён разумеецца як “база ведаў пра культуру ЭКСПА і звязаныя з сусветнымі выставамі інавацыі”. Стацыянарная экспазіцыя музейнага комплексу складаецца з 8 залаў агульнай плошчай 9000 квадратных метраў, дзе кожная прысвечана асобнай тэме. У напаўненні залаў удзельнічалі 28 навуковых і грамадскіх інстытуцый з 12 краін. Акрамя стацыянарнай экспазіцыі, наведвальнікам прапануецца тры выставачныя павільёны агульнай плошчай 3 тысячы квадратных метраў. Навуковае і мастацкае праектаванне экспазіцыі выканала міжнародная каманда з кітайскіх, іспанскіх і італьянскіх спецыялістаў. Пра інтэрнацыянальны характар музея сведчыць той факт, што ўсе культурна-адукацыйныя паслугі ў ім дубліруюцца ў поўным аб’ёме на англійскай мове.

2. Луўр у Абу-Дабі (ААЭ)

11 лістапада 2017 года адбылося адкрыццё музея на востраве Саадыят, будаўніцтва якога пачалося ў 2009 годзе. Агульная плошча перавышае 24 тысячы квадратных метраў, каштарыс складае, паводле розных ацэнак, 83 — 107 мільёнаў еўра. Архітэктар Жан Нувель запраектаваў шкляны дах дыяметрам 180 метраў, а таксама ўнутраныя водныя каналы, што стварае ілюзію знаходжання наведвальніка пад адкрытым небам і адначасова ў адкрытым моры.

У экспазіцыі можна будзе ўбачыць 300 твораў мастацтва розных эпох і цывілізацый, у тым ліку такія шэдэўры, як “Цудоўная Фераньера” Леанарда да Вінчы, “Напалеон на перавале Сэн-Бернар” Жака-Луі Давіда, “Аўтапартрэт” Ван Гога, “Вакзал Сэн Лазар” Клода Манэ, карціны Пікаса, Гагена, Магрыта. Гэтыя творы былі арандаваныя ў Луўры, Музеі Арсэ, Музеі Гімэ, Версалі, Фантэнбло, Цэнтры Жоржа Пампіду за плату, якая складзе каля 750 мільёнаў еўра. Яшчэ паўмільёна еўра Абу-Дабі абышлося права выкарыстоўваць у назве свайго музея слова “Луўр”, а таксама дапамога французскіх кіраўнічых структур на чале з дырэктарам Мануэлем Рабатэ. Штогод парыжане будуць праводзіць у Абу-Дабі па чатыры мастацкія выставы. У адваротны бок, адпаведна дамоўленасці, пойдуць сур’ёзныя інвестыцыі ў французскую энергетыку, транспарт, ядзерныя, касмічныя і авіяцыйныя тэхналогіі.

Апошнім часам праект “Луўр у Абу-Дабі” моцна крытыкавала французская экспертная супольнасць за яго відавочна камерцыйны характар, а таксама за даступнасць экспазіцый пераважна мясцовай і міжнароднай эліце. Тым не менш, востраў Саадыят неўзабаве стане сапраўды “музейным”, бо акрамя “Луўра ў Абу-Дабі”, на ім размесцяцца філіял Музея Саламона Гугенхайма і Нацыянальны гістарычны музей шэйха Саіда.

3. Музей Другой сусветнай вайны (Польшча)

Яго адкрыццё адбылося 23 сакавіка 2017 года ў Гданьску. Ідэя стварэння музея, які б у сваёй экспазіцыі распавядаў пра падзеі Другой сусветнай у глабальным маштабе, належала тагачаснаму прэм’ер-міністру Польшчы Дональду Туску. У 2007 годзе яна ўвасобілася ў адпаведнае рашэнне ўраду краіны, які выдзеліў на яе рэалізацыю 115 мільёнаў еўра. Тады ж арггрупа па стварэнні музея пад кіраўніцтвам прафесара Паўла Махцэвіча распачала камплектаванне яго фондавага збору ў розных краінах — удзельніцах вайны. У 2012 годзе па праекце Яцэка Доршча пачалося ўзвядзенне музейнага будынка, галоўная частка якога знаходзіцца пад зямлёй. Драматычнае мінулае ўвасабляецца з дапамогай дзвюх з паловай тысяч экспанатаў і 250 мультымедыйных аб’ектаў, размешчаных на плошчы 5 тысяч квадратных метраў. Сучаснасць, паводле задумы архітэктара, павінна сімвалізаваць прылеглая да будынку тэрыторыя. А будучыню — вежа, якая прызначана для культурна-адукацыйнай дзейнасці.

