Падзеі, развітанні, вяртанні…

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Якім быў 2017 год у беларускай культуры? Мяркуючы па ацэнках журналістаў “К”, даволі насычаным. Можа, ён і не надта багаты на перамогі і здзяйсненні, вартыя гучных эпітэтаў, але адметных падзей у ім не бракавала. І гэта, бадай, самае важнае.

Прынцып уземазлучаных юбілеяў

Падзея года ў акадэмічным музычным мастацтве — два юбілеі нашых вядучых устаноў у гэтай галіне: Акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Паміж сабою яны ўзаемазвязаныя. Першы выпуск колішняй кансерваторыі заклаў падмурак канцэртнай арганізацыі. Розніца ў пяць гадоў з часам знівеліравалася, як гэта бывае і з людзьмі. Сёння дзве ўстановы — раўнапраўныя партнёры. Іх моц — у шчыльным супрацоўніцтве.

Надзея БУНЦЭВІЧ

/i/content/pi/cult/672/14841/2.jpgМінулі тыя часы, калі падзеямі станавіліся адно гастрольныя прыезды знаных музыкантаў. Сёння ўсё акурат наадварот. Не, знакамітасці да нас прыязджаюць — магчыма, хіба крыху радзей, чым раней, калі такія канцэрты фінансаваліся з усесаюзнага бюджэту. Але не меншымі паводле розгаласу падзеямі становяцца выступленні найлепшых беларускіх музыкантаў. Больш шырока пачынае гучаць сучасная беларуская музыка, праходзячы прыдзірлівы прафесійны адбор. Так што куды ні зірні — скрозь выпускнікі (а часам яшчэ і пакуль студэнты) Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якія выступаюць на роўных разам з замежнымі знакамітасцямі.

Пералічу хаця б некалькі філарманічных канцэртаў. Гэта юбілей Музычнай капэлы “Санорус” на чале з Аляксандрам Хумалой, дзе ўпершыню прагучала Канцэртная сімфонія “Вецер ахінуў лес” для сольнага фартэпіяна, хору, аргана, аркестра Вольгі Падгайскай; адкрыццё сезона ў Дзяржаўным камерным аркестры Беларусі, калі адбылася сусветная прэм’ера Містэрыі для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна “Кросны Макошы” Канстанціна Яськова, абранага кампазітарам-рэзідэнтам гэтага калектыву; вечарына польскага кампазітара-класіка Кшыштафа Пендэрэцкага ў межах ХІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета; тэатралізаванае выкананне Харавой сімфоніі-дзеяння “Перазвоны” Валерыя Гаўрыліна, здзейсненае вакальна-харавым факультэтам БДАМ. Спіс можна працягваць!

Дый такі буйны расійскі тэлепраект, як “Вялікая опера”, стаўся сёлета магутным акордам у гонар беларускіх спевакоў. У гэтым конкурсным шоу і раней у розныя гады ўдзельнічалі нашы, становячыся фіналістамі: салісты беларускай оперы Ілья Сільчукоў, Юрый Гарадзецкі. Сёлета нашых удзельнікаў двое: Уладзімір Дзмітрук, які ў гады навучання ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К. Агінскага быў зоркай тамтэйшага Маладзёжнага музычнага народнага тэатра, а цяпер спявае па ўсім свеце, і Маргарыта Ляўчук — стажор нашага Вялікага тэатра. І абодва дайшлі да канца, склаўшы акурат палову фіналістаў. Чым не перамога?

З Navi годам!

/i/content/pi/cult/672/14841/3.jpgХай не пакрыўдзяцца на мяне прадстаўнікі разнастайных альтэрнатыўных музычных плыняў, пра якія мне давялося пісаць у 2017-м, але мінулы год прайшоў, на мой погляд, пад знакам менавіта поп-калектыва.
І імя яму — NaviBand.

