Святлана Марэцкая: “Свет без тэатра быў бы іншым”

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Гродзенскаму абласному драматычнаму тэатру сёлета споўнілася 70 гадоў. Прыблізна палову гэтага часу на яго сцэну выходзіць актрыса Святлана МАРЭЦКАЯ. Мы папрасілі яе падзяліцца сваімі думкамі адносна “мастацтва Мельпамены” і яго ролі ў сучасным свеце.

/i/content/pi/cult/671/14824/111.jpg— Святлана Васільеўна, у гэтым годзе вы былі ўдастоены звання заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь. Наколькі важная для вас гэта ўзнагарода?

— Мабыць, не столькі важная, колькі прыемная, бо гэта нейкі вынік маёй працы. Прыемна, што мяне адзначылі. Я столькі гадоў служу тэатру! Як кажуць мае сябры, у мяне цяпер ужо ёсць усё, так што можна проста расслабіцца і адпачываць, жыць у сваё задавальненне. Але я не збіраюся расслабляцца. (Смяецца.)

— Якая ўзнагарода ў вашай творчасці для вас самая галоўная?

— Медаль Францыска Скарыны. Для мяне гэтая ўзнагарода — сувязь з продкамі, з роднай зямлёй. Я ганаруся тым, што была ўдастоена такой пашаны. Як ганаруся і тым, што на нашай беларускай зямлі некалі нарадзіўся i жыў такі геніяльны чалавек.

— За што вы любіце сваю прафесію?

— У першую чаргу, за творчасць і палёт фантазіі. За магчымасць увесь час вучыцца, развівацца, не сядзець на месцы. Люблю творчых людзей і атмасферу. Мне падабаецца пастаянна знаходзіцца ў віры задумаў. Зрэшты, некалькімі сказамі немагчыма выказаць усё тое, за што я люблю сваю прафесію. Пра гэта можна напісаць асобную кнігу.

— Ці важна для вас, колькі чалавек у глядзельнай зале?

— Так, важна. Для любога артыста гэта важна. І нават калі хто-небудзь вам скажа адваротнае, гэта будзе няпраўда. Мне важна і колькі гледачоў у зале, і якія гледачы прыйшлi. Важна, як яны ўспрымаюць тое, што адбываецца на сцэне. Рэакцыю ў адказ, калі яна ёсць, адчуваеш адразу, і тады спектакль ідзе па-іншаму.

— Якія з акцёрскіх фобій вам знаёмыя не па чутках?

— Самае страшнае — гэта акцёрскія сны. Або калі ты тэкст не ведаеш, а трэба ісці на сцэну. Да гэтага часу памятаю адзін спектакль, які мы гралі пасля вельмі доўгага перапынку. Я не сумнявалася ў сабе, была ўпэўненая, што ўсё памятаю. А на сцэну выйшла — і перад вачыма нібы белы аркуш паперы! Гэта быў “Тарцюф”. У вершах. А ў мяне — адна з самых вялікіх роляў і шмат-шмат тэксту. У такіх сітуацыях дапамагаюць партнёры. Заўсёды ёсць такія выдатныя акцёры, якія ведаюць увесь тэкст, а не толькі сваю ролю. Шапнуць табе адно слоўца, і гэтага дастаткова, каб адразу ўсё ўспомнілася.

— Каб у свеце не было тэатра, свет быў бы іншым? Кім бы тады былі вы?

— Безумоўна, свет без тэатра быў бы іншым, не такім рознакаляровым і яркім. Кім бы тады была я? Цяжка сказаць. Можа, педагогам. Альбо, магчыма, мовай занялася б: у мяне заўсёды былі здольнасці да нямецкай. Але наогул мне цяжка ўявіць, што я магла б займацца чымсьці, апрача тэатра. Я ж з дзяцінства марыла быць актрысай і ніколі не ўяўляла сябе нікім іншым.

— Які ваш творчы дэвіз?

— Вучыцца, вучыцца і зноўку вучыцца. А яшчэ рабіць сваю справу максімальна добра. Калі я за штосьці бяруся, то стараюся даводзіць пачатае да канца. Іншая справа, што можа не атрымацца. Але я заўсёды стараюся.

— Вы выкладаеце ў тэатральнай школе-студыі. Як з’явілася ідэя яе стварэння і якія мэты яна перад сабой ставіць? Што гэта дае асабіста вам?

— Ідэя стварыць маленькую студыю — па сутнасці, маленькі тэатр — узнікла з год таму. Калі разумееш, што сам прайшоў ужо нямалы шлях і нечаму навучыўся, калі ўсведамляеш, што цяпер можаш у гэтай прафесіі нечаму навучыць іншых, тады і ўзнікае жаданне падзяліцца сваімі ведамі. Сёлета мы набралі групу дзяцей ад 7 гадоў. З імі цікава і ўтульна працаваць, бо ў гэтым узросце яны яшчэ абсалютна незакамплексаваныя. З іх можна вылепіць што заўгодна. У нашай студыі мы вучым дзяцей гаварыць, выкладаць свае думкі. Абуджаем фантазію, развіваем іх, робім адкрытымі да ўсяго навакольнага свету. Хочацца, каб яны выраслі творчымі людзьмі. Мне вельмі цікава працаваць з малечай яшчэ і таму, што ў мяне ёсць магчымасць стаць з імі на адзін узровень, успомніць сваё дзяцінства. Гэта натхняе на нейкія думкі, ідэі.

Варта адзначыць, што не толькі дзеці займаюцца ў нашай студыі, але таксама і дарослыя. Ідуць яны да нас вельмі ахвотна. Практычна ўсе тыя, хто наведваў заняткі летась, прыйшлі да нас зноў сёлета. Наша школа дае вучням масу магчымасцяў — у прыватнасці, у плане зносін і пошуку цікавых суразмоўцаў. Тэатр — такі арганізм, які створаны для таго, каб людзі маглі дзяліцца сваімі думкамі, размаўляць адзін з адным.

