Тук, тук. Хто там? Снегавік!

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Хочацца лёгкага марозчыку і нетаропкага прыгожага снегападу. Без гэтага якая казка Новага года? Спрэс проза дажджлівага золкага снежня. Дзятва на двары разы тры спрабавала вылепіць снегавіка, атрымлівалася нешта бруднае, сюррэалістычнае. І так па ўсёй Беларусі. Вось у якіх умовах даводзіцца працаваць нашым работнікам культуры. Але трэба аддаць ім належнае: з абавязкамі сваімі яны спраўляюцца на “выдатна”: ствараюць казачны навагодні настрой.

/i/content/pi/cult/672/14846/8.jpgУ Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў, да прыкладу, працуе выстава “Цуд на Каляды”. Ладзяцца майстар-класы па вырабе казы і зоркі, павука, калядных масак і вянкоў, паштовак з выцінанак. У гэтых мерапрыемствах актыўны ўдзел бяруць сябры народнага клуба майстроў “Багач”. А на шчодры вечар, паведамляе дырэктар РДР Маргарыта Саламевіч, да работнікаў культуры раённага цэнтра завітаюць сельскія фальклорныя калектывы. Будзем спадзявацца, што да гэтага часу надвор’е таксама стане святочным.

Андрэй Струнчанка піша: “У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці дзейнічае абласная выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Карнавал масак”. Экспануюцца выцінанка, саломкапляценне, мастацкі роспіс, аўтарская лялька, кераміка, вышыўка, сюжэтныя кампазіцыі і арт-аб’екты на навагоднюю тэму. Падчас вернісажу выставу аздобілі выступленні народнага харэаграфічнага калектыву “Карнавал” унітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” і ўзорны тэатр моды “Дзіва” Віцебскага гарадскога цэнтра дзяцей і моладзі”.

У Магілёве ладзіўся конкурс мастацтваў “Art Kids”. Наш актыўны пазаштатны аўтар, настаўнік дзіцячай школы мастацтваў № 3 Барані Наталля Латышава паведамляе, што ад гэтай установы ў конкурсе бралі ўдзел і атрымалі дыплом ІІ ступені навучэнцы харэаграфічнага аддзялення: малодшая і старэйшая групы танцавальнага калектыву Online, а таксама — ансамблі “Фіксікі” ды “Калейдаскоп”, якія адзначаны дыпломамі трэцяй ступені.

Інфармацыя ад аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Гаворка — пра гарадское тэатралізаванае свята “Навагодні карнавал” з цырымоніяй урачыстага запальвання галоўнай ёлкі раённага цэнтра. На свяце выступілі дзіцячыя творчыя калектывы раёна.

На Аўгустоўскім канале пачалі дзейнічаць сцежка казак, алея пор года, навагодняя пошта, казачныя сані, якім ужо больш за паўстагоддзя. Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык распавядае, што непадалёк ад шлюзу “Дамброўка”, у вёсцы Кадыш, пасяліўся Дзядок-Лесавік, які частуе ахвотных гарбатай ды блінцамі. У названых мерапрыемствах бяруць актыўны ўдзел работнікі Сапоцкінскай гарпасялковай, Квасоўскай, Свіслацкай, Раціцкай, Падлабенскай сельскіх бібліятэк Гродзенскага раёна.

І яшчэ адна інфармацыя ад Людмілы Трубчык. За тры дні супрацоўнікі перасоўнай бібліятэкі і інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела павіншавалі з навагоднімі святамі жыхароў вёсак Мількаўшчына, Ханевічы, Гліняны, Пясчанка, Галынка, Гінавічы, Кадыш, Кулакоўшчына, Чарток, Сонічы, а таксама — сталых людзей і медыцынскі персанал з дома-інтэрната ў вёсцы Белыя Балоты.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"