Калі перамагае каханне

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

“Самая жаданая” Сяргея Гіргеля на коласаўскай сцэне
Каханне як духоўная аснова адносінаў мужчыны і жанчыны стала тэмай новага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа “Самая жаданая”. Аўтар п’есы — вядомы беларускі драматург, сцэнарыст, рэжысёр Сяргей Гіргель. Запазычанаму сюжэту французскай авантурнай камедыі ён надаў болей дынамізму і сцісласць дыялогаў.

/i/content/pi/cult/671/14826/444.jpgНемалады сцэнарыст Мацье, які знаходзіцца ў працяглым творчым крызісе, марна шукае сюжэт для новага фільма. Ані буйныя сацыяльныя катаклізмы, ані будзённыя клопаты дробных людцаў не натхняюць яго. Толькі запал сапраўднага кахання можа даць штуршок для стварэння шэдэўра, за які ўхопіцца вядомы кінапрадзюсар. Але сэрца ягонай даўняй сяброўкі Раксаны — крыніцы творчага натхнення — закрытае для вялікіх пачуццяў і сапраўднай жарсці. Як прызнаецца сама гераіня, яе засекі парожнія.

У пошуках сюжэту, а ў дадатак і з мэтай абудзіць Раксану ад летаргічнага сну, Мацье прыдумляе для каханай сапраўдную рамантычную прыгоду. Для гэтага ён выкарыстоўвае свайго госця Дэвіда — забяспечанага, але вельмі цынічнага маладога чалавека, шалапута і марнатраўцы, які спрабуе купіць за грошы пачуцці Раксаны. Нягледзячы на самую зацятую барацьбу, на ўсе падступныя спробы зламаць упартасць жанчыны, гэта яму не ўдаецца. Але нечакана адбываецца цуд: у сэрцы цынічнага Дэвіда нараджаецца сапраўднае каханне. Праўда, гераіня спектакля не спяшаецца адказаць яму ўзаемнасцю — бо, як выяўляецца, усё яшчэ кахае недарэчнага, але па-сапраўднаму ёй адданага Мацье.

Такім чынам, п’еса і новы спектакль коласаўцаў распавядаюць аб пошуках кахання і аб тым, што ніякае мастацтва, ніякая творчасць не заменяць блізкага і дарагога тваёй душы чалавека.

Рэжысёр Ніна Обухава паспрабавала, так бы мовіць, ускладніць лёгкі жанр і перавесці антрэпрызны твор у разрад некамерцыйных спектакляў. Найперш гэтаму паспрыяла добрая, шчырая ігра вядомых акцёраў. На працягу апошніх пяці гадоў народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс не меў новых работ, і таму вобраз Мацье атрымаўся ў яго асабліва ўдалым (дарэчы, ён жа і пераклаў п’есу на беларускую мову). Акцёр быццам нутром адчуў гэтую ролю і тыя праблемы, якімі жыве персанаж — яго творчыя пакуты, унутраны крызіс, залішнюю прыземленасць, безэмацыйнасць каханай, пачуцці якой ён надумаў ускалыхнуць.

Знешне герой Кокштыса нагадвае знакамітых французскіх комікаў, але разам з тым прываблівае, скарае ўнутранай цеплынёй, пяшчотай, абаяльнасцю. У нечым ён наіўны, нібы дзіця (і таму яго нельга строга судзіць за прыдуманую ім інтрыгу), а ў нечым мудры філосаф. Мабыць, у канцы спектакля ён усё ж такі прыходзіць да высновы, што нельга гуляць з жыццём, з пачуццямі — сваімі альбо блізкіх табе людзей — нават дзеля стварэння мастацкіх шэдэўраў.

