Карабель плыве павольна, але ўпэўнена

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Беларускіх гітарыстаў, якія заваявалі сваёй творчасцю свет, усяго некалькі. Зато да іх дадалася і адна гітарыстка! Ірына ІГНАЦЮК нарабіла сваім мастацтвам “шоргату” спачатку ў нашай краіне, а потым і за яе межамі. Яна ўжо некалькі гадоў жыве ў Маскве, але сэрца яе тут, у Беларусі. Да нас Ірына стараецца выбірацца часцей, ды не заўсёды ў яе гэта атрымліваецца.

/i/content/pi/cult/670/14817/50-kultura-13.jpgНа двух крэслах

— Прадстаўніцы “слабога” полу — да таго ж, і не спявачцы, — напэўна, цяжка было прабівацца ў расійскім шоу-бізнесе?

— Быць паспяховым чалавекам наогул вельмі няпроста — у любой краіне. І не важна, спяваеш ты, танчыш або граеш на гітары. Самае галоўнае, каб артыст спадабаўся людзям. Калі яны сказалі “так” таму, што ён робіць, можна рухацца далей і далей. Расія мяне сустрэла выдатна. Я не ставіла перад сабой задачу туды з’ехаць. Усё атрымалася досыць выпадкова: неяк выступіла там, пасля чаго мяне сталі запрашаць часцей і часцей. Урэшце, я проста стамілася жыць у цягніках, і давялося на нейкі час пераехаць. Так “карабель” і сышоў у плаванне. Панесліся цікавыя прапановы, нейкія “закрытыя” мерапрыемствы, пляцоўкі, пра якія я і марыць не магла — як, да прыкладу, Крамлёўскі палац. Выйшаў альбом. Усё здарылася настолькі хутка, што я пачала нават хвалявацца: а ці спраўлюся? Бывала цяжка і эмацыйна, і чыста фізічна: іншы, вялізны горад, іншыя адлегласці, новыя людзі. Дагэтуль дзіўлюся, як змагла вынесці той цяжар. Але ў новае асяроддзе ўпісалася гарманічна, заняла сваю нішу. Прычым засталася абсалютна вольная, паколькі сама сябе прадзюсірую. Усе мае родныя, блізкія людзі па-ранейшаму жывуць у Мінску, а мой “карабель” плыве — павольна, але ўпэўнена. А канцэртны праект “Гітарная экспансія” ўсё гэтак жа гучыць па ўсім свеце.

— Але ў апошнія гады вы рэдка бываеце ў Беларусі.

— Няпроста ўседзець на двух крэслах. На мяне абрынулася столькі ўсяго ў Маскве... Выступы строга па графіку, майстар-класы для маленькіх дзяцей, праца над новым альбомам, новая студыя і аранжыроўшчыкі. I спраўдзілася даўняя мара —
паўгода таму адкрыўся мой клас гітары. Ён дзейнічае пры “Школе трох мастацтваў” Аляксея Кортнева — акцёра і лідара гурта “Няшчасны выпадак”. Дзяцей і падлеткаў у ёй вучаць акцёрскаму майстэрству, танцу і вакалу, а цяпер яшчэ і ігры на гітары. Хочацца, вядома, часцей прыязджаць у Беларусь з канцэртамі, тым больш, што мяне тут любяць, мне пішуць, перадаюць прывітанні праз майго тату.

— А што наконт адпачынку на радзіме?

— Я не магу сабе дазволіць сысці ў творчы адпачынак — хоць вельмі хочацца замкнуцца ў студыі і пісаць альбом. Але ёсць абавязкі, тыя ж выступы, на якіх мяне, натуральна, ніхто не можа замяніць. І цяпер у мяне вельмі цікавы перыяд — палёту, цеснай блізкасці з інструментам, калі нараджаецца новая музыка, шукаецца новае гучанне, і гэта дае мне велізарнае задавальненне, нягледзячы на бяссонныя ночы. Думаю, што ў бліжэйшы час прадстаўлю новую праграму гледачам, у якой Ірына Ігнацюк будзе зусім іншай.

— Ці ёсць штосьці, што вам не надта даецца пры “зносінах” з гітарай?

