Праз 500 гадоў пасля Скарыны

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Сёлета адбыліся дзве знакавыя падзеі ў культурным і рэлігійным жыцці краіны: з друку выйшлі першыя поўныя афіцыйныя пераклады Новага Запавету Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Асабліва важна, што адбылося гэта ў год, калі Беларусь і ўвесь свет адзначаюць 500-годдзе ўсходнеславянскага кнігадрукавання, якое таксама колісь распачалося з друкавання біблійных тэкстаў. Пра цяжкасці перакладчыцкай працы, карпатлівы пошук тэрміналагічных адпаведнікаў і немінучыя спрэчныя моманты “К” пагутарыла са спецыялістамі, якія адказвалі за пераклады Новага Запавету на беларускую мову.

Па дзесяць вершаў за дзень

/i/content/pi/cult/672/14842/opt.jpegПершай прэзентавала свой афіцыйны пераклад Новага Запавету на беларускую мову Беларуская праваслаўная царква. Як адзначыў вучоны сакратар Беларускага Біблейскага таварыства, доктар філалагічных навук, прафесар Іван ЧАРОТА, праца над ім вялася ажно чвэрць стагоддзя.

— Чаму наспела патрэба ў стварэнні вашай камісіі? Хіба ж не існавала ўжо на той момант перакладаў Свяшчэннага Пісання на беларускую?

— Яшчэ да стварэння камісіі беларусы мелі з дзясятак перакладаў Новага Запавету, а цяпер іх — 18! Такой колькасці маглі б пазайздросціць носьбіты любой мовы. Маглі б, каб згаданыя пераклады адпавядалі актуальным патрабаванням, галоўнае з якіх — прыдатнасць для выкарыстання ў багаслужэннях. Аднак па розных прычынах яны ў літургічны ўжытак увайсці не маглі. І менавіта таму напрыканцы 1980-х гадоў па ініцыятыве Патрыяршага Экзарха Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Філарэта пачалася падрыхтоўка новага перакладу Свяшчэннага Пісання, які б адпавядаў належным крытэрыям.

— Ці ўваходзяць у камісію прафесійныя мовазнаўцы — дыялектолагі, даследчыкі гісторыі і сучаснасці беларускай мовы?

— Ад пачатку да ўдзелу ў працы ББК заклікаліся найперш філолагі розных спецыяльнасцей, прафесійныя перакладчыкі, пісьменнікі. Першы склад Камісіі быў унушальны і колькасна — каля трох дзясяткаў прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Праўда, колькасць не забяспечвала якасці вынікаў працы — хутчэй наадварот. Калі ацэньваць ужо з дыстанцыі часу, то можна сказаць, што гэта быў своеасаблівы дыскусійны клуб: колькі галоў — столькі прапаноў, прычым безапеляцыйных, хоць і не заўсёды належным чынам прадуманых, вывераных.

— Наколькі было складана арганізаваць працу біблійнай камісіі? Вядома, што яе склад цягам 25 гадоў пастаянна змяняўся.

— Сапраўды, у камісію ўваходзілі асобы з прыстойным літаратурна-перакладчыцкім вопытам, якія лічылі за лепшае весці працу самастойна, здзяйсняць пераклад аўтарскі, а не калектыўны. Зразумела, што сваімі “творчымі знаходкамі” яны даражылі і паступацца не хацелі; таму праца — “саборная” па задуме! — пачала стопарыцца. Не дапамагалі і навукова-творчыя семінары, “круглыя сталы”. Праўда, Евангелле ад Матфея было-такі перакладзена і выдадзена ў 1991 годзе. Аднак той калектыў, пра які мы пачалі гаворку, урэшце распаўся.