У 2015 годзе, калі будынак музея ўжо быў скончаны і адбываўся працэс мантажу экспазіцыі, да ўлады ў краіне прыйшла правая партыя “Права і справядлівасць”. Яе кіраўніцтву не спадабалася ліберальна-касмапалітычная канцэпцыя экспазіцыі музея, а таксама бесстаронні аповед пра вайну і ўцягнутыя ў яе народы. Неўзабаве прагучалі патрабаванні адкарэктаваць канцэпцыю музея, але яго дырэкцыя разам з міжнароднай Вучонай радай адстойвалі ўласную пазіцыю. У выніку некалькіх судовых разбіральніцтваў Музей Другой сусветнай вайны аб’ядналі з іншай гданьскай музейнай установай — Музеем Вестэрплятэ, які распавядае менавіта пра гераізм польскіх салдат.

4. Музей сучаснага мастацтва (ПАР)

Урачыстасці з нагоды адкрыцця найбуйнейшага на афрыканскім кантыненце Музея сучаснага мастацтва (МОСАА) адбыліся 6 кастрычніка ў найпрыгожым і найпапулярным сярод турыстаў горадзе Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі — Кейптаўне. Падмурак фондавага збору музея склала прыватная калекцыя афрыканскага мастацтва вядомага нямецкага бізнесмена Ёхана Цайца. Паўднёваафрыканская інвестыцыйная карпарацыя перадала пад музей будынак былога элеватара ў гістарычнай частцы горада. Конкурс на яго рэканструкцыю і пераўтварэнне ў музей выйграў англійскі архітэктар і дызайнер Томас Хезэрвік.

Адпаведна праекту, на сямі з дзевяці паверхаў будынка агульнай плошчай 9,5 тысяч квадратных метраў у бліжэйшы час будзе разгорнутая стацыянарная экспазіцыя плошчай у 6 тысяч квадратных метраў. Паводле слоў дырэктара музея Марка Куцзье, яна спраектаваная такім чынам, каб стварыць панараму сучаснага мастацтва на ўсім афрыканскім кантыненце. Карціны, скульптуры, інсталяцыі размесцяцца ў адкрытай, асветленай праз шкляны дах прасторы белага колеру. Арганічнай яе часткай будуць восем бетонных труб былога элеватара, які Хезэрвік лічыць помнікам індустрыяльнай архітэктуры. Акрамя экспазіцыйных залаў, а таксама памяшкання пад фондасховішча, маецца рэкрэацыйная зона з кіназалай, бібліятэкай, а таксама рэстаранам на даху будынка, адкуль адкрываецца маляўнічы від на кейптаўнскую бухту. У Музея сучаснага мастацтва ёсць філіял “Сэгера” ў Кеніі, дзе, акрамя экспазіцыі твораў афрыканскага мастацтва, працуе рэзідэнцыя для маладых мастакоў.

5. Музей амерыканскай рэвалюцыі (ЗША)

Ці не самым “гістарычным” горадам ЗША з’яўляецца першая сталіца краіны Філадэльфія. Тут у 1776 годзе была прынята Дэкларацыя незалежнасці, а ў 1787 годзе ўхвалены тэкст дзейнай Канстытуцыі ЗША. І вось, 19 красавіка 2017 года там адкрыўся Музей рэвалюцыі. Дзень быў абраны невыпадкова. Менавіта 19 красавіка 1775 года адбылася першая важная падзея Вайны за незалежнасць, а менавіта бітва паміж паўстанцамі і англічанамі пры Лексінгтане.

Для музея быў узведзены спецыяльны трохпавярховы будынак агульнай плошчай у 50 тысяч квадратных метраў, які ўжо стаў аб’ектам крытыкі. Аснову фондавага збору новага музея склалі калекцыі мясцовага гістарычнага таварыства, якія назапашваліся цягам усяго ХХ стагоддзя.

Першыя наведвальнікі ўбачылі стацыянарную экспазіцыю, спраектаваную паводле тэматыка-храналагічнага прынцыпу з відавочнымі элементамі тэатралізацыі. Найбольшую цікавасць выклікаюць такія экспанаты, як бостанскае дрэва свабоды, паходны намёт Джорджа Вашынгтона, сцяг галоўнакамандуючага войска паўстанцаў. Стваральнікі экспазіцыі ўзнялі шэраг малавывучаных пытанняў гісторыі амерыканскай рэвалюцыі — напрыклад, удзел у ёй жанчын, афраамерыканцаў, індзейцаў.

Як мяркуецца, музей штогадова будзе прымаць паўмільёна наведвальнікаў. Акрамя стацыянарнай экспазіцыі, ім прапаноўваецца наведаць выставачную залу, музейны тэатр, а таксама ўнутраны двор з садам скульптур і кавярняй. Па словах прэзідэнта музея Майкла Квіна, яго стварэнне абышлося ў 150 мільёнаў долараў, прычым большую частку гэтай сумы склалі прыватныя ахвяраванні амерыканцаў.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ,
доктар гістарычных
навук, прафесар