Вось якім ты быў, 2017-ты

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Напрыканцы года мы вырашылі звярнуцца па тэлефоне да кіраўнікоў абласной культуры і пацікавіцца, чым адметны быў для іх 2017-ты. Атрымалася, як нам падаецца, выразная мазаіка падзей, фактаў і дасягненняў, якая сваёй яскравасцю яшчэ раз пацвердзіла: наша нацыянальная культура развіваецца імкліва, і кожны год гэтага руху не падобны на папярэдні.

Брэстчына: помнік Бібліі

/i/content/pi/cult/672/14845/_MG_5790 S_opt.jpegПа меркаванні намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Панасюка, адной са знакавых падзей года стала частковае адкрыццё Косаўскага палаца.

Не менш рэзанансным стаў ХХІІ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. А днямі ля абласной бібліятэкі быў урачыста адкрыты помнік Бібліі скульптара Антона Нічыпарука. Помнік уяўляе з сябе разгорнутую кнігу з надпісам “Брэсцкая Біблія. 1563”. Тэрыторыя вакол помніка ўзорна добраўпарадкавана і з’яўляецца месцам адпачынку чытачоў абласной бібліятэкі.

Важнай падзеяй падалася Сяргею Панасюку і ваенна-гістарычная рэканструкцыя перыяду Першай сусветнай вайны ў вёсцы Скокі, што пад Брэстам. Тут, у палацы Нямцэвічаў, было падпісана перамір’е (Брэсцкі мір) паміж Германіяй, яе саюзнікамі з аднаго боку і з бальшавіцкай Расіяй — з другога.

Віцебшчына: нават у клёцкі ёсць душа

З прыемнасцямі года падзялілася выконваючая абавязкі намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч. Якасна павысіўся, зазначыла яна, выканальніцкі ўзровень самадзейных мастацкіх калектываў.

Агульная колькасць заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь на Віцебшчыне даведзена сёлета да пятнаццаці. Гэтае званне атрымаў і ансамбль песні і танца Гарадоцкага ГДК “Яблынька”.

Пашырыўся і спіс нематэрыяльнай спадчыны. Да дзесяці наяўных каштоўнасцей дадаліся яшчэ дзве: прыгатаванне клёцак з душамі ў Лепельскім раёне, традыцыя вясельных абрадаў на Дубровеншчыне. Аказваецца і ў клёцак ёсць душа (мясное ці іншае змесціва ў абалонцы з цеста, якая называецца “цела”).

Паспяхова рэалізавана праграма “Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці”. Інакш кажучы, у кожным раёне гэты касцюм рэканструяваны. Цяпер ідзе падрыхтоўка фотаальбома, які будзе прэзентаваны ў студзені. “Вішнёвы фэст” у Глыбокім і конкурс юных выканаўцаў “Халі-Хало” ў Наваполацку набылі статус міжнародных. Да гэтага набліжаецца пакрысе і “Фестываль дзвюх рэк” у Докшыцах.

Гомельшчына: лічбавае кіно ў Чыркавічах

Падзей, цікавых і розных, лічыць першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Інга Заўгародняя, было, як і заўжды, шмат. Да прыкладу, можна назваць юбілей мясцовай філармоніі, якой споўнілася 50 гадоў.

Вялікі канцэрт усіх мастацкіх калектываў установы прайшоў у Гомельскім грамадска-культурным цэнтры. Сістэмна развіваецца Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Сёлета ладзіўся ўжо трынаццаты па ліку форум.

Калі ж казаць пра развіццё рэгіёнаў, дык на першы план выходзіць завяршэнне рэканструкцыі кінатэатра “Спадарожнік” у аграгарадку Чыркавічы Светлагорскага раёна.

Выяўленне і падтрымка таленавітых навучэнцаў — застаецца асноўнай мэтай дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі”. У Гомелі прайшоў заключны этап ужо пятнаццатага па ліку. Сёлета ў ім бралі ўдзел прадстаўнікі Малдовы, Латвіі, Расіі, Беларусі.

Гродзеншчына: яшчэ адзін замкавы ракурс

А вось меркаванні начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага. Да слова, заспелі мы яго па дарозе ў Ліду. У перадапошні тыдзень года там адкрывалася паўночна-ўсходняя вежа Лідскага замка.

Пачала дзейнічаць у гэтай вежы і музейная экспазіцыя, якая, натуральна, будзе пашырацца і ўдасканальвацца.

Больш прывабным для турыстаў становіцца Аўгустоўскі канал. Адмысловая музейная экспазіцыя дзейнічае ў Дамку даглядчыка. Адметныя брэнды займелі бліжэйшыя паселішчы. У гарпасёлку Сапоцкін, да прыкладу, можна наведаць Музей пісанкі. У вёсцы Зарачанцы — Музей ручніка і ваеннай формы. А ля вёскі Стрэльчыкі, непадалёк ад Гродна, для наведвання турыстаў адкрылася адно са збудаванняў Гродзенскай крэпасці — форт № 4.

Археалагічныя работы вядуцца на Старым замку, будаўнічыя распачнуцца ў наступным годзе. Выдаткаваны сродкі на захаванне Каложскай царквы і рэшткаў Крэўскага замка. Ёсць спадзеў, што сітуацыя зменіцца да лепшага і ў дачыненні Гальшанскага замка.

Магілёўшчына: статус перададзены, а сімвал застаўся

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў галоўнай падзеяй года назваў (хто б здзіўляўся!) тое, што Бабруйск з’яўляўся Культурнай сталіцай Беларусі.

За гэты час у Бабруйску было праведзена паўтары тысячы самых розных па жанры мерапрыемстваў. 15 снежня горад перадаў свой статус Наваполацку. Але сімвал “сталічнасці” застаўся. Маецца на ўвазе бронзавая выява дзяўчыны ў нацыянальнай вопратцы і з кнігай у руках, на старонцы якой пазначана “Культурная сталіца Беларусі”. Скульптура работы Аляксандра Шапо ўсталявана ля Палаца мастацтваў. Незабыўным стаў і VI фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ён ладзіцца ў Бабруйску раз на два гады.

Магілёўшчына ўпершыню прыняла фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы “Разам мы зможам больш”. Мерапрыемства прайшло на базе абласнога метадычнага цэнтра. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі і шасці расійскіх рэгіёнаў. Артысты паказалі здольнасці ў народных, акадэмічных, эстрадных і жэставых спевах, харэаграфіі, тэатральным мастацтве, аўтарскай паэзіі, у дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтвах. Словам, падзея сталася досыць рэзананснай.

Міншчына: у госці да кампазітара

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок папрасіла падкрэсліць ініцыятыўнасць работнікаў культуры Чэрвенскага раёна. Яны здолелі атрымаць праанаўскі грант на стварэнне ў гарадскім пасёлку Смілавічы Музычнай гасцёўні кампазітара Станіслава Манюшкі.

Дапамог праект “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Пад гасцёўню адведзены будынак былой дзіцячай мастацкай школы. Тут выступаюць з камернымі канцэртамі мясцовыя выканаўцы і артысты Белдзяржфілармоніі. Ёсць і экспазіцыя, што распавядае пра жыццё і творчасць сусветнавядомага музыканта.

Як і заўжды, маштабнай і відовішчнай была рэканструкцыя эпічнай падзеі 1812 года — бітвы расійскіх і французскіх войскаў на Беразіне пад Барысавам.

Знакавай стала і прэзентацыя Міншчыны ў Дзелавым культурным цэнтры Масквы.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"