Адпаведна, каб рухаць справу далей, узнікла патрэба ў новым складзе Камісіі. Цяпер ужо ён уключаў дзесяць чалавек, на чале, як і раней, з уладыкам Філарэтам. Большасць з іх была з вышэйшай філалагічнай адукацыяй (трое мелі навуковыя ступені), а чацвёра — з вышэйшай філалагічнай і тэалагічнай адначасова. Непасрэдна ж рабочую групу, якая на працягу чвэрці стагоддзя працавала рэгулярна, склалі пяць чалавек.

— Якім чынам ішла праца?

— Збіраліся мы кожны чацвер у першай палове дня. Хапала сілы і цярпення перакладаць каля дзесяці вершаў за раз. Дарэчы, што да тэмпу і выніковасці працы... “Збоку” (не “зверху”) нам увесь час даводзілася чуць дакоры з-за таго, што быццам працуем мы надта марудна. Але на адным з першых пасяджэнняў новага складу ББК я прааналізаваў дзейнасць аналагічнай камісіі Сербскай Праваслаўнай Царквы, адзначыўшы, што яна Новы Запавет перакладала 21 год!

/i/content/pi/cult/672/14842/Professor_Ivan_Charota_opt.jpeg— Што ўплывала на выбар таго ці іншага слова: абгрунтаваныя доказы ўдзельніка камісіі, зварот да мовы іншых аўтарскіх перакладаў Новага Запавету, зварот да грэчаскага, лацінскага ці яўрэйскага тэксту?

— Пераклад намі здзяйсняўся з грэчаскага арыгінала. Найбольш спрэчныя і складаныя пытанні вырашаліся з дапамогай яго падрадкоўніка, зробленага прафесійнымі біблеістамі. А як абавязковае апірышча ў сваёй працы ББК выкарыстоўвала наяўныя пераклады на розныя еўрапейскія мовы, уключаючы, натуральна, славянскія. Асобна адзначу, што мы абапіраліся і на ўсе без выключэння беларускія пераклады, выкананыя да нас. Пры гэтым прынятыя папярэднікамі рашэнні, уключаючы і аказіянальна вынайдзеныя, падлягалі грунтоўнаму аналізу і рознабаковаму асэнсаванню. Дадам яшчэ, што ваш суразмоўнік у 2000 годзе выдаў кніжку “Беларуская мова і Царква”, вынесшы на шырокае абмеркаванне самыя супярэчлівыя моманты і аб’ектыўнай прыроды, і суб’ектыўнай.

— Якія найбольш спрэчныя моманты ўзнікалі падчас перакладу і як яны вырашаліся?

— Зразумела, немагчыма было абысціся без дыскусій, часам досыць гарачых, але, на шчасце, выніковых. З часам мы знаходзілі-такі рашэнні, прымальныя для ўсіх — калі не безагаворачна, то паразумеўшыся, што “на дадзены момант лепшага ніхто прапанаваць не можа”. Шчыра кажу: увесь час імкнуліся ўдасканальвацца і ўдасканальваць пераклад. Адпаведна, не пераставалі выпраўляць зробленае раней. Так, у пераклад Евангелля ад Матфея, выкананы першым складам ББК, мы ўнеслі больш за 1800 правак; у пераклад Евангелля ад Марка — каля 800. А потым усё менш: у Евангелле ад ад Лукі — недзе 300, Евангелле ад Іаана — пад 100. Пры гэтым ніколі не лічылі, што наша праца даведзена да ідэальнага стану. І цяпер так не лічым. Проста мы зрабілі тое, што маглі. А хто можа лепш, няхай удасканальвае далей.

