Цэбар на насіліцы — і да студні!

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Докшыцкі раён: тэорыі і практыка вясковага раскалыхвання
З Віцебшчынай у мяне даўно і назаўжды звязаныя дзве асацыяцыі — лексічная ды гідралагічная. Першая тычыцца бытавання цудоўнага слова “мальцы” з націскам на першым складзе. Другое — не менш прыемнае, але на смак: такой вады, мяккай і лёгкай, у іншых абласцях каштаваць не даводзілася. Дык вось, і з мальцамі ад культуры, і з вадой ад крыніц і азёр я ўпершыню сутыкнуўся ў Докшыцкім раёне. А першая любоў, як і каханне, з гадамі не чэзне. Тым больш, што два толькі што агучаныя нюансы застануцца асноўнымі і для сённяшняга артыкула. Карацей, вось што я ўбачыў і адчуў падчас чарговага і, не буду хаваць, прыемнага наведвання Докшыцкага раёна.

/i/content/pi/cult/671/14829/56.jpg

Штосьці выдумаць — не надта складаная справа. Калі, натуральна, фантазія ёсць (любы творца — неўтаймоўны фантазёр) і практычнае ўменне выкарыстаць свае ды суседскія напрацоўкі. Значна цяжэй выдуманае давесці да лагічнага выніку. Для таго, каб ідэю рэалізаваць, адной фантазіі мала. Тут веды патрэбны, стасункі, уменне партнёра знайсці. І вось што цікава! Ну не сустракаў я за гады журналісцкай дзейнасці вось такой сітуацыі: прыходзяць работнікі культуры да старшыні райвыканкама і кажуць, што ідэй у іх — нібы каласоў у полі, а вось грошай няма… Значыць, кепскія ідэі? Дыхтоўная задумка выхоўвае і дысцыплінуе, прымушае прадумаць да драбніц увесь ход яе рэалізацыі.

На мой погляд, выдумшчыкаў-практыкаў у нас больш за ўсё на Гродзеншчыне і Віцебшчыне. Першых планава і сістэмна накіроўвае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Вярсоцкі. Другіх — дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука, якая сама мае немалы стаж “рэалізатара задумак”. Вось як яна характарызуе дзейнасць работнікаў культуры Докшыцкага раёна: “Працуюць стабільна”. Пра гэтую стабільнасць мы і пагаворым.

Статус памяняць

У гэтым артыкуле, папярэджваю, будзе вельмі шмат вады. Рачной, азёрнай, крынічнай, з калодзежа… Адна з прычын у тым, што Докшыцкі раён знаходзіцца на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. У горадзе бярэ пачатак рака Бярэзіна, за райцэнтрам — выток Віліі. Водная дзяржава, дый годзе. І брэнд адпаведны ёсць: “Фестываль дзвюх рэк”.

Спачатку мерапрыемства мела раённы статус. Але сёлетнім жніўнем быў праведзены ўжо другі Рэспубліканскі фэст. Трансфармацыя, пагадзіцеся, грандыёзная. Сёй-той і па сёння здзіўляецца, як можна было такога дамагчыся. Паспрыяў не толькі грант ПРААН. Кіраўніцтва раёна дакладна зарыентавала ў свой час работнікаў культуры. Наяўнасць рэспубліканскага фэсту павінна якасным чынам змяніць брэндавытворчую сітуацыю ў паселішчах раёна. Тое, што атрымалася, атрымліваецца і будзе атрымлівацца, пераканала і вобласць, і рэспубліку. Ды так, што ў перспектыве стала акрэслівацца і міжнародная прадвызначанасць мерапрыемства.

Я не буду апісваць усе калізіі сцэнарных хадоў “Фестывалю дзвюх рэк”, бо на старонках “К” рабіў гэта не раз. Тут важна пазначыць хіба што адну акалічнасць. Кожны сельсавет разам з мясцовымі работнікамі культуры рыхтуе да фестывалю падарунак — выявы сельскіх брэндаў культуры. Гэтыя кавалачкі тканіны і складаюць “карту адметнасцяў” Докшыцкага раёна. Атрымаўся даволі вялікі дыван, які знаходзіцца ў раённым доме рамёстваў. Працэс над яго стварэннем працягваецца. Інакш кажучы, работа па выкрышталізоўванні сельскіх брэндаў, па сутнасці, знаходзіцца ў стадыі развіцця ды ўдасканалення.

