Трубач Рома чакае сяброў

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Культурнай сталіцай Беларусі на 2018 год абраны Наваполацк. Гэта адзін з самых маладых гарадоў Беларусі — налета яму споўніцца ўсяго 60. Ды не зважаючы на тое, ён ужо мае ўласную гісторыю, у тым ліку і культурную. Што на яго вуліцах выклікала “Ах!”, і як мастакі зрабілі гэта месца непадобным да ўсіх іншых у краіне? І што было б варта ўдасканаліць у наступным годзе, каб пачэсны “сталічны” статус запомніўся Наваполацку надоўга? Успамінамі пра горад свайго дзяцінства, а таксама думкамі пра фарміраванне яго эстэтычнага асяроддзя з “К” падзяліўся скульптар Аляксандр ШАППО.

/i/content/pi/cult/672/14837/1.jpgЯго вулічны музыкант — бадай, самая вядомая скульптура ў Наваполацку. Трубач пасяліўся на плошчы Будаўнікоў дзесяць гадоў таму. І за гэты час новых бронзавых жыхароў, якія перацягнулі б на сябе ўвагу, у горадзе пакуль не з’явілася.

— Гэта марачок Рома, — распавядае скульптар. — У яго на левай руцэ ёсць татуіроўка з імем і якарам, калі прыгледзецца. Для мяне ён чалавек, які служыў на рачным флоце і ўрэшце “прыплыў”. Працы на Заходняй Дзвіне больш няма, але ён узгадаў пра сваю музычную адукацыю і цяпер займаецца тым, што грае на вуліцы на трубе. У народзе вобраз неяк прыжыўся, нават у мяне часам пытаюцца: “А вы ведаеце, што яго завуць Рома?” Імя, напэўна, засела ў галаве яшчэ з тых часоў, калі быў папулярны мульцік пра боцмана і папугая Рому.

Ад народных абдымкаў скульптура ўжо блішчыць — што само па сабе сведчыць пра яе запатрабаванасць.

— Нацерлі яго там моцна — нібыта глянцавы стаў, — смяецца аўтар. — Бачна, што з ім шмат фатаграфуюцца, залазяць яму на рукі, абдымаюць, абапіраюцца на левы чаравік. Раней папяровыя банкноты ў капялюш кідалі, а цяпер да дэкаратыўных манет сыплюць сапраўдныя. Я і задумваў скульптуру як гульнёвую кантактную работу. Хацеў, каб яна была эмацыйная. Думаў, ну як жа гэта зрабіць? Хадзіў у Мінску на рэпетыцыі духавікоў, замалёўваў, як яны граюць на трубах. І зразумеў, што трэба герою шчокі надзьмуць і вочы вылупіць.

У сваёй майстэрні Аляксандр ШАППО захоўвае эскіз скульптуры вулічнага музыканта для Наваполацка.

“Скульптура ў горадзе — гэта важна”

Рома — вобраз зборны. І не сказаць нават, што выдуманы — такі персанаж усё ж мог існаваць, бо музыканты раней былі ці не ў кожным калектыве гарадскіх прадпрыемстваў. Напрыклад, у аркестрах “Нафтана” ці “Паліміра”. Але помнік паставілі амаль што выпадкова — у час святкавання 50-годдзя Наваполацка.

— Мы з бацькам (мастак Уладзімір Шаппо — “К”) увесь час хадзілі ў мэрыю з рознымі прапановамі: “Давайце ставіць скульптуру ў горадзе, гэта важна”, — узгадвае аўтар. — Неяк я прывёз эскіз з музыкантам. Мэрам тады быў Аляксандр Камароў. Яму спадабалася: “Класная работа, давай паставім”. У парку непадалёк з’явілася яшчэ работа маёй жонкі Ксеніі “Каханне на даўгіх нагах” — дзве птушкі. А за крамай “Паўлінка” — каменныя скульптуры з пленэра, які я праводзіў таксама да 50-годдзя горада.

Трубач — толькі адна з рэалізаваных на вуліцах Наваполацка задум Аляксандра Шаппо. Ідэй у скульптара было і застаецца безліч.