Калі ж вяртацца да пачатковай часткі вашага пытання, то нельга не адзначыць, што ўвогуле найбольшыя складанасці задае сам аб’ектыўны стан беларускай мовы з яе выразным “канфесійным двухмоўем”. Што я маю на ўвазе? Няма ў свеце іншых, скажам так, статусных моў, дзе адначасова ўжываліся б цэлыя пласты лексікі, якая відавочна сведчыць пра веравызнанне іх носьбітаў: царква — касцёл, манастыр — кляштар, літургія — імша, ангел — анёл, Благавешчанне — Звеставанне… Пра што і сведчаць наяўныя пераклады, у якіх неймаверная колькасць варыянтаў для абазначэння адных і тых жа паняццяў. Дастаткова звярнуць увагу на тое, што ў выдадзеных беларускіх перакладах сама назва Благавесця/Дабравесця мае ажно шэсць варыянтаў: Евангельле — Евангелле — Евангеле — Эвангеле — Эвангельле — Эванэлія. Шматварыянтнымі з’яўляюцца таксама імёны евангелістаў (напрыклад, Матфей — Мацфей — Мацьфей — Мацьвей — Мацей — Матауш — Матэвуш), прарокаў, апосталаў, святых...

Я ўсведамляю рызыкоўнасць параўнання, якое хачу прывесці, аднак паколькі згадаў пра статусныя мовы, то яно павінна пераконваць: уся гэтага кшталту лексіка, замацаваная так званым Сінадальным перакладам РПЦ, выкананым у ХІХ стагоддзі, дагэтуль безагаворачна прымаецца рознымі канфесіямі, не выключаючы католікаў. Чаму ж нам трэба адмаўляцца ад падобнага, калі яно спрацуе на сцвярджэнне мовы ў статусе агульнай? Думаю, што не трэба. Вось гэта ў першую чаргу, няхай сабе і падсвядома, уплывала на Камісію пры выбары таго ці іншага слова.

— У перакладзе ўжываецца шэраг стараславянізмаў: ангел, благаславіць і г.д. Між тым, у новым “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” (2016) слова “Благавешчанне” свядома зменена на “Дабравешчанне” і “Дабравесце”, ёсць і іншыя змены стараславянізмаў на беларускія адпаведнікі.

— Дзякуй за яшчэ адно істотнае пытанне. Яно носіць не выпадковы, а вельмі сімптаматычны характар, бо вымушае задумацца пра такую важную рысу нашай літаратурнай мовы, як адчужэнне ад мовы стара(царкоўна)славянскай, прычым своеасаблівае. Трэба прызнаць, што адбывалася гэта не без пэўнай устаноўкі. Мала сэнсу тут мімаходзь залазіць у гушчары палітыкі, гісторыі мовы, ды і лексікаграфіі таксама. Але нават пры розных поглядах на гістарычныя супярэчнасці мы з вамі, відаць, можам пагадзіцца як з відавочным, што якраз гэтая тэндэнцыя адбілася на змесце згаданага вамі слоўніка ўвогуле і на замене названых слоў у прыватнасці.

Уласна, да абмеркавання гэтай праблемы можна падысці з іншага боку: не толькі дапушчальна, але і зусім нармальна, што такія слоўнікі тлумачаць словы, якія ўжываюцца ў літаратуры і СМІ. А тыя словы, якія тысячагадовай моўнай практыкай замацаваны як у царкоўным, так і ў штодзённым пазацаркоўным ужытку, — гэта профіль іншых слоўнікаў. У рэшце рэшт, людзям уцаркоўленым няма патрэбы тлумачыць ці ператлумачваць ім добра вядомае, а тым больш навязваць іншыя паняцці дзеля актуалізаванай “літаратурнай
нарматыўнасці” (добра, што хоць не навязваецца “нарматыўнасць” веравызнаўчая).

— Што вы маеце на ўвазе пад “навязваннем”?

— Калі ў памяці чалавека замацавана, што прадзеды і дзяды,
бацькі і старэйшыя браты-сёстры, заўжды гаварылі і яго вучылі гаварыць “Благавешчанне” — прычым так было не ў асобнай сям’і, а па ўсім краі, — то ніякі аўтарытэт ад сучаснай лінгвістыкі яго не перавучыць. Хочацца верыць, што аўтары згаданага вамі слоўніка і не імкнуліся дамагчыся гэтага. А мы тут, адкідаючы розныя “хочам — не хочам”, на першы план павінны былі ставіць іншае: так замацавана традыцыяй і ўсёй гісторыяй мовы, а не толькі апошнім яе перыядам. Зразумела, у такім выпадку прызнаючы царкоўнаславянскую мову таксама сваёй. Інакш зноў і зноў будзем натыкацца на створаную ці прыдуманую самімі сабе перашкоду.

