С.Саўрыцкі. “Адлюстраванне”. |
Невялікія па памерах работы быццам створаны рукой дзіцяці, якому падарылі сонечна-жоўтыя, снежна-белыя, сакавіта-салатавыя, фіялетавыя, ружовыя, аранжавыя фарбы — самыя чыстыя колеры.
Крытыкі адносяць творчасць Саўрыцкага да інсітнага мастацтва. Але немагчыма проста кінуць на карціны не вельмі ўважлівы позірк і ўсміхнуцца — яны абавязкова затрымаюць. Неабавязкова нечым таемным, што схавана і нясе ідэю, а сваёй эстэтычнасцю, адасобленасцю ад традыцый. Яму ўласцівы таксама позірк дарослага чалавека, які мае за плячыма мастацкую адукацыю (скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1967-ым) і разбіраецца ў суадносінах колеру і кампазіцыі. На ўсіх карцінах абавязкова ёсць цэнтр, які засяроджвае ўвагу, усюды існуе нейкі аб’ект, што запамінаецца.
Таксама ёсць далячынь, далёкія прасторы, і так хочацца павялічыць карціну да памераў сцяны, каб разгледзець усе дробязі і патануць у празрыста-слязлівым колеры.
Керамічныя вырабы С.Саўрыцкага. |
Яго вясёлка, якая паказана на палотнах “Адлюстраванне” і “У роспачы”, вельмі дакладна і ярка выпісана, такую ў жыцці не ўбачыш, але хочацца, каб на самой справе яна была такой. І хочацца гэтак жа затрымаць на шмат момантаў агрэсіўную маланку ў чорных хмарах, як зрабіў мастак (“Бліскавіца”). А спакойныя марскія хвалі мяккага незямнога колеру (тут і шэры, і жоўты, і крышку блакітнага) — проста мара.
Цікавы факт біяграфіі: менавіта Саўрыцкі быў першым настаўнікам па выяўленчым мастацтве Пятра Багданава, намесніка дырэктара Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. Яшчэ ён выхаваў дачку і сына, якія працуюць у кераміцы, а цяперашні дырэктар Лагойскага дома рамёстваў — Вольга Чарняўская — таксама вучаніца гэтага педагога-мастака.
Прызнанне і ўдзячнасць гледачоў і спецыялістаў, “прадавальнасць” за мяжой ён атрымаў за свае ганчарныя работы і дробныя вырабы з гліны. А вось жывапіс яго пачалі разглядаць упершыню. Сёння гаворка ідзе пра стварэнне дома-музея Саўрыцкага, які захаваў бы ўсе яго творы для землякоў і турыстаў, што прыязджаюць у горад з замежжа. А таксама — каб ушанаваць памяць мастака, што заўчасна памёр у гэтым годзе, 7 студзеня.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