Без удакладнення “сацыялістычная”?

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Карпатлівая работа па намінаванні савецкай архітэктуры ў Спіс UNESCO непазбежна вядзе да яе пераасэнсавання. І без дыскусіі тут не абысціся
Як ужо не раз пісала “К”, сталічны праспект Незалежнасці мае ўсе шансы патрапіць у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO — не паасобку, а ў рамках вялікай транснацыянальнай намінацыі. Працэс яе падрыхтоўкі спакваля прасоўваецца. Чарговы, ужо чацвёрты семінар, арганізаваны фондам “Культурная спадчына і сучаснасць” у супрацоўніцтве з Інстытутам кіравання спадчынай універсітэта Котбус-Зенфтэнберг (Германія), адбыўся ў снежні ў Мінску. Ён сабраў прадстаўнічых экспертаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Германіі. Сярод яго вынікаў — працоўная назва намінацыі, кожнае слова ў якой запатрабавала працяглых дыскусій.

/i/content/pi/cult/671/14834/IMAG2720_opt.jpegМовай мастацтвазнаўства

Падчас дэбатаў, якімі суправаджалася абмеркаванне назвы намінацыі, эксперты прынялі рашэнне адмовіцца ад выкарыстання слоў “трыумф” (бо яно патрабуе адказу на пытанне “трыумф чаго?”) і “сацыялістычны”. Ды і ўвогуле палічылі за лепшае ўнікаць палітычных тэрмінаў, аддаючы перавагу мастацтвазнаўчым — куды больш звыклым для дакументаў UNESCO. Адпаведна, будынкі сталінскага ампіру, якія павінны былі ўвасабляць сацыялізм як перадавы лад жыцця, эксперты прапануюць пазбавіць ідэалагічнага падтэксту і разглядаць найперш як творы мастацтва.

На дадзены момант, працоўная назва гучыць наступным чынам: Пасляваенныя цэнтральныя магістралі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе ў 40-я — 50-я гады ХХ стагоддзя. Па словах прафесара ўніверсітэта Котбус-Зенфтэнберг Майкла Шміта, гэты нейтральны варыянт стаў вынікам своеасаблівага кампрамісу паміж экспертамі.

У прыватнасці, пытанні выклікала нават слова “пасляваенная”. Па словах спадара Шміта, яго выкарыстанне не выключае магчымасць уключэння ў намінацыю і архітэктуры 1920 — 1930 гадоў — асабліва калі яна стала часткай ансамбля. Але менавіта тыя вялікія страты, якія спазналі падчас вайны Мінск, Варшава, Кіеў і Берлін, спарадзілі магчымасць стварэння новых магістраляў і ўвасаблення новага тыпу горадабудаўнічага падыходу.

Нягледзячы на настойлівую параду дадаць у назву азначэнне “нацыянальная разнастайнасць” — што аказалася прынцыпова важным для прадстаўнікоў Украіны — было вырашана пакінуць яе толькі як дадатковы атрыбут. Але пра гэта пазней.

Вызначэнне крытэрыяў

Каб давесці міжнароднай супольнасці, што сацыялістычная архітэктура мае ўніверсальную каштоўнасць, вельмі важна выкарыстоўваць “правільныя” крытэрыі. У метадычных рэкамендацыях UNESCO іх агулам прыведзена дзесяць. Пасля доўгіх абмеркаванняў, эксперты прыйшлі да высновы, што ансамблі сталінскай пары адпавядаюць тром — І, IV і VI.

Першы з гэтых крытэрыяў прадугледжвае наяўнасць пэўнага прататыпу, які затым быў рэалізаваны ў некалькіх рэгіёнах і гарадах. Вядома ж, каноны савецкай архітэктуры ствараліся ў сталіцы СССР, увасабляючы каштоўнасці новага сацыялістычнага грамадства. А затым ужо іх бралі за аснову ў розных кутках дзяржавы і ў іншых краінах.