З аднастайнасцю пазмагацца

Ёсць тэорыя вялікага выбуху, у выніку якога пашыраецца Сусвет. Глабальная, трэба сказаць, справа. Старшыня Крыпульскага сельвыканкама Міхаіл Акунявец, разважаючы не менш глабальна, вынайшаў тэорыю вялікага сельскага ўскалыхвання, ці раскатурхвання. Маўляў, на тэрыторыі сельсавета — 18 вёсак. Пра цікавосткі пэўных з іх мала хто ведае. Таму і патрэбна тут разварушыць сітуацыю.

Жаданне старшыні супала з жаданнем работнікаў культуры. А тыя паставілі мэту: відазмяніць святы вёсак (а ладзіліся яны амаль па аднолькавым сцэнарыі) так, каб кожнае мела сваю непаўторнасць ды яркую адметнасць. Дый “Фестываль дзвюх рэк” патрабаваў таго ж. Словам, прыспеў час дзейнічаць хутка і, па магчымасці, беспамылкова. Міхаіл Акунявец стаў часцей сустракацца з клубнікамі ды бібліятэкарамі. А ў раёне — 11 сельсаветаў, там таксама гэткі ж “мазгавы штурм”. У выніку вось што атрымалася.

Адно за адным узніклі святы ліпы, гурка, зёлак, возера, лазні, ручніка, бусла, мёду, яблыка, рыбы, чарніц, юшкі, рэтра-свята “Народжаныя ў СССР”, свята вела-мота-аматараў… Працэс гэты доўжыцца, штосьці дадумваецца, адрасы фэстаў іншым разам мяняюцца. Усё гэта, так бы мовіць, зразумелыя ды апраўданыя выдаткі творчага пошуку. Міхаіл Акунявец перакананы, што нават невялічкая вёска павінна адчуць сваю значнасць і шматвекавую гісторыю. Адчуць і ачуняць. Зразумела, тут патрэбны яркі сцэнарый. Без гэтага вёску не раскатурхаеш. А задача ставілася трохі шырэйшая: каб і госцю — удзельніку “…дзвюх рэк” — было цікава тое паселішча наведаць. Дый дальнюю перспектыву з прыкідкай на магчымы міжнародны статус форуму не ўлічыць было немагчыма.

Займець музейную перспектыву

— Каб вёска Бярозаўка жыла падолей, — падхапіў размову загадчык Бярозаўскага сельскага клуба-бібліятэкі Міхаіл Ігнацкі, — варта “водную” тэму распрацоўваць у нас больш маштабна.

Ініцыятыва Міхаіла Пятровіча, можна сказаць, і стала асновай для напісання гэтага артыкула. Паблізу ад Бярозаўкі (ля вёскі Буй) ёсць святая крыніца з купеллю. Гэта раз. Маляўнічая сажалка ля бровара, што застаўся ад пана Свінтаржэўскага. Гэта два. Калодзежы. Гэта тры. Чаму б не ладзіць тут свята вады, свята студні? А для ўзмоцненай турыстычнай цікаўнасці ёсць тут арыгінальны касцёл, зроблены на базе будынка колішняй савецкай сельскагаспадарчай канторы, а перад ім два крыжы: каталіцкі і праваслаўны, якія “растуць” з адной кропкі. Такога красамоўнага сімвала брацкага паяднання парафій нідзе не бачыў. Дарэчы, царквы ў Бярозаўцы няма, але служба вядзецца рэгулярна ў адным з пакойчыкаў клуба-бібліятэкі…

— Хто ведае цяпер з моладзі, што каромысел у нас калісьці называўся “насіліцы”? — разважае ўслых загадчык гэтай установы. — А для чаго цэбар існаваў?

Старшыня Крыпульскага сельсавета, захапіўшыся тэмай, пачаў згадваць, як капаліся студні свойскія і грамадскія, як і дзе месца для іх выбіралася. “І такое было, — кажа. — Працуе капальшчык. За зямлёй гліна ідзе, за глінай пясок, а вады — ані кропелькі. Ломам трошкі кавырнуў — а яна як дась! Фантанам і выкінула. А лом так на дне і застаўся”.

