Горад шматаблічны

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

У сталічным Палацы мастацтва прайшла выстава пад назвай “Горад”. Ці, дакладней, у адзінай прасторы сумясціліся дзве выставы, якія няблага глядзеліся б і паасобку. Першая — гэта экспазіцыя XV Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль”, на якім сёлета мастакі працавалі па тэме гарадской экалогіі або, кажучы інакш, прыроды ў абцугах урбаністыкі. Другая — фарбы і адценні Горада, убачаныя праз прызму жывапісу, графікі, пластыкі і праз аб’ектыў фотакамеры. Кераміка прыехала з Бабруйска, другую частку экспазіцыі прадставіў Мінск.

/i/content/pi/cult/671/14827/55.jpg

Прынцып спалучэння ў экспазіцыі розных відаў мастацтва для нас не навіна. Ужо былі надзвычай удалыя выставы, дзе ўзаемакарысна суіснавалі скульптура і графіка, кераміка і тэкстыль. Але ў дадзеным выпадку сама тэма — лічы, неабсяжная — вымагала больш шырокага прадстаўніцтва творчых цэхаў. І ёсць усе падставы меркаваць, што эксперымент атрымаўся плённым для куратараў і ўдзельнікаў выставы, цікавым для культурнай грамады. Дарэчы, сучасны фармат экспазіцыі адзначыў на вернісажы і старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Выстава задумвалася як поліфанічная. Тэма “Горад” трактавалася арганізатарамі як асэнсаванне адвечнага канфлікту паміж жывой (“першай”) прыродай і штучнай, створанай чалавекам (“другой”), як пошук гармоніі паміж імі. Мелася на ўвазе, што мастакі розных творчых спецыялізацый, пакінуўшы ў баку парадны, рэкламна-турыстычны вобраз горада, засяродзяцца на балючых аспектах урбанізацыі.

Дарэчы, за сюжэтамі і хадзіць далёка не трэба. Возьмем хаця б наш Мінск. Асабіста я магу сведчыць, што не толькі для беларусаў, але і для замежнікаў ён з’яўляецца эталонам горада. Шырокія праспекты, утульныя вулкі ў гістарычным цэнтры, велічнае Высокае места, хай-тэк праспекта Пераможцаў, паркі, скверы, украпіны жывой прыроды. І толькі сапраўдны мінчук ведае, што горад — гэта яшчэ і прамысловыя зоны з праблемнай экалогіяй, і дэпрэсіўная забудова ў спальных раёнах, і далёкая ад дасканаласці камунальная служба, і, урэшце, — бамжы, якія звыкла атабарваюцца на сметніках, але калі-нікалі выпаўзаюць за межы сваёй “кананічнай тэрыторыі”, палохаючы законапаслухмяных грамадзянаў і прымушаючы нервавацца міліцыю. Прычым, Мінск у гэтым сэнсе нічым не вылучаецца з шэрагу іншых мегаполісаў Еўропы і свету.

Мяркуючы па экспазіцыі, ідэя мастакоў насамрэч захапіла. У выніку атрымалася гэткая казка пра Горад. Часам смешная: серыя “Кароткая камунальная дэманалогія” Таццяны Гомза. Часам сентыментальная, як на аркушах Надзеі Бука (“Ліхтары” і “Завірушкі над горадам”) і ў аб’ектах Алены Чэпелевай (“Згубленыя”). Ёсць своеасаблівая прыгажосць нават у не надта прэзентабельных, але па-людску абжытых ускраінах (“Гарадскі малюнак” Аляксандры Ліпінскай і “Позірк у акне летуценніка” Веры Каўзановіч). А часам тая казка і страшнаватая, як на карціне Канстанціна Вашчанкі “Глядзець у вочы”. Але галоўнае, што ўсе сюжэты — гэта не адстароненыя фантазіі, а асэнсаванне гарадской рэчаіснасці.

Калі кампазіцыйным стрыжнем экспазіцыі стала філасофская, часам іранічная кераміка з Бабруйска (і найперш дзве вялікія “вогненныя скульптуры” — “Боня” і Homo & Nemo), дык сэнсавым — жывапісны праект Марты Шматавай, прысвечаны асобам без акрэсленага месца жыхарства. Мастачка распавядае пра тое, што ўсе нараджаюцца чыстымі, прыгожымі, а потым цягам жыцця кагосьці лёс выпіхвае за межы ўсталяванага соцыуму.

Вельмі эфектна і дарэчна глядзеліся на выставе работы фотамастакоў. Іх горад адначасова вабіць архітэктурнай гармоніяй і паўстае апірышчам роспачы і адзіноты, вядомых, бадай, кожнаму жыхару мегаполіса. Сярод творцаў гэтай групы я вылучыў бы Георгія Ліхтаровіча. У свой час фотамастак плённа папрацаваў на ўвасабленне параднага аблічча сталіцы і краіны (прычым рэтуш не ў ягоным характары — ён заўжды шукаў і знаходзіў рэальную прыгажосць). Сёння ж ягоныя фатаграфіі — пранікненне ў самую сутнасць горада як шматаблічнай з’явы.

Планавалася, што ў экспазіцыю ўвойдуць некалькі праектаў студэнтаў-архітэктараў БНТУ, у якіх была б раскрытая тэма гармоніі прыроды і матэрыяльнага асяроддзя. Маўляў, у праблемы ёсць рашэнне, а ў Горада — аптымістычная перспектыва. На жаль, нешта не атрымалася. Але, мяркую, гэта не апошняя поліфанічная выстава на сацыяльна запатрабаваную тэматыку.

Выступаючы на вернісажы, адзін з куратараў выставы Валерый Калтыгін нагадаў, што сёлета ў міжнародным пленэры па кераміцы бралі ўдзел мастакі з дзевяці краін. І не толькі з колішніх “братніх рэспублік”, але і з далёкага замежжа — Індыі, Францыі, ЗША. Мастакі ахвотна адгукнуліся на зададзеную тэму, бо ўрбанізацыя паўсюль у свеце стварае амаль аднолькавыя праблемы. Адпаведна, і іх рашэнні могуць быць універсальнымі. Можа, людзі творчай сферы здолеюць нешта падказаць прагматыкам-тэхнакратам…

На жаль, па словах спадара Калтыгіна, цяпер міжнародныя пленэры па кераміцы будуць праводзіцца ў Бабруйску не штогод, але раз на два гады. Такім чынам, можна канстатаваць, што пэўны этап у гісторыі “Арт-Жыжаля” завяршыўся. Па словах спадара Валерыя, яму прыемна, што гэтая старонка гісторыі бабруйскай культурнай славутасці закрываецца прыгожай імпрэзай з такім глыбокім зместам.

Магчыма, наступную выставу па тэме “Горад” будуць ладзіць фотамастакі, бо іх вельмі натхніў удзел у гэтым праекце. Прынамсі, такую думку выказаў Георгій Ліхтаровіч.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"