Між іншым, нам з гэтай нагоды камплексаваць не выпадае. Як патлумачыў вядомы беларускі мастацтвазнаўца Ігар Духан, хаця сама ідэя сацыялістычнай планіроўкі ўзыходзіць да генеральнага плану Масквы 1935 года, але ў савецкай сталіцы так і не атрымалася стварыць аднастайны завершаны ансамбль. Затое, гэта адбылося ў Мінску.

— Менавіта ў нас была ўвасобленая сама ідэя цэнтральных магістраляў, якія наскрозь перасякаюць горад, факусуючы на сабе ўсю гарадскую тканіну, — перакананы даследчык.

Другі крытэрый прадугледжвае ансамблевасць і агульныя тыпалагічныя характарыстыкі. Лёгка заўважыць, што жылыя, культурныя і адміністратыўныя пабудовы праспекта Незалежнасці аб’яднаныя ў адно цэлае. Болей за тое — як падкрэсліў Ігар Духан, менавіта ў Мінску паўстаў апошні класіцыстычны ансамбль у гісторыі еўрапейскай архітэктуры!

Трэці крытэрый тычыцца нематэрыяльных праяў культуры. У дадзеным выпадку, гэта новая ідэя горадабудаўнічага планавання, якая асацыюецца з адмысловымі каштоўнасцямі сацыялізму.

На наступным этапе кожная краіна павінна даказаць права “сваіх” аб’ектаў на ўдзел у намінацыі менавіта згодна з гэтымі крытэрыямі. Іх неабходна пацвердзіць так званымі атрыбутамі — фізічнымі асаблівасцямі, якія раскрываюць агульную ідэю на канкрэтных прыкладах. Прычым для кожнага помніка, які прапануецца ўключыць у Спіс сусветнай спадчыны, трэба стварыць сваю карту такіх атрыбутаў, здатную давесці асаблівасць менавіта гэтага ансамбля.

Працу над ёй эксперты працягнуць па вяртанні ў свае гарады. Дэдлайн вызначаны да канца студзеня, але некаторыя ўдзельнікі семінара ўжо прэзентавалі пэўныя вынікі. Асновай для стварэння карты атрыбутаў Мінска сталі шэсць пунктаў: 1) сацыялістычны зямны рай: матэрыяльны дабрабыт і сацыяльная справядлівасць, 2) сацыялізм як абсалютная мадэрнасць, 3) сацыяльная цэласнасць, 4) інтэграцыя горада і прыроды, 5) неакласіцызм, заснаваны на ідэі ансамбля, 6) класіцызм у нацыянальным абліччы.

Натхняльным прыкладам эксперты прызналі таксама і дэталёва структураваную карту атрыбутаў, прадстаўленую нямецкімі экспертамі. У прыватнасці, Рамона Дорнбаш, звярнула ўвагу ў тым ліку і на гістарычную пераемнасць. Скажам, цэнтральныя плошчы не змянілі свайго функцыянальнага прызначэння і па сёння, застаючыся месцамі для правядзення грамадскіх мерапрыемстваў. І гэта тычыцца не толькі Берліна, але і, напрыклад, Мінска.

Пытанне нацыянальнага

Падчас семінару віцэ-прэзідэнт Саюза архітэктараў Украіны Алена Алейнік настойліва акцэнтавала ўвагу на вельмі важным для сваёй краіны пытанні. Сімвалы нацыянальнага ў забудове Храшчаціка сёння інтэрпрэтуюцца найперш як схаваны пратэст супраць “чужароднага” савецкага ладу. У якасці аргументу на карысць такой пазіцыі спецыяліст прывяла звесткі пра ўдзел у паваеннай адбудове кіеўскага праспекту выключна прадстаўнікоў украінскай архітэктурнай школы.

Параўноўваючы цэнтральныя праспекты Мінска і Кіева, спадарыня Алейнік падкрэсліла іх прынцыповую розніцу — нягледзячы на агульную ідэалагічную скіраванасць. Па яе словах, калі для стварэння нашай магістралі былі знішчаныя цэлыя кварталы, дык адбудова Храшчаціка — гэта хутчэй аднаўленне старой вуліцы ў іншым маштабе і іншых нацыянальных формах. Як адзначыла спецыяліст з Украіны, менавіта прыкметны нацыянальны складнік і мяккая ўпісанасць кіеўскай магістралі ў існы ландшафт робіць яе заўважнай на фоне іншых ансамбляў гэтага перыяду.