Алег КЛІМАЎ

Нават тыя, хто не адрознівае ноту “до” ад ноты “фа”, цяпер наўрад ці зблытаюць галасы ўдзельнікаў гурта Ксеніі Жук і Арцёма Лук’яненкі з вакалам іншых выканаўцаў. Імклівы рывок да вяршыняў айчыннага шоу-бізнесу абумоўлены і якасным песенным матэрыялам, і той чалавечай натуральнасцю, якой валодаюць фронтвуман і фронтмэн ансамбля. Упэўнены, што з сотняў і сотняў вачэй такі хлынулі слёзы замілавання, калі гэтая пара дазволіла сабе пацалунак у фінале свайго выступу на “Еўрабачанні”. Няштучнасць у праяве самых розных пачуццяў, характэрная для творчасці гэтага гурта, знайшла масавы водгук у слухачоў што выявілася ў бясконцых канцэртах NaviBand і ў роднай краіне, і за мяжой. Ну а як людзі сучасныя, з той жа самай шчырай прастатой яны і манетызавалi ўласныя таленты, напрыклад, у рэкламнай кампаніі аднаго з сусветных брэндаў. Здавалася б, іх хапіла ў гэтым сезоне на ўсё, акрамя аднаго: не выканаў дадзенае “К” абяцанне Арцём, не звазіў ён нашага карэспандэнта ў свой родны горад Глыбокае. Затое пад заслону года калектыў выпусціў нядрэнны альбом, а сямейны тандэм абвясціў, што чакае нараджэння дзіцяці. Ура!

У сувязі жа са згаданым “Еўрабачаннем” я адзначыў для сябе такую “тэндэнцыю”, якая мела месца ў 2017-м: у Год навукі мы навучыліся не ладзіць гвалт на ўсю Сінявокую з нагоды няўдачы нашых артыстаў на тым ці іншым буйным альбо не гэтак выбітным, але міжнародным музычным форуме. Не авалодалі Гран-пры на “Славянскім базары ў Віцебску” — ляніва пабурчэлi пару дзён на магчымую кан’юнктуру. На “Новай хвалі” нікога не было заяўлена з беларускіх канкурсантаў. Не заняла Хелена Мерааi першае месца на дзіцячым “Еўрабачанні” — з кім не бывае. Не выйгралі “Новую фабрыку зорак” — ну і добра.

Аднак аб вікторыях усё ж такі марыцца. Спадзяюся, што, адкукарэкаўшы сваё, мінулы год перадае эстафету наступнаму на яго фінішнай трыумфальнай прамой! Вельмі хацелася б пачуць у 2018-м радасны брэх сабакі ў гонар нашага пераможнага музычнага каравана!

Лялькі пакуль наперадзе

У тэатральным мастацтве цягам года было шмат выбітных падзей, звязаных з ростам айчыннага майстэрства. Сапраўднымі падзеямі станавіліся некаторыя прэм’еры — найперш, у тэатрах лялек. І, што вельмі важна, за межамі МКАД, ператвараючы не адно сталіцу, а ўсю Беларусь у вялізную сцэнічную пляцоўку.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Згадаю “Камедыю Юдзіфі” Гродзенскага абласнога тэатра лялек, пастаўленую ў ліпені і пазней паказаную на VI Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. Спектакль Алега Жугжды паводле п’есы Сяргея Кавалёва стаўся вельмі прыгожай, выкшталцона элітнай “цукерачкай”, зробленай, да таго ж, з карысных складнікаў, якія самі па сабе наўрад ці выклікаюць ажыятаж сярод шырокай публікі. А ў выглядзе сінтэзу тэатра (лялек і драматычнага), кіно, жывапісу, харэаграфіі (абодва Адажыа, пастаўленыя Дзмітрыем Куракулавым, і асабліва другое з іх — годныя самых прэстыжных балетных сцэн свету) — маленькі шэдэўр, дый толькі. Прычым маленькі — у сэнсе кампактны, бо “запакаваны” ў гадзіну з невялікім.

Падзеяй сталі паказы спектакля “Сіняя-сіняя…” Магілёўскага абласнога тэатра лялек на ўсіх чатырох тэатральных фестывалях, што прайшлі за год у Беларусі: “М@rt.кантакт” у Магілёве, “Белая Вежа” ў Брэсце, ТЕART у Мінску, імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Гэты спектакль, пастаўлены Ігарам Казаковым паводле аповеда Уладзіміра Караткевіча, — сапраўдны прарыў у жанравай сферы (“высокі”, а не кірмашовы монаспектакль у тэатры лялек), у звароце да новых выяўленчых сродкаў (пясочная анімацыя), розных лялечных формаў.

