Каляды ў оперы

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Каляндарны год у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі завяршылі, паводле традыцыі, дзве значныя падзеі. Абедзве — з грыфам “Мінскі міжнародны Калядны”: конкурс вакалістаў і оперны форум.

/i/content/pi/cult/672/14843/7.jpgУ еднасці — моц!

Яднае іх не толькі агульная частка назвы. Трэці фінальны тур конкурсу, дзе лепшыя дзесяць спевакоў павінны прадставіць не набор арый, а сцэну са спектакля, трывала ўваходзіць у праграму форуму. А на заключным гала-канцэрце разам з сусветнымі зоркамі спяваюць новаспечаныя лаўрэаты і пераможцы мінулых гадоў. Тэатр мае рацыю: конкурс папулярызуе яго ва ўсім свеце, прычым адначасова як сярод спевакоў, так і сярод прадзюсараў, кіраўнікоў замежных тэатраў, якіх запрашаюць у журы. Канкурсанты знаёмяцца з тэатрам, дзе пры жаданні і адпаведных здольнасцях змогуць праявіць сябе і ў далейшым. Члены журы, якія прадстаўляюць не розныя педагагічныя школы, а розныя тэатры, бачаць спевакоў і спектаклі форуму (тыя ідуць увечары), якія можна будзе пры жаданні запрасіць да сябе.

Як справядліва заўважылі на “круглым стале” вядучыя крытыкі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Баку, “яднанне конкурсу і форуму ў адзінае цэлае размыкае замкнёную сістэму рэпертуарных савецкіх і постсавецкіх тэатраў”. Сапраўды, вынікам калядных імпрэз стала больш частае з’яўленне ў нашых спектаклях выдатных маладых спевакоў з розных краін. У тым ліку са статусам “запрошаных салістаў”, што даўно стала нормай для Захаду. Спрыяльнае ўздзеянне конкурсу і фестывалю адчуваюць і іншыя постсавецкія тэатры. Як заўважыла доктар мастацтвазнаўства, прафесар Марына Чаркашына-Губарэнка (Украіна), “існуе сусветная імперыя оперы, але нашы тэатры, за выключэннем Марыінскага, туды пакуль не ўвайшлі. У нас свае задачы, якія і вырашае беларускі оперны. Тыя, хто, магчыма, не пройдзе на больш прэстыжнае сусветнае спаборніцтва, едзе сюды. І тэатр у Мінску ператвараецца ў лабараторыю па фарміраванні опернай змены”, літаральна ўзрошчваючы не проста вакалістаў, а менавіта оперных артыстаў — не адно для сябе, але і для ўсёй постсавецкай прасторы.

Агранка “гранпрыстаў”

На фоне такіх грандыёзных задач спрэчкі наконт таго, хто якое месца заняў і ці справядліва гэта было, уяўляюцца дробязямі. Недарэчнасці сустракаюцца на любым конкурсе, але па розных прычынах. Так, на нашым ніхто не “цягне” сваіх вучняў: вакальных педагогаў у складзе журы папросту няма. Але гэта не гарантуе стопрацэнтных вынікаў, бо крытэрыі ў кожнага з “суддзяў” свае — з прыцэлам на ўласны тэатр і ягоныя запыты. Невыпадкова на нашым конкурсе няма звыклых тэмбравых намінацый: усе спаборнічаюць з усімі, а не кожны з галасоў з сябе падобнымі. Да таго ж, пры выстаўленні балаў і далейшым падліку іх колькасці часцяком здараюцца неспадзяванкі, калі ўверсе апынаюцца больш стабільныя спевакі, а не яркія асобы, здольныя рызыкаваць і выклікаць сваім выступленнем дыскусію.

Як бы тое ні было, уладальнікам Гран-пры другі год запар стаў прадстаўнік Арменіі: летась — тэнар Цігран Аганян, сёлета — бас Саргіс Бажбеук-Мелікян. Першая прэмія дасталася расійскаму барытону Сяргею Кайдалаву. Другую падзялілі ўкраінка Ксенія Бахрытдзінава і Марыя Галкіна (Беларусь), якая адразу атрымала запрашэнне ў трупу ад старшыні журы, генеральнага дырэктара нашага тэатра Уладзіміра Грыдзюшкі. Уладальніца не самага распаўсюджанага, але надзвычай запатрабаванага драматычнага сапрана, яна ўсе туры прайшла быццам “гуляючы”, лёгка і нязмушана дасягаючы моцнага, насычанага гучання,
здольнага перамагчы любыя акустычныя складанасці залы.