Мяне асабіста вельмі цікавіць калодзежная тэма. Што такое конаўка і карэц? Ці толькі з дапамогай жураўля і барабана выцягвалася вядро з вадой? Хто яны, лазаходцы? І ці толькі з іх дапамогай адшуквалася месца для калодзежа? І чым ён, урэшце, адрозніваўся ад студні? (Дарэчы, матэрыялы пра святую ваду я знайшоў у дзіцячай бібліятэцы райцэнтра, дзе з дапамогай грантавых грошай адкрыўся Духоўна-культурны цэнтр “Добрае слова”.)

Вы, напэўна, зразумелі, што Докшыцкаму раёну з ягоным водным фестывалем патрэбны Музей вады (ці Музей калодзежа). Патрэбны, як вада ў смажны дзень, музей на Докшыччыне ёсць толькі ў Бягомлі. Прысвечаны ён Вялікай Айчыннай вайне. У раённым жа цэнтры ні музейнай установы, ні мастацкай галерэі. Праблема з праблем! Разумею, што вырашэнне яе — толькі ў дальняй перспектыве. І ці варта тут канцэнтраваць увагу на раённым цэнтры? У Бярозаўцы, ля касцёла, пустуе закансерваваны будынак бровара. Так, патрэбны вялікія фінансавыя ўкладанні. Але ж яны вартыя таго, каб працягнуць Бярозаўцы жыццё.

 

Знаёмцеся: асоба!

Не “Гамлет”, а “Паўлінка”

/i/content/pi/cult/671/14829/DSC05312-S.jpgХтосьці запытаецца: “А мальцы пры чым?” А вось пры тым. Мы пачалі падлічваць, колькі ж мужчын працуе ў сферы культуры Докшыцкага раёна. Аказваецца, больш за дзясятак. А гэта, я вам скажу, лічба. Бо ёсць раёны на Беларусі, дзе ў клубах ды бібліятэках мужчынскім творчым духам і не пахла ніколі. Значыць, ёсць нейкая асаблівасць у докшыцкай зямлі, што нараджае яна нястомна самаахвярных творцаў мужчынскага полу. Адзін з яркіх іх прадстаўнікоў — Віктар Арлоўскі з Параф’янава.

Шмат гадоў таму, калі я заязджаў у Параф’янава ўпершыню і знаёміўся з мясцовым СДК, іх тут было трое. Хлопцаў-клубнікаў так і называлі: “Тры мушкецёры”. Застаўся адзін — Віктар. Ён увогуле прываблівае нязменнасцю, стабільнасцю, нейкай спакойнай сілай ды перакананасцю, якія адразу бяруць у палон тых, хто знянацку аказваецца на клубнай сцэне. Так здарылася, да прыкладу, з Аляксандрам Кучыцам, былым участковым. Быў ён калісьці актыўным гурткоўцам-тэатралам. А цяпер, калі выйшаў у адстаўку, кіруе СДК. Малец? Канешне! І амаль ужо мушкецёр. Так што вакол Арлоўскага — нязменнага кіраўніка мясцовай тэатральнай студыі — пастаянна збіраюцца людзі, якія пачынаюць вельмі арганічна выконваць ролі, раней абсалютна для іх не ўласцівыя.

А пачалося ўсё з крэсельца. Віктар ці не з першага класа пачынае спяваць. А росту бракуе, таму салісту хору патрэбна крэсельца. Яно вандруе разам з ім на першых раённых гастролях. Арлоўскі і па сёння ўдзячны клубнікам, настаўнікам, якія яго не празявалі, заўважылі, ім заняліся. Праз нейкі час быў паспяховы ўдзел у рэспубліканскім фестывалі “Чырвоныя гваздзікі”. Віктар кажа, што за гэтыя напружаныя дні ён, каб супакоіць нервы, паспеў прачытаць “Вайну і мір”. Потым вучыўся ва Універсітэце культуры і мастацтваў. Паралельна, але завочна, набывалі адукацыю і два салісты з мулявінскіх “Песняроў”. Арлоўскі кажа, што вось у іх якраз і былі праблемы з “Вайной і мірам”. Вядома, завочнае навучанне — што завочнае харчаванне. А “Песняры” тады яшчэ і на гастролі ў Кітай адпраўляліся. Віктар згадвае, як іранізавала кіраўнік кафедры сусветнай літаратуры Наталля Булацкая: “Вось у Кітаі яны кніжку і адолеюць”.