Восеньская прэм’ера “Новай зямлі” ў Брэсцкім абласным тэатры лялек не паспела, на жаль, атрымаць такі шырокі фестывальны шлях. Але гэты спектакль яшчэ аднаго маладога рэжысёра Аляксандра Янушкевіча — сапраўдная сенсацыя. Упершыню вялізная вершаваная паэма Якуба Коласа атрымала не эпічнае, а трагікамічнае ўвасабленне, максімальна набліжанае да самага шырокага гледача, уключаючы звычайна “адлучаных” ад тэатра падлеткаў. Упершыню ў гэтым творы былі пастаўлены, і надзвычай тактоўна, не адно сацыяльныя ды фальклорныя акцэнты, але і рэлігійныя, пададзеныя не адасоблена, а ў жывой непарыўнай повязі біблейскіх гісторый з сялянскім жыццём./i/content/pi/cult/672/14841/4.jpg

Заўважу, што ўсе пералічаныя рэжысёры — выхаванцы, у той ці іншай ступені, Аляксея Ляляўскага, які ўзначальвае сталічны тэатр лялек. І ўсе іх перамогі — гэта яшчэ і ягоны трыумф.

Што ж да тэатра драматычнага, дык у нас ён пакуль толькі намацвае магчымыя шляхі далейшага развіцця з выхадам на замежныя магістралі, а не толькі сцяжынкі беларускіх дыяспар. У размаітым шматгалоссі драматычных спектакляў (а іх у разы больш, чым лялечных) вылучу тыя, дзе актуальнасць тэмы не застаецца аднадзённай публіцыстыкай, а закранае глыбокія мастацкія пласты. Таму да падзей прылічу папраўдзе шэдэўральную “Жанчыну мора” Генрыка Ібсэна ў рэжысёрскай версіі Саўлюса Варнаса (Магілёўскі абласны драматычны тэатр), не зусім дапрацаваны, з пэўнымі паўторамі і “прабуксоўваннем” спектакль “Сіндром Медэі” Кацярыны Аверкавай па п’есе Юліі Чарняўскай (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі), і “Тры дні ў пекле” Паўла Пражко, перайначаныя маладым Цімафеем Ткачовым з Санкт-Пецярбурга, пастаўленыя ім як дыпломная праца і паказаныя ў час Тыдня сучаснай беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя” (Цэнтр беларускай драматургіі).

Заўважу, што два спектаклі з трох — паводле сучасных п’ес айчынных аўтараў. Чым не трыумф ЦБД на чале з Аляксандрам Марчанкам?

Час вяртанняў

Шчыра радуе, што гучных падзей у беларускай тэатральнай прасторы шмат. На працягу года публіку запрашалі на традыцыйныя фестывалі, якія дарылі сустрэчы з найлепшымі пастаноўкамі сусветнай сцэны і з новай мовай тэатра, на форумы, якія з новага боку адкрывалі суайчыннікам нацыянальную драматургію і рэжысуру. Я ж хачу падкрэсліць падзеі, якія не заўсёды прыцягвалі маштабную ўвагу масмедыя, але сталі значнымі для нашага мастацтва.

Настасся ПАНКРАТАВА

2017 — год вяртання. На сцэну Вялікага тэатра Беларусі вярнуўся народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў. На яго юбілей у наш Вялікі прыехалі вядучыя харэографы і танцоўшчыкі свету, тым самым падараваўшы публіцы магчымасць спрычыніцца да лепшых узораў сусветнага балетнага мастацтва. Спадар Елізар’еў змог ізноў папрацаваць і ў родных рэпетыцыйных класах — няхай усяго толькі над аднаўленнем спектакля, але… раптам гэта першая зачэпка на шляху новага творчага супрацоўніцтва тэатра і легендарнага балетмайстра?

Гэтым годам у Беларусь вярнуўся рэжысёр тэатра лялек Аляксандр Янушкевіч. Той самы, які патрапіўшы ў Пермскі тэатр лялек, імгненна ўзняў стандартную рэгіянальную ўстанову на прыступку найлепшых расійскіх тэатраў. І хоць Янушкевіч з гэтым калектывам усё ж такі разышліся, іх агульны спектакль “Мяне клічуць Лёк” трапіў у праграму “Дзіцячы Weekend” фестывалю “Залатая маска-2018”.

/i/content/pi/cult/672/14841/5.jpgРасійскія калегі прызнаюць Янушкевіча адным з самых цікавых рэжысёраў сучаснасці, яму замаўляюць пастаноўкі многія тэатры лялек краіны-суседкі. Улетку спадар Аляксандр стаў першым у гісторыі летняй тэатральнай Школы Саюза тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі запрошаным з Беларусі пастаноўшчыкам. Таму мне радасна, што такому запатрабаванаму творцу знайшлося месца на беларускай тэатральнай карце. Свой прыход на пасаду галоўнага рэжысёра Брэсцкага тэатра лялек Янушкевіч адзначыў відовішчнай прэм’ерай “Новая зямля”, тым самым распачаўшы наступны адметны перыяд у гісторыі вядомага калектыву. Застаецца спадзявацца, што для больш эфектыўнай творчай рэалізацыі брэсцкім лялечнікам нарэшце прэзентуюць новы тэатральны будынак.