А пра канкрэтныя прыгаданыя вамі словы я не забыўся і паспрабую прывесці пэўныя аргументы. Напрыклад, “благаславіць”. Яно выкарыстана ў безлічы аўтэнтычных фальклорных запісаў, а таксама ў творах Скарыны, Буднага, Цяпінскага, Купалы, Коласа, Ластоўскага, Багдановіча, Гарэцкага, Геніюш, Салаўя і многіх іншых. Аўтары, як бачым, не толькі праваслаўныя. Нават Каліноўскі, вядомы як зацяты праціўнік Праваслаўя, таксама яго ўжываў.

— Што можна сказаць пра тэрміналагічную базу выдання? Наколькі яна распрацаваная і ці апрабоўвалася ў іншых выданнях Беларускай праваслаўнай царквы? Бо афіцыйнага тэрміналагічнага слоўніка для перакладу са стараславянскай мовы на беларускую пакуль што ў Беларусі няма.

— Калі мы чуем патрабаванне ўвесці “матчыну” мову ў богаслужэнні, гэта азначае, што яе зыходна лічаць “роўнасвяшчэннай”. А хто ж пасмее з належнай адказнасцю сцвярджаць, што беларуская мова стану 1920-х або 1980-х была такой ці хоць бы несумненна прыдатнай для такога менавіта выкарыстання? Баюся, ніхто ўсур’ёз не пасмее. Іншая справа — спробы, намаганні забяспечыць ёй такі статус. Вось Беларуская Біблійная Камісія і намагалася. Дзейсна. У любым выпадку, перакладаючы, назапашвала для гэтага “базу”. Напрыклад, выдавала штогод “Беларускі Праваслаўны Каляндар”, часопіс “Праваслаўе” (“Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце”), падрыхтавала беларускамоўны “Звод імёнаў святых” (1995) і “Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік” (1996) і інш. Цяпер праца вядзецца непасрэдна над тэрміналагічным слоўнікам. Ну а ў якой меры наш слоўнік стане “афіцыйным”, залежыць не ад нас.

— Наколькі, на вашу думку, будзе запатрабаваны пераклад Новага Запавету сярод святароў і прыхаджан?

— Вядома ж, пераклад мае розныя функцыі: місійная, асветная, уласна лінгвістычная, літаратурная, агульнакультурная... Але, як бы там ні было, галоўная з іх — прысутнасць у богаслужэнні. Аднак перспектыву выкарыстоўваць беларускамоўнае Евангелле ў Царкве штодзённа і паўсюдна я не магу падсвечваць ружовымі надзеямі. Толькі прашу зразумець сказанае мной правільна і не ўскладаць, па завядзёнцы, усю віну на Беларускую Праваслаўную Царкву. Хіба сляпы не бачыць, што яна зрабіла ў гэтым напрамку вельмі многа. Увогуле ж, стан рэчаў у царкве непазбежна адлюстроўвае рэальны стан мовы, яе прысутнасць ва ўсіх іншых сферах.

— Ці плануе Багаслоўская камісія сваю працу далей? Ці збіраецца перакладаць на беларускую мову цяпер ужо Стары Запавет? Наколькі будзе ўлічаны вопыт па перакладзе Новага Запавету ў будучай працы?

— Канешне, працяг працы плануецца. Ужо таму, што зыходна задачай Камісіі з’яўляўся пераклад усяго Свяшчэннага Пісання, а не аднаго толькі Новага Запавету. А вось склад Камісіі, як мне здаецца, трэба абнавіць. Напрыклад, я асабіста з радасцю саступлю месца маладым спецыялістам, поўным сіл і дасведчанасці як у тэалогіі, так і ў філалогіі, якія добра ведаюць мову Старога Запавету. Працы тут новаму пакаленню яшчэ вельмі шмат. Благаславі яго, Госпадзі!