Імя галоўнай гераіні — Раксана — нагадвае жаночых персанажаў рыцарскіх раманаў — ну і, вядома ж, знакамітай п’есы Растана “Сірано дэ Бержэрак”. Несумненна, тут узнікаюць пэўныя сэнсавыя аналогіі. Праўда, у яе пачуццях да Мацье не даводзіцца сумнявацца. Проста, сам герой хоча іх пэўным чынам выпрабаваць. У руках яго саперніка Дэвіда Грэга, як быццам, усё, чым можа спакусіцца жанчына любога ўзросту: грошы, зайздросная спадчына, арыстакратычнае паходжанне. Але гэтую Раксану не так лёгка завабіць нават шчырай закаханасцю, у якую абсалютна нечакана ператвараецца гульня з боку Дэвіда, справакаваная Мацье. У пэўны момант адчуваецца яе разгубленасць, калі яна ўпэўніваецца, што былы каханак яе выкарыстоўвае. Актрыса Наталля Аладка даволі тонка і псіхалагічна абгрунтавана абыгрывае тыя складаныя жыццёвыя сітуацыі, у якія трапляе гераіня, падкрэслівае яе маральную чысціню, сапраўднасць пачуццяў.

У ролі спакушальніка Дэвіда Грэга, з якім адбываюцца нечаканыя метамарфозы, выступілі два выканаўцы. Прычым адзін і той жа вобраз прачытваецца абсалютна па-рознаму. Спярша гэтая роля дасталася артысту Аляксандру Базуку. На мой погляд, яму больш удаецца першая палова спектакля, дзе ён падкрэслівае нахабнасць, упэўненасць, грубаваты цынізм свайго персанажа. Ягоны герой насамрэч нагадвае клоўна, паяца. Гульня — гэта спосаб яго чалавечага існавання, яна яго захапляе. Але вось пераход у іншую, так бы мовіць, якасць — з вылюдка ў высакароднага героя — не зусім падрыхтаваны. Ён узнікае парадаксальна, у адпаведнасці з жанрам, але не з логікай жыцця альбо развіцця гэтага вобраза.

Зусім па іншаму зразумеў і ўвасабляе гэтую ролю іншы выканаўца — Яўген Лук’янаў. Ён малюе вобраз Дэвіда Грэга больш тонка. У ім адчуваецца, апрача іншага, і пэўная арыстакратычнасць, рафінаванасць. У дадзеным выпадку трансфармацыя героя больш абгрунтаваная. Калі ён пытаецца ў Мацье пра гісторыю іх кахання з Раксанай, гэта не проста цікаўнасць, цынічная насмешка — тут адчуваецца яго прага нейкага іншага жыцця, чысціні, сапраўдных пачуццяў. Кульмінацыяй развіцця вобраза і яго жарсці з’яўляецца танга, якое ён танцуе з Раксанай.

Хацелася б таксама адзначыць і таленавітую сцэнаграфію спектакля. Адметна тое, што яе стваральніцай выступіла дэбютантка, мастак-дызайнер тэатра імя Якуба Коласа Наталля Лавіцкая-Ярмолава. Афармленне носіць і вобразна-знакавую, і ігравую функцыі. Яно стварае рух, дынаміку і мае крыху прыхаваную іронію да таго, што адбываецца ў спектаклі. У сцэнаграфіі адчуваецца ўплыў сюррэалізму, у прыватнасці, Сальвадора Далі. У цэнтры вялікае акно-люстэрка, з якога спрабуе скокнуць уніз Мацье, тым самым даводзячы сапраўднасць свайго пачуцця. Па баках — тумбы: адна ў форме вуснаў, другая — указальнага пальца з мужчынскім капелюшом наверсе, а таксама лялечная шырма, дзе знаходзіць свой прытулак Юліус — лялька-двайнічок галоўнага героя і яго нязменны спадарожнік і дарадчык. Усе гэтыя сцэнаграфічныя дэталі цягам дзеі пастаянна абыгрываюцца акцёрамі.

Некаторыя гледачы, пэўна, прыгадаюць фільм “Непрыстойная прапанова” з Дэмі Мур у галоўнай ролі, дзе гераіня згадзілася на каханне за мільён — і ўсё яе жыццё пакацілася ўніз. У дадзеным выпадку ўсё наадварот. Спектакль коласаўцаў нагадвае прыгожую, рамантычную казку, фінал якой у многім разыходзіцца з тым, што мы прывыклі бачыць у жыцці і на тэлеэкране. Мабыць, гэтым ён найперш і каштоўны.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Андрэя ЖЫГУРА