Падзяліць коўдру турызму

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

9 снежня ў Мінску прайшоў ІІ З’езд экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, арганізаваны іх грамадскай асацыяцыяй. Папярэдні быў ажно пяць гадоў таму. Натуральна, што пытанняў для абмеркавання за такі працяглы час назбіралася шмат. Прычым многія з іх выклікалі рознагалоссі сярод удзельнікаў з’езду. А значная частка ідэй, прапанаваных кіраўніцтвам асацыяцыі для ўключэння ў выніковую рэзалюцыю, апынулася “за бортам” або, у лепшым разе, была накіраваная на дапрацоўку.

/i/content/pi/cult/671/14820/woman-with-megaphone_opt.jpegМінская экспансія

Сярод пунктаў, якія вынес на абмеркаванне старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікола Чырскі, было і пытанне “захопу” турыстычнага рынку краіны адно прадстаўнікамі мінскіх турфірм. У якасці панацэі прагучала прапанова замацаваць рэгіянальныя турыстычныя маршруты выключна за мясцовымі экскурсаводамі.

З аднаго боку, сітуацыя зразумелая, бо асноўны трафік ідзе менавіта праз сталіцу, дый фірм, якія б маглі арганізаваць сваю дзейнасць у гэтай галіне і, галоўнае, пратрымацца і не збанкрутаваць, у Мінску проста больш. Вось яны і “захапілі” рынак. З іншага боку, і заклапочанасць лёсам рэгіянальных экскурсаводаў, і падтрымка, якую яны сапраўды вымагаюць, — справа правільная і высакародная. А “пазітыўная дыскрымінацыя”, якую і прапанаваў спадар Чырскі, — правераны ў такой сітуацыі метад. Аднак ці апраўданае яго ўжыванне менавіта тут і зараз, ды ў такой форме?

Як адзначыў сябра рады асацыяцыі экскурсаводаў і адзін з чальцоў аргкамітэту з’езда Павал Каралёў, на дадзены момант гэта — толькі ідэя, канцэптуальны кірунак, які можа развівацца ў перспектыве:

— Тут трэба быць гнуткімі і пазбягаць фармалізму. Я за тое, каб ісці ў гэты бок, але дазволіць мінскім гідам пры жаданні абараніцца і па рэгіянальнай тэме. Добра, каб такая абарона ў перспектыве праводзілася менавіта на месцах, у абласных гарадах.

Даследчык гісторыі Беларусі міжваеннага перыяду Ігар Мельнікаў, які атрымаў вядомасць у тым ліку і дзякуючы актыўнаму ўвядзенню ў турыстычны абарот “Рыжскай мяжы”, сваю дзейнасць экскурсавода будуе на трансрэгіянальным прынцыпе. Як і сама міжваенная мяжа, так і прысвечаныя ёй маршруты не заканчваюцца нейкім адным раёнам ці нават вобласцю Беларусі. Таму менавіта да Ігара Мельнікава “К” звярнулася з просьбай пракаментаваць гэтую ініцыятыву.

Спадар Мельнікаў адзначыў, што раздзяленне па рэгіянальным прынцыпе з’яўляецца не вельмі дарэчнай прапановай. І не толькі з метадалагічнага пункту гледжання:

— Усе такія абмежаванні ў выніку прывядуць толькі да павелічэння колькасці нелегальных экскурсаводаў. Больш за тое, калі будуць уведзеныя санкцыі за работу па-за “сваім” рэгіёнам, то я, як законапаслухмяны грамадзянін, вымушаны буду згарнуць дзейнасць. У выніку пяць-шэсць мінскіх турфірм страціць высакаякаснага экскурсавода, які, да таго ж, валодае некалькімі замежнымі мовамі.

Яшчэ адзін удзельнік з’езду, знаны даследчык і папулярызатар традыцыйнай культуры Аляксей Галіч падтрымлівае пазіцыю Ігара Мельнікава, сцвярджаючы, што такі падзел не павінен быць штучным і ісці зверху:

— Ведаючы сітуацыю з кадрамі і агулам, і на месцах, уяўляючы ўзровень развіцця экскурсійнай справы, магу зазначыць, што з боку аддзяленняў адміністрацыі нельга ўводзіць сістэму рэгіянальнага падзелу. Гэта прывядзе выключна да спрашчэння падыходаў, а значыць, у перспектыве — і да крызісу самой сістэмы.

