2018 — Год культурнай спадчыны ў краінах Еўропы

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

На пачатку снежня ён быў афіцыйна распачаты на Еўрапейскім культурным форуме ў Мілане.

Мэта падобнай акцыі, ініцыяванай Еўрапейскай камісіяй — прасоўванне культурнай разнастайнасці, аб’яднання грамадства праз міжкультурны дыялог, а гэтаксама ўмацаванне эканамічнага ўклада культурнай спадчыны ў творчы сектар ды развіццё рэгіёнаў.

У той жа час ініцыятыва скіравана не толькі на прыцягненне ўвагі, але і падымае праблемныя пытанні. Гаворка ідзе пра экалагічны і фізічны ціск на аб’екты культурнай спадчыны, незаконны зварот культурных каштоўнасцей, “наступ” лічбавых тэхналогій. Напрыклад, у межах Года культурнай спадчыны будуць вылучаныя культурныя аб’екты ў розных краінах Еўропы, якія знаходзяцца ў найбольшай небяспецы. Кампаніям і банкам прапануюць варыянты ўдзелу ў працэсе захавання гэтых помнікаў.

У 2018 годзе Еўрапейскі саюз запланаваў шмат мерапрыемстваў і акцый, што будуць садзейнічаць пераасэнсаванню і ахове культурнай спадчыны. Асноўную працу возьме на сябе Europa Nostra — вядучая арганізацыЯ ў галіне культурнай спадчыны ў ЕС.

— Беларускія арганізацыі і проста неабыякавыя людзі могуць далучыцца да Europa Nostra, — кажа Марыя Савушкіна, эксперт ад  Беларусі“Культурнай абсерваторыі краін Усходняга Партнёрства”. — Такое сяброўства — гэта выдатны шанец стаць часткай агульнаеўрапейскага руху ў ахове культурнай і гістарычнай спадчыны, знайсці партнёраў і аднадумцаў. Што ў сваю чаргу адкрывае магчымасці айчынным арганізацыям прыняць удзел у праграме фінансавання культурных праектаў Creative Europe.

“Культурная абсерваторыя краін Усходняга Партнёрства”, якая спрабуе разгледзець культуру Беларусі і іншых краін, выкарыстоўваючы актуальныя падыходы, прынятыя ў Еўропе, была створаная пры падтрымцы Праграмы ЕС “Культура і Крэатыўнасць” і працягне сваю працу ў 2018 годзе.

Культурнай сталіцай Еўропы ў 2018 годзе стане Валета — сталіца Мальты.