Саліст нашага тэатра Аляксандр Гелах, не ўпершыню штурмуючы гэты конкурс, дабіўся-такі поспеху, падзяліўшы трэцюю прэмію з барытонам Канстанцінам Сучковым з Пермскага тэатра. Гелах і сапраўды зрабіў значны рывок наперад. Вядома, больш магутны, “сценабітны” голас немагчыма выхаваць ніякімі трэніроўкамі. Але даўно падмечана, што асаблівасцю беларускай вакальнай школы з’яўляецца не столькі наяўнасць шыкоўных ад прыроды галасоў, якія могуць абыходзіцца амаль без “агранкі”, колькі вынаходлівае ўменне распараджацца тым, што ёсць. У трэцім туры Аляксандр звярнуўся да сцэны і дуэта Мімі і Рудольфа з пучыніеўскай “Багемы”. І выканаў яго, з тэатральнага пункту гледжання, лепей за ўсіх мінулых фіналістаў нашага Каляднага конкурсу, уключаючы першага ўладальніка Гран-пры 2014 года Раміза Усманава з Узбекістана. Бо мы ўбачылі не “драўляную шафу” са схаваным у ёй “чарадзейным салаўём”, а жывога хлопца, якому спадабалася дзяўчына і які гатовы на любыя хітрыкі, каб яе затрымаць.

Гэтак жа невыпадкова ўладальніцай прыза глядацкіх сімпатый і заахвочвальнай прэміі стала стажор нашага тэатра Маргарыта Ляўчук. Леташняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, яна актыўна канцэртавала ўжо ў часы свайго студэнцтва, плённа супрацоўнічала з Музычным Домам “Класіка”, атрымаўшы там добрую акцёрскую загартоўку і пачуццё сцэны. Вось і на Калядным конкурсе, які яна сумяшчала з удзелам у расійскім тэлепраекце “Вялікая опера-2017”, скарыла найперш псіхалагічнай дакладнасцю ўчынкаў і слоў сваіх гераінь — да найдрабнейшых дэталяў і эмацыйных адценняў. А гэта менавіта тое, што і вабіць нас у тэатры.

У астатнім усё было, як заўжды. Прыехала палова з тых, хто адправіў заяўкі (111 чалавек з 225-ці). Пераважная большасць канкурсантаў — з постсавецкай прасторы. На першым туры было шмат выпадковых удзельнікаў, але нашы канцэртмайстры імкнуліся “выцягнуць” кожнага хаця б выразнасцю сваёй фартэпіяннай партыі. Другі тур, на жаль, прайшоў не на вялікай сцэне, як калісьці, а ў той жа рэпетыцыйнай зале, памеры якой не дазвалялі напоўніцу ацаніць акустычныя асаблівасці і сапраўдную моц галасоў. А сярод найбольш частых памылак, у тым ліку ў фінале, быў няправільны выбар рэпертуару.

Опера жывая і мёртвая

Сёлетні форум быў больш сціплым за мінулыя: чатыры спектаклі, з якіх адзін польскі і тры нашы (усе нашы — прэм’еры 2017 года), але з запрошанымі салістамі. Усё — на вялікай сцэне. У адрозненне ад мінулых форумаў, ніводнай камернай оперы. І ніводнай ноты айчынных кампазітараў!

Запрошаныя замежныя крытыкі, як і належыць выхаваным гасцям, нахвальвалі тое беларускае, што ўбачылі: “Чароўную флейту” Моцарта і асабліва “Сельскі гонар” Масканьі, увасоблены галоўным рэжысёрам Міхаілам Панджавідзэ (наша “Травіята” ў версіі Андрэйса Жагарса з Латвіі ішла пасля “круглага стала”). Праўда, “…Флейту” ў пастаноўцы Ханса-Ёахіма Фрая з Германіі прызналі крыху нуднаватай, але Юлія Андрэева з “Беларусь сёння” патлумачыла: маўляў, спектакль вытрыманы ў асаблівым стане — гэта душа, што праходзіць скрозь чысцец.