У сваю чаргу, германскія эксперты акцэнты расстаўляюць іначай. Калі Карл Маркс Алея, на іх думку, з’яўляецца відавочнай праявай “нямецкасці”, то казаць, што нацыянальныя матывы ў архітэктуры мінскага і кіеўскага праспектаў — гэта справа рук менавіта беларускіх альбо ўкраінскіх дойлідаў, не выпадае. Бо, маўляў, у тыя часы ўсё вызначалася ў Маскве — у тым ліку, і цэнтралізаваны ўхіл на “нацыянальную разнастайнасць”.

Зрэшты, у нечым кансэнсус усё ж быў дасягнуты. Ніхто з экспертаў не сумняецца, што літаральна ўсе прапанаваныя да намінавання аб’екты ў той ці іншай ступені прасякнутыя элементамі нацыянальнай разнастайнасці. Думаецца, для многіх суайчыннікаў нават такі падыход можа падацца дзіўным — савецкая архітэктура дасюль звычайна ўспрымалася як з’ява ўніфікаваная. Аднак яе дэталёвае (пера)асэнсаванне і падаецца адной з галоўных задач “мінскіх семінараў”.

Адказы будуць пазней

Цэнтр горада міжволі з’яўляецца транслятарам пэўнага яго вобраза жыхарам і турыстам. Ці саспела Беларусь прыняць сацыялістычную забудову толькі як твор мастацтва? Ці магчымая на нашай тэрыторыі такая
нейтральная інтэрпрэтацыя савецкай спадчыны? Наколькі прымальным будзе для часткі грамадства вяртанне да пэўнага ўсхвалення ідэалаў мінулай эпохі? І ці гатовая краіна да таго, што менавіта “сталінскі ампір” стане яе візітоўкай у сферы турызму? Або сёй-той з нас і надалей будзе з зайздрасцю параўноўваць цэнтр Мінска са Старым горадам Вільні, які ўжо даўно занесены ў спіс UNESCO.

Як падаецца, адказы на гэтыя пытанні выкрышталізуюцца значна пазней. На дадзены ж момант сама магчымасць далучыцца да Спісу Сусветных каштоўнасцей — няхай і ў складзе міжнароднай намінацыі — пераважае над рэфлексіямі і выліваецца ў спробу апрануць сацыялістычны класіцызм у нацыянальны строй дзеля надання яму больш пазітыўных канатацый.

Адзінагалосна ўдзельнікі семінара сыходзяцца ў адным — наданне статусу каштоўнасці ў перспектыве дапаможа захаванню савецкай архітэктурнай спадчыны. Як вынікае са слоў экспертаў, сітуацыя з будаўнічымі інвестыцыямі ў цэнтры мегаполісаў стала аднолькава балючай тэмай як для Мінска, так і для Кіева ды Масквы. Адпаведна, мастацтва сацыялізму зноў павінна змагацца з праявамі сучаснага капіталізму. І менавіта жорсткая рэгламентацыя ахоўных і буферных зон — непазбежная пры ўключэнні аб’ектаў у Спіс UNESCO — паспрыяе захаванню таго культурнага ландшафту, які не адно пакаленне мінчукоў ужо звыклася лічыць родным.

Алена ЖАСТКОВА

Ад рэдакцыі. Падрыхтоўка транснацыянальнай намінацыі ў Спіс сусветнай спадчыны — працэс марудны і шмат у чым фармалізаваны. Аднак ёсць надзея, што ён прынясе рэальную карысць — нават нягледзячы на канчатковы вынік. Супольная праца навукоўцаў з розных краін мае паспрыяць не толькі захаванню, але таксама і своеасабліваму “рэбрэндынгу” савецкай архітэктурнай спадчыны. Хочацца верыць, ён дапаможа ўсвядоміць яе ўніверсальную каштоўнасць.