ЦІ ВІНАВАТЫЯ Музеі?

На вялікі жаль, на з’ездзе не аднойчы прагучалі выказванні пра музеі і музейных супрацоўнікаў як пра супернікаў, якія шкодзяць развіццю турыстычнай індустрыі і чамусьці не хочуць падладжваць сваю працу пад патрэбы турыстычных фірм і экскурсаводаў.

Пытанне аб праблемах ў стасунках з музейнымі экскурсаводамі падаецца даволі дзіўным — асабліва ў ключы агучанага вышэй курсу на “рэгіянальнасць”. Хто ж, як не краязнаўцы, якія гуртуюцца вакол лакальных музеяў, можа лепш за ўсіх ведаць мясцовую гісторыю?

Аднак не! Як экскурсаводы яны неатэставаныя, а таму, маўляў, — нізкаякасныя па вызначэнні. Яны толькі замінаюць прыезджым групам і забіраюць кавалак хлеба ў сапраўдных, атэставаных гідаў. Вядома, так лічаць не ўсе ўдзельнікі з’езду, але гэта прагучала…

— Усё ж было б правільна, — пярэчыць такім выказванням Павел Каралёў, — каб мясцовыя спецыялісты-музейшчыкі праходзілі атэстацыю і вадзілі афіцыйна экскурсію па сваіх гарадах.

Не раз быў сведкам такой сітуацыі: турыстычная група прыязджае раней за дамоўлены час, калі музей яшчэ не працуе, альбо значна пазней, калі музей ужо зачынены — і, натуральна, не можа ў яго трапіць. Хто вінаваты? Як лічыць спадар Чырскі, нават у гэтым выпадку вінаватыя музей і музейныя супрацоўнікі, якія не хочуць падладзіцца пад турыстаў.

Больш за тое, калі ў музея існуе аб’ектыўна абмежаваная прапускная магчымасць — і арганізатары тургруп пра гэта ведаюць — яны ўсё адно часта прывозяць групы са значна большай колькасцю экскурсантаў. І вінаваты — зноўку музей, які чамусьці не арганізаваў дадатковага экскурсавода, каб разбіць занадта вялікую групу на некалькі плыняў. Хаця варта было б проста загадзя належным чынам дамовіцца…

Пры гэтым самі ж экскурсаводы чамусьці без асаблівых праблем праводзяць экскурсіі па тых жа музеях. Асабліва падобнае тычыцца музеяў-тэрыторый: скажам, Брэсцкай крэпасці або Нясвіжскага замка. Усюды групы ачоленыя сваімі ж суправаджальнікамі, і толькі ўжо на ганку выставачнага будынка турыстаў перадаюць музейнаму экскурсаводу. Апраўдваецца гэта наяўнасцю гатовай экскурсіі па музеі. Той жа спадар Каралёў кажа, што, напрыклад, па Заслаўі існуе асобная экскурсія. Але ж Заслаўе — гэта тэрыторыя музея-запаведніка, і выключныя правы на правядзенне экскурсіі па ёй належаць менавіта яму. Прынамсі, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам…

Зрэшты, большасць экскурсаводаў схільная наладжваць з музеямі ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. А вырашэнню праблемных пытанняў, верагодна, мае паспрыяць наладжванне больш шчыльных кантактаў паміж рознымі міністэрствамі: культуры, з аднаго боку, і спорту і турызму — з другога. Пра гэта не раз было адзначана і на самім з’ездзе.