Вучыўся Віктар цудоўна, нават павышаная стыпендыя была. Вярнуўся на радзіму дыпламаваным спецыялістам. Яму ў аддзеле культуры Докшыцкага райвыканкама зрабілі першы запіс у працоўную кніжку. Першы, як аказалася, і апошні. Мяняліся толькі населеныя пункты раёна, дзе давялося асвойваць прафесію: Бярозаўка, Гняздзілава, Юркаўшчына, Параф’янава. Працуе мастацкім кіраўніком. Спявае ў вакальным ансамблі “Землякі”. Стварае тэатр і становіцца яго нязменным рэжысёрам. Кожны год ставіць па спектаклі. На Шэкспіра не замахваецца, задавальняецца беларускай класічнай драматургіяй. У 2003-м першай выходзіць “Паўлінка”. У “Трыбунале” ён іграе паліцая, а будучая жонка — Надзю, нявестку Цярэшкі Калабка. Па сюжэце паліцай імкнецца схіліць дзяўчыну да сужыцельства. “Пасля гэтага, — з каменным тварам распавядае Арлоўскі, — я, як сумленны мужчына, быў абавязаны жаніцца”.

Пра Вольгу — размова асаблівая. Уражанне такое, што па жыцці яна не выконвае загады мужа — яна іх прадбачыць і робіць з апярэджаннем. Вось і атрымліваецца, што нібыта падпарадкоўваецца, а насамрэч дзейнічае паралельна. На такія штукі здольныя толькі вельмі разумныя жанчыны. Парадаваўся за Віктара. Тая сітуацыя, калі жонка робіць мужа, а муж — жонку. Як тут не паўтарыцца, што жыццё — тэатральная пастаноўка, дзе ў пашане не столькі сцэнарыст-драматург (Даруй мне, Божухна!), які лунае недасягальна высока, колькі якасны рэжысёр, што ўпэўнена ходзіць па зямлі і не дае ёй сканаць.

У той дзень Віктару Арлоўскаму споўнілася 49 гадоў. Аляксандр Кучыц спёк пірог з павідлам. Не буду апісваць ягоны смак, бо і вам захочацца. Вы лепей наведайце навагоднюю ёлку ў Параф’янаўскім СДК. Толькі білеты купіце загадзя, бо ў зале на 180 месцаў тут — пастаянныя аншлагі. Вам будзе прапанавана традыцыйная святочная дзея, у якой бярэ ўдзел да паўсотні вяскоўцаў. Сцэнарый на мясцовым матэрыяле самадзейныя артысты пішуць самі. У вёсцы, якая здавён лічыцца тэатральнай, толькі так і бывае.

 

Замест заканчэння

Бровар як музей

/i/content/pi/cult/671/14829/DSC05279-S.jpgУ якасці кропкі да “воднай” тэмы. Вярну чытача ў Бярозаўку, да старасвецкага бровара. Тамтэйшы пробашч айцец Марэк даўно хоча стварыць тут адмысловую зону для адпачынку. Шукаў інвестара ці не па ўсёй Еўропе. Ахвотных не знайшоў. Дык мо варта заняцца гэтай справай работнікам культуры, дасведчаным у атрыманні самых розных дабрачынных грантаў? А раптам спраўдзіцца задума?! У вялікім будынку бровара могуць змясціцца і музейныя экспазіцыі, і карцінная галерэя, і немаведама яшчэ што. А Бярозаўка сапраўды стане заўважным пунктам на турыстычнай карце і Беларусі, і Еўропы.

Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць галоўнаму бібліятэкару і галоўнаму клубніку раёна — Ірыне Карапанавай і Крысціне Гмырак. Яны не пашкадавалі часу, каб давесці, што клубы ды бібліятэкі (у тым ліку бібліёбус) працуюць у раёне бездакорна (чытай — стабільна).

Наступную паездку планую на Гродзеншчыну. Спадзяюся, што яна будзе гэткай жа яркай, як і папярэднія.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"