Перспектывы адзінага перакладу

/i/content/pi/cult/672/14842/pt.jpeg19 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прэзентаваў першы поўны афіцыйны пераклад Новага Запавету на беларускую мову. Як адзначыла доктар тэалогіі, супрацоўніца Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Марына ПАШУК, галоўная задача — данесці Божае Слова да вернікаў на сучаснай беларускай мове. Той мове, якая не будзе адштурхоўваць чытача, а зацікавіць ды заахвоціць яго да чытання. І каб вырашыць гэтую задачу, перакладчыкі доўга ішлі да канчатковага варыянту.

— Як доўга цягнулася праца над перакладам Новага Запавету?

— Грунтоўная праца над перакладамі біблійных тэкстаў пачалася 15 гадоў таму. У ёй былі задзейнічаны прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі, тэолагі і філолагі. Перакладалі з арыгіналу — старажытнагрэчаскай.

— Ці не ўзнікала тут спрэчак паміж членамі камісіі адносна біблійнай тэрміналогіі? Скажам, якое слова лепш ужыць і гэтак далей?

— Справа ў тым, што ўсе члены Секцыі выхаваны ў каталіцкай традыцыі, таму асаблівых спрэчак паміж намі не было: мы глядзелі ў адзін бок. У тэксце мы пераважна захавалі прынятую ў Касцёле тэалагічную тэрміналогію, але там, дзе было неабходна, ужывалі і некаторыя яўрэйскія, арамейскія і грэчаскія словы, якія перадаваліся ў іх арыгінальным гучанні, але ў кірылічным запісе.

— Наколькі я ведаю, усе перакладзеныя тэксты спачатку змяшчаліся ў інтэрнэце. Гэта рабілася дзеля таго, каб усе ахвотныя маглі выказаць свае крытычныя заўвагі ці ўнесці нейкія прапановы?

— Менавіта так. У 2012 годзе на падставе апрацаваных тэкстаў Секцыя па перакладзе падрыхтавала і выдала чатыры Евангеллі з уступамі да кожнага з іх. Паралельна вялася праца над поўным перакладам іншых кніг Новага Запавету, якія паступова змяшчаліся на афіцыйным партале Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Падобная практыка будзе працягнутая і падчас перакладу ўжо Старога Запавету.

/i/content/pi/cult/672/14842/t.jpeg— Чым, на ваш погляд, адметнае выданне Новага Запавету, якое было прэзентавана цяпер у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі?

— У першую чаргу тым, што ў ім ёсць карты, прычым, вельмі дакладныя: падарожжаў св. Паўла, старажытнага Іерусаліма, Палесціны. Таксама змешчана храналагічная табліца, дзякуючы якой можна пазнаёміцца з гісторыяй Збаўлення. Ёсць таксама невялікі біблійны слоўнік: калі чытачы сустрэнуцца з нейкім незнаёмым словам у тэксце, можна проста зазірнуць туды і паглядзець, што яно азначае.

— Наколькі вамі ўлічваліся ранейшыя пераклады Святога Пісання на беларускую мову?

— Зразумела, не ўсе з іх раўнацэнныя, не ўсе павінны выкарыстоўвацца ў якасці ўзору для далейшых перакладчыкаў. Таксама тут варта адзначыць, што адметнай рысай беларускіх біблійных перакладаў з’яўляецца канфесійнасць. Розныя хрысціянскія вызнанні маюць свой падыход да перакладу, сваю тэрміналогію і рэлігійную лексіку.

— І ўсё гэта, натуральна, праяўляецца ў рэлігійных тэкстах?