без фармалізму

Бадай самае важнае і вострае пытанне, абмеркаванне якога пачалося задоўга да форуму, тычылася прапанаваных кіраўніцтвам асацыяцыі змяненняў у “турыстычны” закон. Ідэя штрафаваць за нелегальныя экскурсіі, агучаная два гады таму, добра нарабіла вэрхалу ў інтэрнэце. Нават людзі, далёкія ад турбізнесу, актыўна ўключаліся ў дэбаты. З’езд паставіў у іх кропку. Пераважнай
большасцю галасоў прапанова рэгламентаваць форму і змест экскурсійнай работы на ўзроўні закону была адхіленая.

Як адзначалі ўдзельнікі з’езду, фармалізацыя іх працы паўплывае на яе развіццё толькі негатыўна. Бо замест лібералізацыі, якая ў нас паўсюдна назіраецца ў бізнесе, гэтая ініцыятыва здольная толькі спляжыць экскурсійную дзейнасць. Яна па сваёй сутнасці — творчая, таму і патрабуе індывідуальнага падыходу ў залежнасці і ад самога маршруту, і ад экскурсантаў, якія могуць вымагаць абсалютна рознай падачы матэрыялу.

Намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму краіны Віталь Грыцэвіч расказаў карэспандэнту “К”, што не так даўно ўжо былі падрыхтаваныя змяненні ў пастанову аб рабоце экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, таму ў бліжэйшы час ніякіх дадатковых зрухаў не плануецца. Што да рэгламентацыі на заканадаўчым узроўні работы экскурсаводаў… На думку суразмоўцы, яна наогул не патрабуецца. Экскурсія — працэс творчы і калі яе “жорстка зарэгламентаваць”, яна можа стаць проста нецікавай для турыстаў.

Больш за тое, далейшая фармалізацыя работы, у тым ліку і стварэнне рэгіянальных “цэнтраў кантролю”, наўрад ці дасць штуршок для развіцця тых жа рэгіёнаў. Мадэль, агучаная спадаром Чырскім, вядзе выключна да цэнтралізацыі і манапалізацыі асацыяцыяй экскурсійнай дзейнасці.

Як адзначыў Аляксей Галіч, у выніку замест падтрымкі экскурсаводаў, гэта абмяжуе іх правы і магчымасці. Хаця мэты дзейнасці асацыяцыі якраз і павінны быць у абароне і дапамозе сваім сябрам:

— Назіраецца спроба падмены асацыяцыяй функцый дзяржавы — што, па сутнасці, прыводзіць да абмежавання сваёй жа работы, пагаршэння належных умоў працы, звужэння прафесійных магчымасцяў экскурсаводаў і ўдзелу іх у арганізацыі атэстацыі… Адказ на больш дробныя пытанні заключаны менавіта ў гэтых першапрычынах.

У пытанні супрацьстаяння далейшай цэнтралізацыі экскурсійнага бізнесу ў краіне з Аляксеем Галічам салідарны і спадар Каралёў:

— Я супраць дадзенага падыходу. Кантактуючы са шмат якімі іншымі экскурсаводамі, магу засведчыць, што яны лічаць іх непрымальным. Каб дасягнуць якасных экскурсій, можна выкарыстоўваць самыя розныя падыходы — трэнінгі, майстар-класы, лекцыі і г.д. Менавіта іх, спадзяюся, і будзе арганізоўваць грамадская арганізацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Як адзначыў Ігар Мельнікаў — а з ягоным меркаваннем, падобна, шмат хто згодны, — вынясенне шэрагу агучаных пытанняў на абмеркаванне з’езду было штучнае:

— Прыкладам, падзел на “рэгіяналаў” і “мінчукоў” высмактаны з пальца. Сапраўды, рэгіянальным экскурсаводам патрэбная падтрымка, але не такім чынам. Замест дзяльбы зон доступу, трэба падымаць пытанне пра развіццё турыстычнай інфраструктуры, бо ў тых самых рэгіёнах часта няма куды адвесці групу на абед, няма нармальных і даступных гатэляў,
банальна адсутнічаюць прыбіральні…

Такім чынам, ІІ З’езд экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў скончаны, але пытанняў ён пакінуў больш, чым было дадзена адказаў. Магчыма, проста трэба часцей збірацца і адкрыта абмяркоўваць свае праблемы? Дый пашыраць кола ўдзельнікаў?