Гэтае заўтра было ўчора?

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

У спорце ёсць паняцце “гамбургскі рахунак”. На мяжы мінулага і пазамінулага стагоддзяў, калі барцоўскія паядынкі сталі папулярным відовішчам, а барцы-чэмпіёны — кумірамі публікі, вынік двубою далёка не заўжды залежаў ад саміх спартсменаў. Каму быць пераможцам, а каму пераможаным, часта вырашалі антрэпрэнёры. І вось барцы, каб ведаць, хто з іх сапраўдны чэмпіён, раз на год збіраліся ў Гамбургу, дзе пры зачыненых дзвярах і заштораных вокнах спаборнічалі па-сапраўднаму. Пазней гэты выраз стаў выкарыстоўвацца для вызначэння бескампраміснай сумленнай ацэнкі ў якой заўгодна сферы. Ёсць “гамбургскі рахунак” і ў мастацтве.

/i/content/pi/cult/671/14828/33.jpgНапэўна, такой логікай кіравалася секцыя графікі Беларускага саюза мастакоў, плануючы выставу-конкурс “Графіка года”. Ад пачатку меркавалася, што выстава будзе некамерцыйным праектам, што разлічаная яна не на шырокую грамаду, а найперш на прафесіяналаў, для якіх важна менавіта ў сваім коле акрэсліць творчыя прыярытэты і вызначыць найбольш перспектыўныя кірункі ў тэхналогіі. Урэшце, зразумець, “хто ў хаце гаспадар”.

Мне неаднойчы даводзілася пераконвацца: нават больш-менш дасведчаныя заўзятары мастацтва і мастакі-прафесіяналы адну і тую ж з’яву могуць бачыць у зусім розным святле. Тое, што мастак лічыць творчым прарывам, выйсцем за межы выяўленчых і сэнсавых стэрэатыпаў, для публікі будзе праявай заняпаду, дэградацыі, разбурэннем каштоўнаснай шкалы. І наадварот.

На гэтай выставе быў прадстаўлены бадай увесь спектр тэхналогій, даступных беларускаму графіку. І што, магчыма, важней — ментальны і вобразны шэраг, цікавы для творчай моладзі. Інакш кажучы, на “Графіцы года” была магчымасць убачыць бліжэйшую будучыню. Звычайна яна надараецца толькі на абаронах дыпломаў у БДАМ. Мне, як чалавеку, чые густы і эстэтычныя прыярытэты сфармаваліся ў часе, калі крытэрыем якасці ў мастацтве лічыліся адпаведнасць традыцыі і грамадскі змест твора, цяжка прызвычаіцца да таго, што сёння ў мастацтве пануе суб’ектывізм і рэфлексія. Але, мабыць, гэта трэба прымаць як знак часу, як рэчаіснасць, з якой належыць лічыцца.

Конкурс меў дзве намінацыі — “Арыгінальная графіка” і “Друкаваная графіка”. Журы складалі асобы, вядомыя сваёй прыхільнасцю да інавацый у мастацтве і выразна выяўленым пачуццём сучаснасці. Тое, што гэтыя адмыслоўцы палічылі вартым узнагароды, аб’ектыўна з’яўляецца трэндам.

Мне тут згадалася выслоўе “Новае — гэта добра забытае старое”. Уганараваныя работы выклікалі ў памяці 1970-я гады, калі ў Мінск прывезлі сучасную для той пары графіку ЗША. Потым аналагічныя матывы і вобразны лад я сустракаў у работах графікаў рэспублік Прыбалтыкі. Яшчэ пазней нешта падобнае я бачыў на выставах сучаснай нямецкай графікі. Як падаецца, да нас гэта хваля дакацілася толькі цяпер… Да таго ж, у друкаванай графіцы адчуваецца моцны ўплыў стылістыкі графічнага дызайну. Магчыма, выкарыстанне аднолькавых тэхналогій прымушае творцаў розных спецыялізацый і думаць аднолькава?

Праўда, прымаю як добры знак тое, што сярод адзначаных твораў ёсць і якасны рэалістычны малюнак звыклым алоўкам. Гэткае рэтра на тле лічбавых тэхналогій.

У маіх меркаваннях няма ні каліва іроніі. Мастакі прадставілі найлепшае, на што яны здольныя, і журы працавала па “гамбургскім рахунку”, не зважаючы на пануючыя ў грамадстве эстэтычныя стэрэатыпы. Уганараваныя творцы сапраўды маюць якасці лідараў. Яны шчыра вераць у тое, што робяць, а іх творчасць адлюстроўвае магчымую версію заўтрашняга дня беларускай графічнай школы. Праўда, я не магу пазбавіцца пачуцця, што гэтае заўтра ўчора ўжо было.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"