Такая нямодная модная музыка

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Своечасовыя думкі невыпадковага ў шоу-бізнесе чалавека аб выпадковых людзях
У апошнія гады Макс ЛОРЭНС стаў бываць у Беларусі значна часцей. Што радуе. А то ўжо беларуская музыка амаль зусім развіталася з чарговым сваім “казачком”, які быццам бы перабраўся ў расійскі шоу-бізнес, спакусіўшыся непараўнальна большымі магчымасцямі для рэалізацыі творчых ідэй. І з іх аплатай непараўнальна большай. Але “казачок” апынуўся, як і ў фільме пра няўлоўных, засланым. Наш ён! Артыст цяпер не проста зазірае дадому ды выступае мімаходзь дзе-небудзь на Гомельшчыне, а шукае ў родным горадзе таленты, каб айчынная песенная культура развівалася ў рэчышчы сучасных музычных тэндэнцый свету.

/i/content/pi/cult/671/14833/_opt.jpegХтосьці губляе, хтосьці знаходзіць

— Дык дзе вам больш працуецца — у Беларусі ці за яе межамі?

— Не магу дакладна адказаць. Ёсць прапановы, мы з маёй камандай на іх рэагуем. Гэта могуць быць канцэрты, здымкі, супрацоўніцтва з артыстамі з розных краін, запіс саўндтрэкаў, песень для сябе і іншых, прадзюсаванне. Ёсць уласная школа Max Lorens Vocal Studio, у якой я дапамагаю ў пошуку вакальнай індывідуальнасці і праводжу майстар-класы.

— Школу гэтую вы адкрылі ў Гомелі каля года таму, пра нейкія вынікі ўжо можна казаць?

— Яна працуе. Некаторых ужо заўважылі і запрашаюць на выступы. Увогуле, усе малайцы! І, вядома, плануецца новы кастынг.

— У сваіх камандзіроўках я часта сустракаюся з кіраўнікамі дзіцячых школ мастацтваў. Натуральна, гутарым з імі пра музычны напрамак гэтых устаноў. Пра тое, што сёння ў іх набіраюць усіх запар, што падае прэстыж прафесій музыканта і музычнага педагога, зніжаецца ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў і маладых выкладчыкаў...

— У музыцы не павінна быць выпадковых людзей. Важным і ключавым словам тут з’яўляецца “талент”. І ў першую чаргу ён павінен быць у тых, хто вучыць дзяцей музыцы. У тых, хто бярэ на сябе адказнасць за падапечных. Прэстыж і ўзровень якраз і падаюць з-за слабой падрыхтоўкі спецыялістаў, якія ў належнай ступені не валодаюць нават стандартнымі ведамі. А неабходна ж яшчэ і дадаткова самаадукоўвацца. У музыцы ёсць шмат таго, што не напісана ў падручніках, у ёй не толькі ноты. Гэта яшчэ і псіхалогія, і філасофія, і... матэматыка. Музыка — не вытворчасць, ставіць тут што-небудзь на паток ні ў якім разе нельга.

— Не адзін беларускі музычны дзеяч мне казаў, што ў нас пры нядрэнным дзіцячым спеўным узроўні, пры тым, што ёсць пастаянная моцная праслойка артыстаў ва ўзросце 25 — 35 гадоў, недзе губляюцца тыя, каму ад 17 — 18-ці да 25-ці. Згодныя?

— Думаю, яны проста занятыя звычайнай вучобай. Часта бывае і такое, што шалёна
здольны вакаліст адпрацоўвае сваё размеркаванне, таксама застаючыся па-за музыкай. Хтосьці працуе менеджарам або бухгалтарам у якой-небудзь кампаніі — і яму не да песень. Гэта значыць, у сілу нейкіх прычын у людзей няма часу на творчасць або сродкаў на яе. Адсюль і страты. Але хтосьці дзе-небудзь у Кіеве і прадзюсара шукае!

А ці не праспяваць мне песню ў R’n’B?

— Вы аддаеце перавагу яркай, прыгожай музыцы, якая дазваляе прадэманстраваць спеваку ўсе адценні яго вакалу. З іншага боку, родны Гомель — сталіца беларускага “жалеза”. Наколькі я памятаю, нейкі час менеджарам у вас быў Віктар Лапіцкі, які выконвае тыя ж абавязкі ў культавым айчынным метал-гурце Gods Tower. Ніколі не хацелася паспрабаваць сябе ў хард-н-хэві?

— Так, у дзяцінстве я марыў быць рок-зоркай! Слухаў вельмі шмат рок-музыкі, нават панк! Напэўна, гэта і прымусіла мяне навучыцца граць на гітары: памятаю, яна заўсёды і ўсюды была са мной. (У прынцыпе, як і цяпер, паколькі я магу пачаць пісаць песні проста ў дарозе.) Але са сталеннем пацягнула да іншай музыкі: пачаў слухаць больш блюз і поп, потым соўл і R’n’B. Вось так усё проста!

— Дарэчы, ці прыжыліся масава на прасторах былога Саюза соўл, R’n’B — стылі, у якіх Макс Лорэнс сапраўдны дока? Або яны так і не выйшлі за межы забаўляльных начных установаў?