— Каля бібліятэкі імя Маякоўскага цікава было б зрабіць фігуру паэта — так, каб ён нібыта шпацыраваў разам з іншымі гараджанамі, — кажа мастак. — Не пафасна-манументальны, а натуральны — як частка гарадской прасторы. У нас з бацькам былі ідэі зрабіць помнікі-прысвячэнні вёскам, якія “з’еў” горад — старую з вядром, кавалак плота, на якім сядзіць кот… Я ўдзельнічаў у складзе аўтарскага калектыву ў конкурсе на помнік на плошчы Будаўнікоў, і мы нават перамаглі, але ўсё адно штосьці не пайшло. Задумак для Наваполацка каласальная колькасць!

Тры грацыі і зоркі-хуліганы

І гэта невыпадкова, бо бронзавы трубач — далёка не адзінае, што звязвае з горадам Аляксандра Шаппо.

— У мяне чатыры малыя радзімы, — тлумачыць ён. — Віцебск, дзе пазнаёміліся мае бацькі і дзе я нарадзіўся; Бабруйск, куды часова пераехаў да бабулі з дзядулем; Наваполацк, дзе прайшло маё дзяцінства; Мінск, дзе жыву і працую цяпер.

Аляксандр — старэйшы з дзяцей у мастацкай дынастыі Шаппо. Калі бацькі пераехалі ў Наваполацк у 1974 годзе, яму было тры гады. Яго браты Павел і Антон ды сястра Марыя нарадзіліся ўжо ў Наваполацку.

— Тады гэта быў малады горад, у які не толькі хімікаў і інжынераў запрашалі, але і мастакоў, каб фарміраваць паўнавартаснае асяроддзе, — кажа скульптар. — Бацьку прапанавалі выкладаць у мастацкай школе №1, мама працавала настаўніцай малодшых класаў у школе №9. Мы з братамі там таксама вучыліся і дадавалі ёй клопату сваёй актыўнасцю.

Сілу мастацтва і ўплыў гарадскога асяроддзя, у якім жывеш штодзень, Аляксандр зведаў на сабе яшчэ тады.

— У Наваполацку я хадзіў у тры школы — другую, чацвёртую і дзявятую, — згадвае ён. — Дарога да другой ішла праз цэнтральную плошчу Будаўнікоў. Тады там быў шыкоўны плакат кшталту “Слава будаўнікам камунізму”. Мне так падабаўся там партрэт мужыка, што я ўсё думаў, як бы мне гэтаксама выразна маляваць навучыцца. І яшчэ ўразіла велізарная мазаіка са смальты на сцяне. На шчасце, яна захавалася і цяпер. Каб у наш час замовіць такую, трэба мець фантастычныя фінансавыя магчымасці — смальта ж вельмі дарагая. Перад Палацам культуры нафтавікоў стаялі тры грацыі, выразаныя з дубу — шыкоўная работа Льва Аганава, які потым стаў маім настаўнікам. Памятаю, што ўсё гэта ўражвала і выклікала “Ах!” Я ішоў той дарогай у школу, каб прасякнуцца мастацтвам. Часта нават спазняўся з-за гэтага.

Па сямейнай легендзе, скульптара ў сыне бацькі ўбачылі амаль адразу пасля пераезду ў Наваполацк.

— Па словах бацькі, ляпіць я пачаў ужо гады ў чатыры. Ён убачыў, як я зрабіў нейкі паравоз, і потым заўсёды распавядаў, які класны быў той паравоз, — смяецца Аляксандр. — У дзявятай школе я быў адказным за сценгазету і маляваў там хуліганаў, а яны кралі нашы газеты, бо ім вельмі падабалася, як яны там выглядаюць — з вялікімі кулакамі, фінгаламі пад вачыма. Мяне паважалі за тое, што я рабіў іх зоркамі. Маўляў, сапраўдны мастак.

У чацвёртым класе будучы скульптар пайшоў яшчэ і ў мясцовую мастацкую школу.