Затое ўсе дружна (за выключэннем нашага кандыдата мастацтвазнаўства Наталлі Ганул) далі волю крытычнаму дару і абрынуліся на польскую “Кармэн”, знайшоўшы ў ёй і эклектыку (“стылёвы вінегрэт” — у адрозненне ад нашай пастаноўкі, дзе ёсць “стылёвы стрыжань”), і ледзь не плагіят (у першай і другой дзеях), і сэнсавую пустэчу, дзе ўсё перакулена з ног на галаву. Цікава, што рэзкія адмоўныя выказванні я чула ў закуліссі яшчэ напярэдадні спектакля: маўляў, і трупа ў Беластоку слабенькая, і пастаноўка ніякага дачынення да оперы Бізэ не мае. Аказалася ж — усё наадварот: спектакль атрымаўся жывы, непрадказальны, у чымсьці дыскусійны, але цікавы як знаўцам, так і не спрактыкаваным у оперным жанры падлеткам — сапраўдная кульмінацыя форуму. На высокім узроўні (тут крытыкі былі аднадушнымі) аказаўся яго музычны складнік: мы пачулі вывераныя тэмпы, выдатныя галасы, цудоўную ансамблевую тэхніку.

Што ж да нашых прэм’ерных спектакляў, дык сабраныя разам, яны зрабілі яшчэ больш заўважнай тэндэнцыю да відовішчнасці — хай часам і за кошт парушэнняў элементарнай логікі. Сам па сабе такі кірунак цалкам слушны і вельмі запатрабаваны. Хвалюе іншае: за ўласна відовішчнымі эфектамі не заўсёды прасочваецца думка, нейкі новы сэнсавы складнік, актуальны для сучаснасці. Тут адным пераносам сюжэту ў іншую эпоху не абысціся! Дый драматычнае дзеянне не можа абмяжоўвацца рухамі па сцэне. Трэба яшчэ скіраваць гледача на роздум філасофскага ці псіхалагічнага кшталту, а лепей — адразу ў абодва бакі. У Польшчы, мяркуючы па “Кармэн”, гэта разумеюць.

Мы не ўбачылі ні цыганскіх спадніц, ні трывіяльных прыпадкаў рэўнасці ці пацверджання формулы “любовь зла…” Спектакль Падляскай оперы і філармоніі быў пра іншае — пра смерць (а яна ёсць у Бізэ — хіба прычыны іншыя). Пра хворае душой пакаленне, якое жыве “пасярод вайны”. Вылечыць, пазбавіць чалавека гэтай душэўнай скалечанасці не можа нават каханне.

Кадры нямога кіно з падкрэслена вытрыманай стылістыкай пачатку ХХ стагоддзя калі і выклікалі ўсмешку, дык пакуль не адкрылася заслона. Бо перад намі паўстала адна з сучасных “гарачых кропак” — без прывязкі да нейкай дакладнай геаграфіі. І нядаўна ўбачаныя кінакадры адразу выклікалі асацыяцыі з Першай сусветнай. На тое працавала і атмасфера кабарэ другой дзеі: павышаная запатрабаванасць у такіх установах узнікае тады, калі чалавек хоча “напіцца і забыцца” — не ад шчаслівага жыцця, а ад прадчування “ў апошні раз”. Трэцяя дзея з пераходам мяжы таксама нагадвала пра шматлікія прыклады незаконнага перакіду ўзбраення, дзе непасрэдныя выканаўцы — усяго толькі пешкі на шахматнай дошцы сапраўдных гульцоў. Вялізныя абрысы веераў на сцэне, павольна складваючыся-раскладваючыся, ператвараліся то ў пагрозлівы “плаўнік акулы”, то ў дзіўныя канструкцыі відавочна ваеннага прызначэння, то ў нейкі брызентавы тэнт, то ў натапыраныя горныя вяршыні.