— Так. На Беларусі існуюць дзве моцныя перакладчыцкія традыцыі — Slavia Latina i Slavia Ortodoxa (заходняя i ўсходняя традыцыі), што з’яўляецца своеасаблівым культурным і духоўным багаццем нашага народа. Таму да сёння для азначэння слова “Бог” у беларускай рэлігійнай літаратуры адначасова выкарыстоўваюцца 4 лексічныя адзінкі: Пан, Спадар, Госпад і Гасподзь. Для азначэння Бога-Сына існуюць варыянты Езус, Ісус, Ізус, Іісус. Прыклады можна доўжыць.

— А якімі філалагічнымі і тэалагічнымі крыніцамі карысталася Секцыя падчас перакладу Новага Запавету? Ці можна лічыць гэтыя крыніцы ўзорнымі і ці забяспечаны яны навуковым каментарыем?

— Падставай для перакладу паслужылі самыя новыя крытычныя выданні Новага Запавету, якія падаюць грэчаскія тэксты паводле найстаражытнейшых і найлепшых рукапісаў (кодэксаў). У сучаснай біблеістыцы гэтыя выданні лічацца найбольш поўнымі і аўтарытэтнымі ў святле новазапаветнай тэксталогіі. Таму менавіта яны і былі ўзятыя намі ў якасці асноўных для перакладу Новага Запавету на беларускую мову.

— Ці можна прывесці прыклады, калі, скажам, аўтарскія пераклады ўносілі нейкія свае дадаткі ці розначытанні ў тэкст Новага Запавету?

— Часта ў перакладах сустракаюцца пропускі слоў. Скажам, у першым поўным перакладзе Новага Запавету са старагрэчаскай на беларускую мову баптысцкага святара з Брэста Лукаша Дзекуця-Малея і вядомага палітычнага і грамадскага дзеяча, літаратурнага крытыка і публіцыста Антона Луцкевіча (1931 год), у тэксце Евангелля ад Мацвея (3 глава, 10 верш) па невядомай прычыне прапушчаны прыметнік “добры”: кожнае дрэва, якое не дае (добрага) плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь, хаця гэты прыметнік ёсць ва ўсіх іншых перакладах. Цэлы сказ прапускае ў сваёй кнізе “Новы Запавет. Псалтыр” (1995 год) Васіль Сёмуха: бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць (Лука, 6, 32). А розначытанні, напрыклад, можна сустрэць пры перакладзе назвы свята Шатроў (Ян, 7,2): яго называюць святам Буданоў, Будак, Кучак, кушчаў, Палатак, Шатроў, Табэрнакаў.

— На беларускую мову Секцыяй перакладзена ўжо 80 працэнтаў тэкстаў Старога Запавету. Калі можна будзе чакаць прэзентацыі перакладу поўнага тэксту Бібліі?

— Усё тут залежыць ад працы Секцыі, бо спяшацца з перакладам, натуральна, не варта. Праца ідзе, але калі яна скончыцца — ведае адзін Бог.

— На вашу думку, ці будзе калі-небудзь створаны міжканфесійны пераклад Бібліі на беларускую?

— Гэта перспектыва не сённяшняга дня і нават не заўтрашняга. Павінна, на маю думку, прайсці шмат гадоў, бо пакуль няма поўнага афіцыйнага перакладу ўсёй Бібліі на беларускую мову ні ў каталікоў, ні ў праваслаўных. Таксама ў Беларусі мусіць з’явіцца літаратура, якая будзе каментаваць гэтыя пераклады, бо ў нас яе пакуль таксама няма. Без гэтай базы казаць пра міжканфесійны пераклад, думаецца, яшчэ зарана. Акрамя таго, прадстаўнікам канфесій трэба дамовіцца пра адзіную крыніцу перакладу, бо сёння кожная канфесія ўжывае сваю крыніцу. Так што пытанняў, як бачыце, даволі шмат. Але гэта не значыць, што трэба апускаць рукі. Калі будзе згода паміж прадстаўнікамі розных канфесій Беларусі, усё, спадзяюся, будзе магчыма. У тым ліку — і міжканфесійны пераклад Бібліі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"