— У чыстым выглядзе, мне здаецца, R’n’B застаецца ўсё яшчэ экзотыкай для славян. Для таго, каб гэты напрамак
падабаўся, неабходна яго тонкая адаптацыя пад слухача. Даводзіцца яго сінтэзаваць і змяняць стылістычна, я б сказаў, спрашчаць, рабіць больш меладычным. Наўрад ці R’n’B загучыць у канцэртных залах. А вось на адкрытых пляцоўках або ў клубе ён заўсёды будзе да месца. Вядома, яго асноўная аўдыторыя — моладзь: гэта, бадай, па-ранейшаму самы модны і гламурны стыль у музыцы.

— Вясной я ўзяў інтэрв’ю ў беларускай рок-легенды Алега “Джагера” Мінакова, які пражывае ў Бельгіі. Зайшла размова і пра вас. Прыводжу поўную цытату Алега: “На дні нараджэння Уладзіміра Цэслера, які адзначаўся ў канцы красавіка, я “прадставіў” публіцы Макса Лорэнса — выдатнага выканаўцу, вядомага не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі з Украінай. Ён узяў гітарку і стыльна так праспяваў. Дамовіліся, што Макс прыедзе да мяне, пасядзім з ім у студыі, памяркуем, можа, што-небудзь прыдумаем. Яму патрэбен хіт, а голас, густ і знешнасць у яго ёсць”. Абмеркавалі ўжо?

— Усё менавіта так і было! Алег вельмі круты — выдатны артыст і кампазітар. У яго велізарны досвед і яркі стыль. Але мне пакуль не ўдалося пабываць у яго ў гасцях: справы не адпускаюць. Аднак ідэя гэтая не забытая, мы абавязкова яе ажыццявім!

Не спі, мастак

— Вы задаволеныя тым, як складваецца ваш творчы шлях пасля таго, як спынілі шчыльна ўзаемадзейнічаць з Сяргеем Пархоменкам? Альбо дзесьці тармазнулі з нейкіх прычын?

— У мяне ўсё пачалося значна раней за сустрэчу з ім. У канцы 1990-х мы з маім сябрам стварылі дуэт: выконвалі свае аўтарскія песні пад гітару, удзельнічалі ў многіх фестывалях і конкурсах. Потым утварылі гурт SlamJam, якi называлі беларускім Backstreet Boys. Мы вельмі крута акапэльна спявалі. У выніку — маштабныя выступы і сольныя канцэрты. Нас тады падтрымліваў Анатоль Ярмоленка, за што яму дзякуй. Як і музычнаму кіраўніку “Сяброў” Мікалаю Сацуры за праяўленую да нас увагу. Дапамагалі Аляксандры Гайдук у запісе яе сольнага альбома. З Інай Афанасьевай ездзілі сумесна ў два туры. Затым была працяглая праца з эстрадна-сімфанічным аркестрам Гомельскай абласной філармоніі: спачатку ў складзе гурта, а потым я стаў вядучым салістам гэтага калектыву. У 2002 годзе ўзяў Гран-пры на Міжнародным фестывалі эстраднага мастацтва ў Арле “Славянская зорка”, а ў 2003-м на “Славянскім базары ў Віцебску”.

І вось, недзе прыблізна ў той час з’явіўся праект “Сярога”. А праз дзесяць гадоў я сышоў ад Пархоменкі. З тых часоў, запэўніваю вас, у творчасці не спыняўся, а працягнуў развівацца. І ёсць шмат цікавых, таленавітых артыстаў, з якімі супрацоўнічаў і супрацоўнічаю: ST1M, ST, Б’янка, Валерый Дзідзюля, Anggun, Анюта Слаўская, Palyur, Ліён. Мне падабаецца тое, чым я займаюся.

— Пра “Славянскі базар”. Вы — першы беларускі артыст, які выйграў Гран-пры яго міжнароднага конкурсу. Напэўна, хоць неяк сачылі за ім з тых часоў. Ці стала перамога рэальнай прыступкай у вялікі свет папулярнай музыкі? Або прарыў быў выключэннем з правілаў?

— Перамога на любым конкурсе заўсёды дае шанец стаць папулярным. Калі выканаўца хоча і надалей кудысьці прасоўвацца ў прафесійным стаўленні, яму неабходна мець гатовы матэрыял яшчэ да ўдзелу ў конкурсе. Але пасля перамогі
нельга марудзіць, спаць — момант славы занадта кароткі. Можа ісці ўслед шмат прапаноў. Іх неабходна дбайна фільтраваць і не дапусціць памылак у выбары. Артысту-пачаткоўцу трэба ясна разумець, чаго ён наогул хоча дамагчыся.

— Вось-вось! Прэтэнзіі беларускай музычнай крытыкі да сучаснай айчыннай поп-музыкі і заключаюцца ў тым, што, на яе думку, вялікая частка гэтага “айсберга” — суцэльная архаічная постсавецкая эстрада. Актуальны прадукт, хоць неяк арыентаваны на сусветную кан’юнктуру, існуе пераважна на клубным узроўні, масавай публіцы ён амаль невядомы. Ці падзяляеце вы такія меркаванні?

— Я стаўлюся да беларускай эстрады роўна. Яна ў мяне не выклікае ні шалёнага захаплення, ні засмучэння. Шмат яркіх яе прадстаўнікоў працуюць за межамі краіны, паколькі не знайшлі ў нашай музыцы свайго месца, былі
занадта дзіўнымі для яе, залішне... моднымі, таму і заставаліся незразумелымі. Палохае толькі аднастайнасць. Як нехта сказаў мне аднойчы: “На сцэну выходзіць артыст за артыстам, але ты працягваеш чуць адну і тую ж песню”...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"