Таксама да мінчан вярнуўся фестываль тэатра, творчасці і чытанняў “Казачны джэм”, існаванне якога трымаецца выключна на ініцыятыве і неабыякавасці арганізатараў. Адзіны ў Беларусі форум для бацькоў з дзецьмі ўзросту ад шасці месяцаў мог і не адкрыцца ў трэці раз, бо да апошняга моманту не ўдавалася вырашыць пытанне фінансавання. Летась аўтар праекта Наталля Ляванава практычна здзейсніла цуд: без магутных спонсараў, сабраўшы на краўдфандынгавай пляцоўцы ўсяго 39% ад неабходнай сумы, яна разам з бэбі-тэатрам “Бусы” і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў змагла правесці ўнікальны фестываль. Калі людзі чагосьці прагнуць і асабістымі высілкамі дабіваюцца таго, каб зрабіць сусвет хаця б крыху радасней, — ці ж гэта не заслугоўвае павагі і прызнання?

Год здабыткаў і страт

2017 год прайшоў для Беларусі пад знакам Скарыны. Краіна святкавала 500-годдзе ўсходнеславянскага кнігадруку. Калісьці Рыгор Барадулін назваў беларусаў “народам Кнігі”, а яшчэ — “эксперыментальным народам у Бога”. Калі паяднаць згаданыя тэзы, дык вынікае, што эксперыментам можна лічыць фармаванне нацыі на глебе духоўнасці, і з матэрыялістычнага гледзішча гэта падаецца неверагодным. Аднак ёсць такая нацыя! Шанаванне ў нашай краіне справы Першадрукара сведчыць на карысць гэтай думкі.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Той факт, што ў юбілейны для беларускага кнігадруку год не з’явілася ў Беларусі новых помнікаў Першадрукару альбо знакавых твораў нашага пісьменства, я не лічу адмоўным. Можа, мне б і хацелася, каб манументальная Скарыніяна, да стварэння якой прычыніліся такія творцы, як Аляксей Глебаў, Валер’ян Янушкевіч, Алесь Дранец, мела годны працяг. Але наяўнасць помніка яшчэ не азначае, што гістарычная асоба стала для нацыі чыннікам тоеснасці (вунь колькі ў Беларусі панаставілі помнікаў Леніну і наменклатурным бальшавікам — і што?). Адносна ж Скарыны відавочна, што для нас ён даўно стаў увасабленнем Радзімы і Гісторыі. Ён наш крэўны. А што і так зразумела, пра тое, магчыма, няма патрэбы лішні раз гаварыць.

Таму рэспубліканская выстава “Скарыніяна”, якой было проста наканавана стаць падзеяй года ў галіне выяўленчага мастацтва, стала не дэманстрацыяй новых творчых здабыткаў, але падсумаваннем існых. Атрымліваецца, што на дадзены момант нас задавальняе трактоўка вобраза Першадрукара, увасобленая ў творах класікаў беларускага выяўленчага мастацтва, а творчае пакаленне Незалежнасці сваё слова яшчэ скажа.

Гаворачы пра знакавыя падзеі года, не магу абмінуць увагаю выставу нямецкіх класікаў Кэтэ Кольвіц і Эрнста Барлаха. Сёння, калі ў нашым мастацтве пераважае рэфлексія і суб’ектывізм, не лішне згадаць творцаў з выразнай сацыяльнай пазіцыяй і духоўнымі арыенцірамі. Менавіта да кагорты такіх геніяў належаць гэтыя графік і скульптар. Калісьці ў Барлаха запыталіся пра ягонае стаўленне да супрэматызму, той адказаў, што верыць у сумленнасць мастака, які засяродзіўся на геаметрычных фігурах, але асабіста яму тут няма чаму суперажываць. Слушна сказана! Мяркую, не толькі мне блізкае такое разуменне творчасці.

Сёлета ўпершыню прысуджалася Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Яе атрымалі асобы, чый унёсак у культуру відавочны. Але падаецца, што крытэрыі пакуль выразна не акрэсленыя. Нацыянальнай прэміяй, як мне мяркуецца, мусіць адзначацца не проста таленавіты жывапіс ці скульптура, але тое, што сілкуе нацыянальную ідэю і датычыць не шчыльнага кола адмыслоўцаў, здольных ацаніць майстэрскі штрых ці мазок, а грамады ўвогуле.

