У 2018 годзе мы будзем адзначаць 210 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, чые творы многія з нас памятаюць са школьных часоў. Маем спадзяванні, налета зоркі ў небе сыдуцца так, што тэатру, які носіць імя Дуніна-Марцінкевіча, будзе дадзена магчымасць ажыццявіць пастаноўку якой-небудзь яго п’есы альбо твора, прысвечанага калізіям жыцця класіка. На жаль, цяпер такіх спектакляў у нашым рэпертуары няма.
Імя Дуніна-Марцінкевіча тэатр атрымаў разам са сваім будынкам (раней ён доўгі час месціўся ў ГДК). І ў 1978 годзе новы сезон у новым тэатры адкрыўся прэм’ерай “Пінскай шляхты” — што было цалкам заканамерна. Пастаноўка атрымалася святочнай. Песні, прыпеўкі, скокі, гумар — ну і сатырычныя матывы таксама. Але ўсё ж такі на першым месцы пазітыў ва ўсім.
Што ж было далей, як часта наша мова гучала са сцэны тэатра, які носіць імя Беларускага Дудара? Наступным разам — ажно ў 1982 годзе, у прыгожым паэтычным спектаклі “Іскры ўначы” Алеся Асташонка да 100-годдзя Якуба Коласа. Далей — ізноў перапынак, гэтым разам на два гады. У 1984 годзе Міхаіл Кавальчык ажыццявіў пастаноўку “Камедыянта” па п’есе таго ж Алеся Асташонка, у якім на сцэне гледачы ўпершыню ўбачылі “самога” Дуніна-Марцінкевіча. Акцёры выдатна справіліся са сваёй задачай, нават тыя з іх, хто не ведаў нашу мову раней — напрыклад, выканаўца галоўнай ролі В.Міхайлаў. Дарэчы, варта сказаць, што мы адзіны ў Беларусі тэатр, які паставіў усе п’есы Дуніна-Марцінкевіча, спектакль па яго паэтычных творах і спектакль аб ім самім.
Пасля “Камедыянта” зноў быў вялікі перапынак — аж да 1988 года, калі рэжысёр У.Караткевіч паставіў “ Ка-та-стро-фу” Алеся Петрашкевіча. У 1990-я спектаклі на беларускай мове сталі з’яўляцца трохі часцей — хаця і таксама нават не раз на год.
Плён у гэтым напрамку прынёс 2005 год, калі Сяргей Палешчанкоў паставіў адметны спектакль “Ідылія” Дуніна-Марцінкевіча, які вельмі хваліла крытыка на міжнародным тэатральным фестывалі “Класіка сёння” ва Украіне. У 2012-м пастаноўку спрабавалі аднавіць, але па шматлікіх прычынах яна, на жаль, так і не патрапіла ў рэпертуар — як няма там сёння ніводнага іншага спектакля па п’есах Дуніна-Марцінкевіча. Таксама не затрымаўся на сцэне і прыгожы, атмасферны спектакль “Камедыянт”, пастаўлены другі раз у нашым тэатры ў 2008 годзе Рыдам Таліпавым.
Гэта ўжо гісторыя нашага тэатра, а што наконт сённяшняга дня? У афішы можна ўбачыць мноства імёнаў беларускіх аўтараў. Але ўсе спектаклі па іх творах ідуць выключна на рускай мове. На роднай паказваецца толькі камедыя Янкі Купалы “Прымакі”, якая пастаўлена яшчэ за дзедам шведам і ўжо даўно патрабуе “рэстаўрацыі”.
Гавораць, у Бабруйску не любяць беларускай мовы. Ці часта наведвае тэатр той, хто так гаворыць? І хто аналізаваў? Чаму на нядаўнім фестывалі беларускай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча гледачоў усхваляваў спектакль на славацкай мове? А спектаклі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі заўсёды збіраюць у Бабруйску поўныя залы? Ды і няўжо не было б аншлагаў, каб да нас завіталі галоўныя тэатры Беларусі — тэатр Янкі Купалы альбо Якуба Коласа?
Бабруйскія гледачы вельмі задаволены прымітыўнай камедыяй “А если бабе 45?” Цікава, ці перашкодзіла б ім, каб той спектакль ішоў на беларускай мове? Думаю, не надта.
Пытанняў шмат. І здаецца, што яны не даюць спакою не толькі нам, але і Вінцэнту Іванавічу. Містыка? А чаму тады не трымаюцца ў рэпертуары тэатра спектаклі па яго п’есах? Пэўна, ёсць нешта невытлумачальнае ў жыцці! Можа, тэатр усё ж такі мала намаганняў прыкладае, каб годна насіць імя таго, хто “першым каваў беларускую жывую мову”?
Дасягненнем у гэтым кірунку можна лічыць тэатральны фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча, які ўжо шосты раз праводзіўся на базе нашага тэатра. Спектаклі “Камедыя Юдзіфі”, “Сіняя-сіняя”, “Ладдзя Роспачы”, “Кар’ера доктара Рауса” ўразілі бабруйскіх гледачоў, і беларускую мову ўсе разумелі. Але фестываль скончаны, да наступнага два гады, а ў тэатры Дуніна-Марцінкевіча па-ранейшаму на роднай мове ідзе адзіны спектакль.
“Шануйце ж песні свае, бо спяваюць нават жабы ў багне. Ці ж не лепшымі будзеце вы ад іх?” — гэта з “Апокрыфу” Максіма Багдановіча, чалавека, які для многіх адкрыў прыгажосць беларускай мовы, хаця яшчэ дзіцём пакінуў Беларусь і адукацыю атрымліваў у Расіі. Як тут не згадаць і Уладзіміра Мулявіна — рускага, які праславіў нашы беларускія песні на ўвесь свет! Дык чаму ж тэатр у Бабруйску ніяк не хоча гаварыць на роднай мове?
Не вельмі суцяшальная сітуацыя атрымліваецца: у 1978 годзе, калі тэатр толькі атрымаў імя Дуніна-Марцінкевіча, мы мелі ў рэпертуары адзіны спектакль на беларускай мове, праз 40 гадоў (хоць былі і лепшыя часы) у афішы таксама такі спектакль адзіны. Ці можна тое назваць плёнам?
Ала ГРАХАВА,
артыстка, кіраўнік
літаратурна-драматургічнай часткі тэатра