Вясёлкавы мост, што нясе святло

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Казка можа ўваходзіць у дзяцінства мяккай імглой, дзе блішчаць сумныя вочы невядомай істоты, смакам таямніцы, калі позна ўначы хаваешся з новай кніжкай і ліхтарыкам пад коўдрай і чакаеш, куды ж занясе цябе перагорнутая старонка. У тыя часы, калі ўсе дрэвы для нас вялікія, мы з лёгкасцю адчыняем дзверы ў другія сусветы, сядлаем адзінарогаў і адшукваем адзіную непарушную ісціну.

 /i/content/pi/cult/164/1483/Vyaselkavy-most1.jpg
 Р.Іваноў. “Вяртанне, або Прывал каля белай вежы”.
Аднак з гадамі мы пачынаем нагадваць кэралаўскую Алісу, якая стала занадта вялікай для дзверцаў у запаветны сад. І тут выратуюць толькі творцы, якія змогуць правесці нас, такіх сур’ёзных і дарослых, па кладачках у край дабрачыннасці і мары. Менавіта такі “Вясёлкавы мост” узвялі Наталля і Рыгор Івановы, адкрыўшы ў сталічнай галерэі “Мастацтва” аднайменную выстаўку.
— Мост злучае два берагі, з’яўляючыся сімвалам аб’яднання. Вясёлкавы ж— мост духоўны, праз які злучаецца наша творчасць, жывапіс. Кожная карціна становіцца адным са шкельцаў калейдаскопа, што, пераходзячы ад палатна да палатна, складаюць цэлае, — у адзін голас тлумачылі тэму экспазіцыі аўтары. — Чыстыя і гарманічныя колеры, з якіх складаецца вясёлка, з’яўляюцца ўзорам для нашага жывапісу, сродкамі чаго мы гутарым адно з адным і з гледачом, даючы яму магчымасць перайсці са свету паўсядзённага ў свет творчых фантазій і прыгод.
У дзвюх палавінак адной сям’і — розныя манеры сюжэтнага апавядання. Наталля тчэ мастацкае палатно з павольных рытмаў існавання сваіх персанажаў.
Яе мандаліністка ўтульна размясцілася на крылах курыцы і грае “Музыку цішыні”, а ў такт ёй гучыць “Дуэт з салаўём”.
“Любімы каўнерык” — бесклапотны рыжы кацяра — пяшчотна абдымае гаспадыню,
 /i/content/pi/cult/164/1483/Vyaselkavy-most2.jpg

Н.Іванова. “Сустрэча з ружовай марай”.

побач прагульваецца “Ганначка з букетам”, які, здаецца, вось-вось уздыме дзяўчыну над зямлёй, нібы паветраны шар.
Рыгор Іваноў задае больш напружаны тэмпарытм. Яго героі існуюць у пастаянным дзеянні, яны шукаюць магчымасці змяніць некаторыя дробязі, каб дадаць у штодзённасць кроплі цеплыні і радасці. Адзін, каб падарыць блізкім прыемныя сны, распачынае “Шпацыр з месяцам”. Другі знаходзіць адбітак начнога свяціла і літаральна становіцца тым, “Які нясе святло”. А трэці ўладкоўваецца перавозчыкам, каб “У лодцы” пераплываць з жадаючымі азёры мар і натхнення.
У кожнай выдуманай гісторыі ёсць праўдзівая выснова. Так і Івановы таму гледачу, які ўсё ж знойдзе краёчак вясёлкі, аддаюць абяцаную легендай таямніцу: сакрэт душэйнай раўнавагі, задаволенасці жыццём крыецца ў моцным сямейным падмурку. Бліжэйшым за розныя матэрыяльныя каштоўнасці да сэрца павінен быць “Свой домік”. Нават“Пакідаючы горад” трэба захапіць з сабою не толькі ноўтбук, але і агеньчык хатняй любові. Тады казка стане явай, і вы зможаце папросту акальцаваць “Жар-птушку” ці здзейсніць “Сустрэчу з ружовай марай”. 

Настасся ПАНКРАТАВА