Адыходзячы год — гэта не толькі здабыткі, але і страты. Сёлета пайшлі з жыцця графік Георгій Паплаўскі і жывапісец Уладзімір Кожух. Георгій Георгіевіч — прызнаны класік. Мне цяжка штосьці дадаць да характарыстыкі ягонай творчасці, зробленай іншымі. А вось Уладзіміра Кожуха я ведаў асабіста. Гэта быў сціплы геній. Яго было складана ўявіць з мікрафонам, за трыбунаю. На вернісажах ён заўжды сціпла стаяў убаку, хоць менавіта ягоныя карціны былі ўпрыгожаннем якой заўгодна экспазіцыі. Як журналіст згадваю, што праблемай было выцягнуць з яго хоць слова ў часе інтэрв’ю. Слова “піяр” ён не ведаў. Між тым, талент ягоны відавочны. Уладзімір Кожух сказаў сваёй творчасцю важкае слова пра Чарнобыльскую трагедыю, пра Афганскую вайну. У апошніх ягоных карцінах адчувалася водгулле трагічных падзей у краіне, блізкай нам геаграфічна і духоўна. І ён жа сцвердзіў у сваіх творах асаблівы тып жаночай прыгажосці.

Спадзяюся калі-небудзь наведаць мемарыяльныя музеі Георгія Паплаўскага і Уладзіміра Кожуха.

Запаветы Елізар’ева

У харэаграфічным мастацтве асобай гэтага года стаў, безумоўна, народны артыст Беларусі і СССР Валянцін Елізар’еў. Падзеяй года — адпаведна, яго юбілей і тыя шматлікія імпрэзы, што ладзіліся з яго нагоды. І асабліва вечарына ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе Валянцін Мікалаевіч прафесарствуе. Бо менавіта тая канцэртная праграма дапамагла найбольш дакладна і паслядоўна прасачыць унёсак знанага балетмайстра не толькі ў стварэнне адметных спектакляў і мініяцюр, якія змянілі аблічча і сам статус беларускага балета, але і ў падрыхтоўку паслядоўнікаў (не блытаць з эпігонамі).

Надзея БУНЦЭВІЧ

/i/content/pi/cult/672/14841/6.jpgВажнасць першай адзначанай сферы, непасрэдна звязанай з нашым Вялікім тэатрам, відавочная, здаецца, усім без выключэння. Затое вага другой (а для некаторых — ужо само яе існаванне) сталася ледзь не адкрыццём. Але ж як цікава было прасачыць, наколькі па-рознаму развіваюцца таленты маладых і ўжо сталых, прызнаных харэографаў пад уздзеяннем майстра! І колькі новых адгалінаванняў знаходзяць яго творчыя дзеці і ўнукі ва ўсім, што ён спавядаў і чаму іх вучыў. Наколькі рознымі становяцца іх самастойныя пошукі — пры тым, што ўсе выхаванцы працягваюць штосьці фундаментальна-“елізар’еўскае”.

Таму падзеяй сталі не толькі ўласна паказы асобных харэаграфічных нумароў, але і само асэнсаванне пераемнасці, якая ўзвышае ўсіх, хто ў ёй задзейнічаны. У чым жа выяўляюцца тыя “запаветы” Елізар’ева, што працягваюцца ягонымі вучнямі?

Найперш — у канцэпцыйнасці і асэнсаванасці любога харэаграфічнага выказвання. Другая рыса — сувязь з музыкай, якая пры ўсёй відовішчнасці сцэнічнага дзеяння і касцюмаў не ўспрымаецца (вось дзіва!) усяго толькі “фонам”. Нарэшце, трэці пункт — гэта сімфанізм мыслення, праз які часавае разгортванне харэаграфічнага палатна будуецца на паслядоўным развіцці найбольш яркіх запамінальных рухаў — сапраўдных “інтанацый” чалавечага цела. Мова ў кожнага з выхаванцаў Елізар’ева — свая. Але ва ўсіх іх выказваннях ёсць думка, якая робіць балет адным з самых інтэлектуальных і філасофскіх відаў мастацтва. Таму падзея — гэта яшчэ і асэнсаванне грамадскасцю таго, што “балет — мастацтва думкі”.

А што ж тады сучасная харэаграфія і пластыка? Тут пераканаў аўтарскі спектакль “Бетон” Яўгена Карняга ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Так рознабакова і дыскусійна, ды яшчэ на мове пластыкі, але без злоўжывання пантамімай, міф пра Арфея і Эўрыдыку яшчэ не ўвасабляў ніхто.