— З-за гэтага давялось кінуць заняткі ў басейне, — узгадвае ён. — Я плаваў у школе алімпійскага рэзерву. І неяк на адказных спаборніцтвах задумаўся і ўрэзаўся ў борцік. Каманда засмуцілася, што я сарваў ім агульны вынік, а я — не, бо ўжо жыў іншымі захапленнямі. Бацька выкладаў гісторыю мастацтваў, у яго я таксама вучыўся ў мастацкай школе. Каб я там слабіну даў, ён бы першым мяне выгнаў, а не кагосьці іншага. Ён заўжды казаў: “Калі не цягнеш, то і не бярыся. А калі ўжо стаў на такі шлях, будзь найлепшым”. Я пайшоў тым шляхам інтуітыўна — у мяне былі дадзеныя, ляпіць і маляваць здавалася лёгкай справай. Мама падсоўвала мне адпаведную літаратуру. У нас дома была самая вялікая бібліятэка ў горадзе па выяўленчым мастацтве — дзесяць тысяч кніг.

Мастацтва на кожным кроку

Уладзімір Шаппо працаваў тады яшчэ і ў майстэрнях, якія раней месціліся на вуліцы Паркавай. Цяпер іх ужо там няма.

— Я рана пачаў дапамагаць бацьку, разам з ім працаваў над вітражамі і роспісамі — зарабляў так сваю першую капейчыну, — усміхаецца Аляксандр. — Акцэнт на мастацтве ў афармленні гарадской прасторы ў той час быў заўважны. Яно абавязкова прысутнічала ў паліклініках, басейнах, школах — самых розных будынках. Захавалася не ўсё, але тое, што засталося, — унікальныя рэчы. Не дзіва, што ў 1980-я гады менавіта ў Наваполацку адбылося такое вялікае мерапрыемства, як З’езд мастакоў-манументалістаў СССР. Мне здаецца, гэта адзіны ў Беларусі горад, дзе нават пад’езды дамоў і прыпынкі грамадскага транспарту аформленыя рознымі мазаікамі. Сёння нават уявіць складана, каб хтосьці замовіў нешта такое і вылучыў на гэта сродкі.

Скончыўшы мастацкую школу, Аляксандр у 1986 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу мастацтва і музыкі імя Івана Ахрэмчыка. Пасля арміі канчаткова пераехаў у сталіцу і паступіў у Акадэмію мастацтваў. Потым паступова ў Мінск перабралася ўся сям’я Шаппо. Але пра Наваполацк у ёй засталіся цёплыя ўспаміны.

— Столькі звязана з гэтым горадам! Спачатку ён падаваўся мне велізарным. Ідзеш па ім — быццам на край свету. Хаця потым я зразумеў, які ён невялікі. Мама бацьку ў майстэрню суп перадасць. Я мог праз увесь горад прайсці, а суп не астываў, — смяецца Аляксандр Шаппо. — Столькі месцаў цікавых там было — цір і могілкі каля мастацкай школы, лазня, нават ваенкамат. Я заспеў яшчэ тыя часы, калі на святы кінамеханікі вывешвалі ў дварах экран і паказвалі па вечарах фільмы проста на вуліцы. Мяне як старэйшага сына мама пускала на такія паказы. Калі адкрыўся кінатэатр “Мінск”, трэба было ў чарзе стаяць, каб узяць білет на заўтрашні дзень. Наваполацк нават лічыўся круцейшым за старажытны Полацк. Цяпер такога няма. Як і паўсюль, усё больш гандлёва-забаўляльныя цэнтры з’яўляюцца. Ад гэтага мне крышачку сумна. А можна было б сфарміраваць ледзь не цэлую вуліцу скульптуры — і камернай пленэрнай, і бронзавай.

Даведка

Наданне статусу культурнай сталіцы — штогадовая рэспубліканская акцыя для падтрымкі і развіцця культуры ў рэгіёнах Беларусі. З 2009 года гэта званне атрымліваюць розныя гарады. Яго ўжо мелі: 

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"