Радзіва сцэнічнае

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

На днях сталі вядомыя імёны пераможцаў конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый, зладжанага Міністэрствам культуры краіны, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў з мэтай выяўлення і падтрымкі цікавых ідэй у сцэнічным мастацтве.

/i/content/pi/cult/672/14839/prudok_opt.jpegЗ 20 заявак, пададзеных на конкурс, права ажыццявіць спекталь па сваёй задумцы атрымалі шэсць аўтараў: Вольга Кірэева — праект “Аліса ў Залюстэраччы” Льюіса Кэрала, Дар’я Марчанка — праект “Скрыпкі часам” Франсуазы Саган, Дзмітрый Цішко — праект “Ураджай” Паўла Пражко, Алена Сілуціна — аўтарскі праект “Сабакі”, Карына Рыбак — аўтарскі праект “Музыка вуліц” і Раман Падаляка — праект “Радзіва “Прудок”. Дзённік А. Горвата”.

З просьбай распавесці пра свае працы “К” звярнулася да дваіх пераможцаў — Карыны Рыбак і Рамана Падалякі.

— Мой праект заснаваны на інтэрв’ю з дзевяццю вулічнымі музыкантамі, — распавяла студэнтка БДАМ Карына Рыбак. — Гэта дакументальная п’еса, ідэя якой нарадзілася літаральна на вуліцы, калі я сама паспрабавала сябе ў ролі вольнага музыкі.

Карына мае адпаведную адукацыю па класе гітары і ўдарных, ёй было цікава атрымаць новы досвед — паіграць на вуліцы. Калі знаёмства з адным з музыкантаў вылілася ў вялікую змястоўную размову, дзяўчына зразумела, што эксперымент мусіць перарасці ў сапраўдны праект.

— Мае рэспандэнты аказаліся вельмі цікавымі асобамі, — дзеліцца яна. — Усе розныя, але радасць жывой ігры і ўзаемадзеяння з публікай для іх, сапраўды, самы лепшы шлях самарэалізацыі.

У спектаклі будуць задзейнічаны артысты Тэатра-студыі кінаакцёра і студэнты БДАМ. Яго прэм’ера запланавана ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у сакавіку 2018-га. Пастаноўка не абыдзецца без музыкі, як абяцае Карына Рыбак — падчас спектакля акцёры, як і належыць сапраўдным музыкам, ужывую сыграюць тыя мелодыі, што гучаць на вуліцах Мінска.

Не менш цікавасці выклікае і праект вядомага акцёра Купалаўскага тэатра Рамана Падалякі. Для сцэнічнага ўвасаблення ён узяў твор яшчэ аднаго слыннага “купалаўца” — Андруся Горвата, былога тэатральнага дворніка, які адным днём з’ехаў на Палессе ў вёску Прудок і напісаў пра тамтэйшае жыццё кнігу, скарыўшую сэрцы беларусаў. Гаворка — пра нашумелы зборнік “Радзіва “Прудок”.

— Асабіста для мяне твор Андруся стаў адкрыццём, — распавядае гісторыю нараджэння свайго праекта Раман Падаляка. — Таму ідэя зрабіць з яго тэатральны праект падалася цалкам натуральнай. Таксама ў нашым выпадку гэта і жаданне пашырыць аўдыторыю апавядання — каб з ім пазнаёміліся яшчэ больш людзей.

Сцэнічную адаптацыю акцёр робіць са сваім калегам “па цэху” — артыстам Міхаілам Зуем.

— Сваю ролю як рэжысёра пастаноўкі я ўспрымаю даволі ўмоўна, — кажа Раман. — Гэта будзе сумесная праца з акцёрамі, працэс нараджэння спектакля разам. І хачу падкрэсліць, што мы хочам прапанаваць свой погляд, алюзію на выказванне аўтара, не рабіць літаральнае прачытанне яго твора.

Прэм’ера пастаноўкі “Радзіва Прудок. Дзённік А. Горвата” мусіць адбыцца на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра ў красавіку. Спрыяе яе ажыццяўленню і мастацкі кіраўнік установы — Мікалай Пінігін.

— Ён адразу вельмі цёпла паставіўся да матэрыялу, і толькі садзейнічае нашаму праекту, — распавядае Раман Падаляка.

— Трошкі пашыраючы кантэкст, праект, натхнёны творам Андруся Горвата, уключае ў сябе тры часткі, — адзначае акцёр. — Кінастужка (акурат зараз Раман заканчвае манціраваць невялікі дзевяціхвілінны эпізод, які мусіць прыняць удзел у фестывалі velcom smartfilm — Д.А.), уласна спектакль і паказ пастаноўкі ў Прудку, дзе і нарадзіўся сам літаратурны твор. Гэта ў ідэале, — кажа акцёр.

Як адзначаецца ў палажэнні аб конкурсе, фінансаванне пастановак пераможцаў будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а гэтаксама за кошт іншых крыніцаў, якія не супярэчаць заканадаўству Беларусі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"