/i/content/pi/cult/671/14824/222.jpg— Якія ў вас творчыя планы?

— У першую чаргу яны звязаны менавіта з выкладаннем у тэатральнай студыі, аднак тут многае залежыць не ад мяне. Вось каб у мяне быў свой тэатр, я б дакладна ведала аб сваіх планах і магла распавесці пра іх. Але ж гэта толькі мары.

— А каб ваша мара спраўдзілася, якім бы быў ваш тэатр?

— Вясёлым, радасным. Я б вярнулася да скамароства і класiкi: Лопэ дэ Вега, Шэкспіра, Мальера, Астроўскага. Бо на спектаклях па іх творах можна не толькі пасмяяцца ад душы, там і задумацца ёсць над чым. Таксама быў бы разнастайны рэпертуар для маленькiх гледачоў.

— Вы прыйшлі ў Гродзенскі драматычны тэатр у 1984 годзе. Наколькі ён змяніўся за гэты час?

— Вельмі складана параўноўваць. Усё тады было іншым, найперш сама краіна. Былі зусім іншыя магчымасці і ў плане рэжысуры, і ў плане фінансавай падтрымкі тэатра. Я заспела залаты час. Тут працавалі рэжысёры саюзнага значэння, прывозілі з сабой выдатных таленавітых акцёраў, у якіх было чаму вучыцца. Рэпертуар таксама раней быў іншы. Нам хацелася больш філасофскіх, інтэлектуальных п’ес. Нас жа як заўсёды вучылі? Тэатр у першую чаргу павінен выхоўваць і адукоўваць, і толькі потым ужо забаўляць. Цяпер жа ўсё зрушылася. Можа, гэта і правільна, я не ведаю. Жыццё ўжо не тое, што было раней. Людзям хочацца адпачыць ад паўсядзённасці, таму на камедыях у нас больш гледачоў, чым на сур’ёзных спектаклях. Вядома, тэатру патрэбны новыя формы. Нам здаецца, што глядач застаўся ўсё там жа, а ён на самай справе пайшоў далёка наперад. З ім цяпер трэба старацца размаўляць на іншай мове. Для гэтага важна пастаянна ездзіць, глядзець, вучыцца. Што, вядома, патрабуе фінансаў.

— Якія ролі сталі для вас самымі запамінальнымі?

— У мяне няма “самых-самых” роляў. Шмат іх было цікавых, не прахадных. Кожная роля — як асобнае жыццё. Безумоўна, назаўжды запомнілася Джульета. А ўсё таму, што мне было 22, калі я яе сыграла, дакладней… паспрабавала сыграць. Ну, вось яшчэ Іаана Блажэнная з “П’емонцкага звера”, Францыска са спектакля “Тры ўзросты Казановы”, Памэла з пастаноўкі “Як прышыць бабульку”.

— Ці ёсць шкадаваннi аб нейкiх ролях, якія не сыгралі?

— Не, шкадаванняў няма. Бог падарыў столькі галоўных роляў, што казаць аб тым, быццам нечага не сыграла — грэх. Я вельмі шчаслівая і не чапляюся за навязлівыя ідэі: скажам, як бы гэта мне яшчэ раз пераўвасобіцца ў тую ж Джульету. Няхай маладыя іграюць, цяпер іх час.

— Не так даўно наш тэатр адзначыў сваё 70-годдзе. Што для вас асабіста азначае гэтая дата? Як вы бачыце будучыню Гродзенскага драматычнага? Што хочаце яму пажадаць?

— Тэатр прайшоў доўгі і цікавы шлях развіцця, і мне прыемна ўсведамляць, што ўжо на працягу 33 гадоў я іграю на гэтай сцэне і маю магчымасць звяртацца да гледача, абуджаць яго думкі і пачуцці. Тэатр — гэта ўсё маё жыццё, і будучыня бачыцца мне аптымістычнай, радаснай, а галоўнае — творчай. Наш тэатр не памрэ, не страціць сваёй актуальнасці і будзе заўсёды заставацца прывабным для публікі. Мы абавязкова знойдзем тыя новыя формы, якія будуць цікавыя сучасніку, будзем крочыць наперад у нагу з часам і ствараць прыгожае, добрае, вечнае.

У юбілейны час хочацца ўспомніць тых, хто працаваў у нашым тэатры. У паўсядзённым жыцці нам, бывае, няма калі спыніцца. Юбілей жа — цудоўная нагода згадаць добрым словам цэлае пакаленне артыстаў, з якімі мне пашчасціла іграць на адной сцэне. На жаль, многіх з іх з намі ўжо няма. Гэта людзі, якія складаюць гонар нашага тэатра: Алена Гайдуліс, Аляксандр Марцінюк, Віктар Смачнеў, Анатоль Падшывалаў, Юрый Трашкееў, Людміла Дзяменцьева, Валерый Смірноў, Юрый Iваноў, Альберт Акчурын...

З нагоды святочнай даты хочацца пажадаць
тэатру, вядома ж, добрых п’ес і спектакляў, таленавітых рэжысёраў і артыстаў, спагадлівага гледача. А яшчэ — творчага натхнення, імкнення змяняцца і вучыцца новаму, рухацца толькі наперад, каб ізноў на нашай сцэне, як і раней, працавалі геніяльныя рэжысёры, тварылі вялікія мастакі і артысты.

Дзіяна КАШЛЕЙ,
літаратурны рэдактар
Гродзенскага абласнога
драматычнага тэатра