Крыху хорару ў бялюткім снезе

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Чым адрозніваецца выбітны рэжысёр ад рэжысёра-рамесніка? Моцны пастаноўшчык робіць класічны пераказ вядомай казкі, майстар жа шукае нестандартныя рэжысёрскія рашэнні ў збітай, здавалася б, гісторыі, пра якую кожны сярэднестатыстычны глядач дакладна ведае, “як павінна быць”. Ігар Казакоў якраз з тых, хто вынаходзіць нестандартныя магчымасці ў пацёртым да дзір рэпертуары.

/i/content/pi/cult/672/14844/_MG_7332_opt.jpegУ Беларускім дзяржаўным тэатры лялек галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігар Казакоў у другі раз прымае на сябе ўдар навагодняй кампаніі. Калі мінулым разам выбар паў на незвыклую для айчыннага зімовага лялечнага рэпертуару “Калядную гісторыю” паводле Чарльза Дзікенса, то зараз творца прапануе свой погляд на “Беласнежку”.

Матэрыял пастаноўшчыку знаёмы: тры гады таму разам з мастаком Таццянай Нерсісян ён ужо ставіў варыяцыю ўсім вядомай казкі на сцэне Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Той спектакль быў у стылі поп. На сталічную сцэну Беласнежка прынесла атмасферу Сярэднявечча. Спадарыня Таццяна — нязменны суаўтар гучных спектакляў Казакова — цудоўна абыграла тую эпоху, абраўшы ядром сцэнаграфіі памост. Адсылка да вытокаў тэатральных выступленняў адкрыла магчымасць разварочваць дзеянне адразу ў некалькіх плоскасцях, надаючы даволі лінейнай гісторыі візуальную і сюжэтную шматпланавасць.

У цяперашнім сезоне мастак ужо ўзводзіла на тэатральных падмостках сцяну, гэтым разам давялося будаваць мур… які адразу ж “разламалі” гномы, аддаючы “пралом” пад дадатковае месца дзеяння і парадныя выхады галоўных герояў. Адмыслова спрошчаныя візуальныя хады дазваляюць з лёгкасцю дзіцячай фантазіі працаваць з аб’ектам, ператвараючы літаратурныя кроплі крыві ў сцэнічныя ружы, разбураныя рэшткі сцяны — у царскі трон, а запатрабаваныя па сюжэце каралеўскія строі “збіраць” з некалькіх лёгкіх штрыхоў, набліжаных да дзіцячых малюнкаў.

З дапамогай памоста ўдалося дадаткова абыграць і прыём тэатра ў тэатры: паводле Казакова, гісторыю Беласнежкі гледачам распавядаюць гномы, пераапранаючыся па ходзе сюжэта ў тых ці іншых персанажаў. На маёй памяці такі прыём рэдка выглядаў натуральна, аднак спадар Ігар мусіў ператварыць яго не толькі ў сапраўдную разыначку пастаноўкі, але і надаць дадатковую функцыю: абараніць ад празмерна жудасных фрагментаў сюжэту. Апошнім часам нам любяць нагадваць, што арыгінальныя казкі братоў Грым даволі жорсткія (пра тое гледачу ўсё па паліцах расклаў Яўген Карняг у колішнім “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі”). Дык вось, такое пераадрасаванне, калі неадназначныя эпізоды — як, нарадзіўшы Беласнежку, яе маці памерла, як Мачаха патрабавала ў доказ аб забойстве падчаркі прынесці ейнае сэрца і зварыць яго, і іншыя — пераказваюцца забаўнымі гномамі, дапамагае пазбавіць тэкст ад змрочнасці першакрыніцы.

Дзівосная сямёрка гномаў — заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Васько і Аляксандр Казакоў, Любоў Галушка, Дзмітрый Чуйкоў, Іна Ганчар, Дзіяна Іванова, Цімур Муратаў — хуліганіць на сцэне, шуткуе, хахміць. Чаго толькі варты іскрамётны эцюд Цімура Муратава “Я — кавалак атручанага яблыка”! Дзякуючы такой выбудаванай імправізацыі спектакль набывае лёгкасць і дзіцячую непасрэднасць.

Разыгрываючы казку, гномы пераўвасабляюцца ва ўсіх персанажаў, і толькі вобраз Мачахі стаіць паасобку. Рэжысёр адмаўляецца ад стварэння шаблоннай зладзейкі, прапануючы гледачам звычайнага чалавека, які губляе сваю натуральную існасць з-за ўзведзенага да абсурду памкнення да надуманых ідэальных параметраў. Мачаха Святланы Цімохінай — не зласлівая, а шкодная. Яе гераіняй кіруе зайздрасць — атрутнае пачуццё, што змяёй (як умоўнай, так і сцэнічнай лялькай) раз’ядае душу і ахутвае дурманам розум.

Да пары такому фактурнаму акцёрскаму вобразу мастачка стварыла ўражвальнае чароўнае люстра. У гісторыі тэатра было шмат “свет мой, люстэрачак”: шкляная роўнядзь у раме, рама з адбіткам калі не чалавечага, дык чароўнага твару і гэтак далей. Таццяна Нерсісян вырашыла ўвогуле адмовіцца ад стылізацыі пад люстра — да Мачахі выплывае вышынёй са ўсю сцяну маска абыякавага твару, да якога за час спектакля галоўны адмоўны персанаж сама становіцца ўсё больш падобнай. У мізансцэне з вядзьмарствам над атрутным зеллем люстраная маска прырастае велічэзнымі далонямі — візуалізаваная адсылка да таго, што чалавек сваімі рукамі будуе сабе пастку з беспадстаўных жарсцяў і надуманых інтрыг. Аднак, пры ўсім багацці сцэнаграфіі на цікавосткі, зазначу, што самай запамінальнай стала мізансцэна, дзе няма ніякага чараўніцтва, а пануе вытанчаная ігра спадарыні Цімохінай: у момант, калі яе гераіня даведваецца пра правал свайго плана і ў злосным бяссіллі змінае абрус, прыцягваючы да сябе два падсвечнікі, Мачаха амаль наяве гасіць у сабе апошнія праявы душэўнага спачування.

І без таго моцна выбудаваны спектакль узбагацілі мноствам прыкметных зонгаў. Песні на музыку пастаяннага лялечнага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага былі створаны Рыгорам Гольдманам і Аляксандрай Даньшовай. Шкада, што частка з іх запісана ў плюсавай фанаграме — у тэатры маюцца шыкоўныя галасы...
Некалькі выкананых жыўцом нумароў адразу надалі персанажам дадатковыя характарныя фарбы. Здавалася б, што можна зрабіць з эпізадычнага Прынца? У Дзмітрыя Чуйкова ж атрымалася ў некалькі накідаў стварыць вобраз нясмелага, абаяльнага каралевіча са шчырымі пачуццямі.

Пастаноўка, зробленая на жывую нітку, мае шмат патэнцыйных крыніц, якія па законе жанру будуць паступова раскрывацца з кожным сыграным спектаклем. Гледачоў жа ўжо можна павіншаваць са з’яўленнем сярод шматлікіх аднадзёнак зімова-святочнай афішы ўдумлівай казкі для сямейных разваг.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"