Зюзя на дварэ — куцця на стале

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Сябры мне кажуць: “Што ты ўсё пра Зюзю ды пра Зюзю. Мы пра яго толькі ад цябе і чуем. Які ён? Мо такі ж дакладна, як і Дзед Мароз?” Са студэнцтва філфакаўскага памятаю, што не такі. Абклаўся я старымі дапаможнікамі па язычніцкай міфалогіі ўсходніх славян. І вось ён — збіральны вобраз нашага Зюзі. Бог зімы і холаду. Зюзець — значыць, мерзнуць. Жыве ў лесе, прачынаецца перад Калядамі. Блукае паміж елак басанож, у расхрыстаным кажуху, без капелюша і з жалезнай даўбнёй у руцэ. Адзінае падабенства з Дзедам Марозам — даўгая белая барада. Калі Зюзя не ў гуморы, стукае даўбнёю ў пень. Задобрыць злога старога можна толькі куццёй. Тады становіцца ён лагодным, можа нават у сялянскую хату зайсці, гаспадароў пра завіруху папярэдзіць.

/i/content/pi/cult/671/14832/55552.jpgВось такі ён, наш маргінальны Зюзя. Але ў шэрагу сённяшніх ліставанняў рэй вядзе папсовы Дзед Мароз як прадстаўнік масавай шырспажыўнай культуры. Дарэчы, мяне яшчэ ў дзяцінстве сястра пераканала, што няма ніякіх Дзядоў Марозаў, а падарункі нам рыхтуюць бацькі. А я заўжды верыў сястры. Як, зрэшты, і бабулі. Тая, памятаю, узімку распавядала пра Зюзю. Мы нават прыслухоўваліся і чулі, як ён недзе ў лесе грукае ў пень. Ды мы з бабуляй і дамавіка ў кладоўцы ледзь не з рукі падкормлівалі… Так што я — за нацыянальную традыцыю. Але перамагае на беларускіх абшарах пакуль старэйшы таварыш Снягуркі — Дзед Мароз.

Ягоная рэзідэнцыя на Ашмяншчыне, да прыкладу, пачала дзейнічаць у аграсядзібе “Вячкойні” 17 снежня. Дзеці разам з бацькамі пераадолелі мноства перашкод, выканалі заданні квэсту. А падарункам ім сталі карагоды вакол ёлкі, дыскатэка, майстар-клас па вырабе навагодніх сувеніраў, смачныя пачастункі. Пра гэта паведаміў аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры.

Па традыцыі, яшчэ дзве навіны з Ашмянаў. Дырэктар мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка распавядае пра святочны канцэрт “Зімовая казка”, які школа правяла ў раённым цэнтры культуры. Выступілі хары малодшых і старэйшых класаў, ансамбль гітарыстаў “Фіеста”, навучэнцы харэаграфічнага аддзялення, юныя скрыпачы, ансамбль “Добры настрой”, піяністы.

А загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская паведамдяе пра сустрэчу з дзевяцікласнікамі сярэдняй школы № 1 Ашмянаў. Чарговая краязнаўчая гадзіна была прысвечана 160-годдзю з дня нараджэння Чэслава Янкоўскага — пісьменніка, гісторыка, краязнаўцы, перакладчыка, журналіста, ураджэнца вёскі Паляны. Бібліятэкары распавялі пра жыццё і творчасць навукоўца. Краязнаўчая чатырохтомная праца “Ашмянскі павет. Матэрыялы да гісторыі зямлі і людзей”, напісаная больш чым 120 гадоў таму, не страціла актуальнасці і сёння. Шкада толькі, што тамы гэтыя не захаваліся.

18 снежня ў Лідзе пачаўся “Ёлка-фэст”. У ім, як пішуць з Лідскага РЦКіНТ, прынялі ўдзел дзясяткі Дзядоў Марозаў і Снягурак, а таксама — касцюміраваных сабак — сімвалаў наступнага года. У навагодніх уборах і аксесуарах прайшліся па лідскіх вуліцах аўчаркі і мопсы, рэтрыверы і пекінэсы, лабрадоры і шпіцы. Потым адбылося ўрачыстае запальванне ёлкі. 27 каманд ад арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў горада спаборнічалі за шматлікасць і арыгінальнасць, найлепшую світу Дзеда Мароза, найлепшыя касцюмы. На першым месцы апынуліся каманды Лідскіх электрасетак, сярэдняй школы № 16, музычнага каледжа.

Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская піша: “Абноўлена рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў эколага-інфармацыйным цэнтры “На гасцяванні ў дванаццаці месяцаў” на беразе Свіцязі. Школьнікі Навагрудка наведалі казачных герояў, запалілі агеньчыкі на ёлцы. Навагоднія тэатралізацыі ў эколага-інфармацыйным цэнтры адбываюцца цяпер штодзённа”.

Інфармацыя ад аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут прайшоў агляд-конкурс “Дзед Мароз прадстаўляе”. Не абышлося без тэатралізаванага шэсця. Ладзіўся конкурс на найлепшае навагодняе віншаванне. Найбольш арыгінальнымі тут аказаліся прадстаўнікі СВК “Маяк — Заполле”.

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе выстава навагодніх hand-made сувеніраў. Свае работы прэзентуюць майстры ці не з усіх раёнаў вобласці. А паглядзець ёсць на што. У экспазіцыі — аўтарскія стылізаваныя лялькі, дэкаратыўныя пано, фларыстыка, ёлачныя ўпрыгожанні з бяросты, гліны, саломкі, а таксама — калядныя маскі.

Наш сталы пазаштатнік Андрэй Струнчанка паведамляе, што ў Мазалаўскім (Віцебскі раён) сельскім доме культуры працуе традыцыйная выстава-конкурс фотаздымкаў замежных студэнтаў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава — удзельнікаў клуба інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода”. У экспазіцыі — 120 работ, якія адлюстроўваюць традыцыі, культуру, прыроднае багацце самых розных краін ды кантынентаў.

У Залескім раённым доме рамёстваў (Смаргонскі раён) пачала дзейнічаць этнаграфічная выстава “Адкуль нашы карані?” Загадчык установы Таццяна Зяновіч распавяла, што ўнікальныя рэчы перадалі ў дом рамёстваў і самі майстры, і калекцыянеры-прыхільнікі даўніны. Сярод экспанатаў — ручнікі, посцілкі, вышыванкі, настольнікі, лубкі для збожжа, кераміка, кошыкі. Майстар-клас па іх пляценні правёў Аляксандр Мусскі. Перад наведвальнікамі выступілі артысты раённага цэнтра культуры і адпачынку. Гучалі толькі аўтэнтычныя творы. Пра гэта напісала Ала Клемянок.

Доўгачаканыя інфармацыі з Лельчыцкага раёна. У абодвух выпадках піша намеснік дырэктара Лельчыцкай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Варакса. Справа ў тым, што Стадоліцкая сельская бібліятэка ў чарговы раз сабрала сваіх сяброў-чытачоў. А нагода для гэтага была ўрачыстая: Уладзімір Сасноўскі, ураджэнец вёскі Жмурное і патомны хлебароб, адзначаў 65-гадовы юбілей. Уладзіміра Фёдаравіча віншавалі прадстаўнікі сельвыканкама, сельскагаспадарчай арганізацыі. У гонар юбіляра мясцовыя самадзейныя артысты падрыхтавалі канцэрт. Другая інфармацыя Таццяны Варакса — пра вечар з нагоды 70-годдзя Ліплянскай сельскай бібліятэкі, якая з 2014 года аб’яднана з бібліятэкай школьнай. Урачыстасці праходзілі ў СДК. Гучалі словы ўдзячнасці ў адрас і сумленных бібліятэкараў, і актыўных чытачоў.

Бібліятэкар другой катэгорыі дзіцячай бібліятэкі філіяла імя Аляксандра Пушкіна горада Магілёва Вікторыя Шарсцінава разважае ў сваім лісце аб праблеме чытання ў маладзёжным асяродку. Так, кажа яна, бібліятэка імкнецца закупаць усё тое, што карыстаецца попытам сярод маладых людзей. І самыя розныя бібліятэчныя акцыі ладзяцца. Але найбольш істотную дапамогу ў справе прапаганды чытання павінны аказваць бацькі. “Вы разам можаце прыйсці да нас, — пераконвае Вікторыя, — і выбраць любую літаратуру і для сябе, і для ўласных дзяцей. Менавіта так чытанне кніг у сям’і стане добрай традыцыяй”. Хто запярэчыць гэтым аргументам?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"