У такой атмасферы варожасці, якой дыхае ўсё наваколле і сама прырода, Мікаэла не можа заставацца “сціплай сялянкай” і, як хацелася б апалагетам традыцыяналізму, “пахнуць малаком ды гноем”. Таму тут яна — адвязны падлетак: палец у рот не кладзі. Гэткі пазнавальны тыпаж дзяўчынкі-сябрука, якая марыць пра прынца, ды не разумее, што мужчыны на вайне так прагнуць жаноцкасці.

Кармэн, калі верыць інтэрв’ю з рэжысёрам Беатай Рэдо-Добер, таксама павінна быць “колкай”. Дык што, наша Аксана Волкава, як засведчылі крытыкі, канчаткова разбурыла спектакль? На мой погляд, яна яго ўдасканаліла, дадаўшы тонкіх псіхалагічных ліній. Яе Кармэн шукае ў прыгажуне Хазэ найперш абароны: дастакова зірнуць, як яна туліцца да яго сваёй спінаю. Трагедыя ж Хазэ ў тым, што апынуўшыся на вайне, ён таксама пранікаецца павевамі варожасці, падазронасці, жорсткасці, неапраўданых выбухаў гневу (чым не актуальная сёння тэма сямейнага гвалту?). Кармэн не кахае Эскамільё: навошта ёй той аблыселы лавелас у бліскучай уніформе ці то касмічнага прышэльца, ці то фокусніка-блазна? Да гэткага “пустышкі” без звілін у галаве яна сыходзіць у парыве крыўды, каб адпомсціць за публічную знявагу. Але спярша робіць апошнюю спробу прымірэння, ласкава дакранаецца да шчакі Хазэ — той дэманстратыўна адварочваецца.

Кантраст святочнасці і трагізму, на якім пабудавана чацвёртая дзея, узмацняецца ў спектаклі адначасовым кантрастам бачнага і чутнага. У музыцы — свята. На сцэне — ачэплены натоўп, які вітае “герояў” пад прымусам і наглядам вайскоўцаў. Кармэн у вясельным строі побач з Эскамільё — быццам нябожчыца ў саване: стаіць ні жывая ні мёртвая, спявае завучаныя словы для публікі — у залу. Яна ўжо памерла, бо вымерла яе душа. І тое, што Хазэ душыць яе шалікам, — ці то выпадковасць, ці то самазабойства, спланаванае самой Кармэн, якая папярэдне вяжа на шыі вузельчык.

Увогуле, артысты — і нашы і запрошаныя — сталі лепшым упрыгожаннем усяго форуму. Пасля выступлення фіналістаў конкурсу, партнёрамі якіх былі салісты тэатра, так і хацелася ўручыць Гран-пры Станіславу Трыфанаву. У “Чароўнай флейце” немагчыма было не заўважыць не толькі знакамітага Юрыя Гарадзецкага (пазней у “Травіяце” ён выступіў у пары з “лепшай Віялетай свету” — Надзеяй Паўлавай), але і Ірыну Кучынскую, надзвычай артыстычнага Андрэя Кліпо. У “Сельскім гонары” — Кацярыну Галаўлёву, якая на наступны дзень правяла бліскучы сольны канцэрт з твораў Рахманінава. Выдатнай аказалася праграма заключнага гала-канцэрта: не было выпадковых салістаў, а сярод нумароў назбіралася шмат тых, якія рэдка гучаць на нашай опернай сцэне. А вось трэцяе аддзяленне конкурснага фіналу, калі ў час падліку галасоў на сцэну выйшлі нашы і запрошаныя маладыя салісты, аказалася не зусім роўным, асабліва ў выкананні старадаўняй музыкі (хаця, разам з тым, прыемна, што спевакі сталі часцей звяртацца да барока).

…Сёлетні конкурс быў 4-м, форум — 8-м. Кожная з лічбаў таксама мае сваю сімволіку: “чацвёрка” азначае стабільнасць, ураўнаважанасць, “васьмёрка” — бясконцасць. Гэта спалучэнне лічбаў і закладзеных у іх якасцяў абяцае нашаму опернаму “калядаванню” далейшы поспех. Хай жа спраўдзіцца “стабільная бясконцасць”! Асобныя ж дэталі заўжды можна ўдасканаліць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"