— Гітара — гэта ж як працяг майго цела! За столькі гадоў “зносін” з ёй мы ўжо даўно парадніліся. Нават калі я ў адпачынку, на трэці дзень карціць узяць яе ў рукі, інакш мне будзе фізічна дрэнна. Пастаянна адкрываю для сябе нешта новае. Раней грала на нейлонавых струнах, цяпер — на металічных. Адчуванні абсалютна іншыя, гэта нейкая іншая школа iгры, у якой я шукаю сябе — каб і ў ёй мяне пазнавалі. А не надта даецца запіс у студыі — з усімі гэтымі шматлікімі дублямі, пошукам гуку. Паколькі я чалавек самакрытычны, маё самаедства падаўжае працоўны працэс. Але сам ён мне вельмі падабаецца — вось гэтае нараджэнне чагосьці новага. Хаця я ўсё-такі “жывы” музыкант, гледачы мне дапамагаюць кайфаваць і граць добра.

Языкамі не чапаць!

— Сёння ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якую вы сканчалі, ёсць як крытыкі, так і паслядоўныя прыхільнікі. Да каго сябе адносіце?

— Магу толькі выказаць словы падзякі сваім педагогам. Ганаруся, што вучылася менавіта ў Акадэміі. Калі я выступала ў Японіі, арганізатарам было вельмі важна тое, якая ў мяне
адукацыя. Пры падпісанні дагавора мяне нават папрасілі даць усе адпаведныя дакументы. Калі мяне пытаюцца, ці трэба вучыцца музыцы ў якой-небудзь профільнай установе або можна абысціся без яе, адказваю, што адукацыя стопрацэнтова неабходная, гэта вельмі сур’ёзны падмурак. Я ж сёння не проста выканаўца, але і кіраўнік уласнай гітарнай школы, а як у гэтай ролі можна абысціся без гэтага падмурка? Сваім выхаванцам кажу, што яны павінны атрымаць ад навучання максімум. А тое, што пасля заканчэння Акадэміі я не засталася ў класічнай гітарнай музыцы, а сышла ў іншы кірунак, тлумачыцца проста: мне захацелася пашырыць прафесійныя гарызонты.

— Неяк я са сваім знаёмым — прафесійным гітарыстам — глядзеў на відэа “жывы” выступ Джо Сатрыяні. І прыяцель у запаволеным рэжыме пракруціў некалькі фрагментаў канцэрта, прыгаворваючы: “Слухай, як лажае!” Разумею, што “жывое” выкананне дапускае пэўныя агрэхі, але ўсё ж — ці не перабольшваем мы гітарнае майстэрства асобных замежных “зорак”? Можа, справа ў “раскрутцы”, ва ўкладанні ў такіх музыкантаў салідных грошай буйнымі пракатнымi і выдавецкімі кампаніямі, якія павінны “адбіцца”?

— У дачыненні да такога віртуоза як Джо Сатрыяні, слова “лажае” недарэчнае! Гэта надзвычайны гітарыст, і я з задавальненнем прыйду на яго маскоўскі канцэрт, які ўваходзіць у новы тур музыканта. На маім гітарным рэмяні, між іншым, ёсць аўтограф Джо — гэтага бясконца адданага інструменту чалавека, які валодае выдатнай тэхнікай.

Цяпер пра “ўклады”. Ёсць кампаніі, якія для прасоўвання свайго брэнда могуць прапанаваць якой-небудзь гітарнай “зорцы” пайграць на яе інструменце, выкарыстоўваючы яе абсталяванне. Гэта маркетынг, больш нічога.

Маім кумірам заўсёды быў Пака дэ Люцыя. Аднойчы я трапіла на яго канцэрт у Маскве. І нягледзячы на тое, што ён ужо быў ва ўзросце і наогул хварэў тады, на сцэне выглядаў каралём гітары. Мне пашчасціла пазнаёміцца з ім. Я распавяла яму пра тое, што будучы яшчэ маленькай, слухала яго запісы, глядзела, як ён грае. Сказала, што захапляюся ім, падзякавала за тое, што ён прывіў мне любоў да гітары. Аднак многія гітарысты, якія былі ў зале, наракалі: маўляў, Пака ўжо не “той”, а на запісе ўсё гучыць значна лепш. А я не люблю, калі пра маiх калег, тым больш выбітных майстроў, кажуць у такім тоне.

— Ганарары постсавецкіх сольных інструменталістаў моцна адрозніваюцца ад ганарараў такіх жа эстрадных спевакоў і спявачак, калі толькі ты не “зорка” ўзроўню Віктара Зінчука ці Івана Смірнова?

— Нічога не ведаю пра заробкі Зінчука і Смірнова. Тыя гітарысты, з якімі я знаёмая, па-за сцэнай людзі вельмі замкнёныя, яны нават паміж сабою амаль не маюць зносіны. А наогул, вам праўда цікавае “пытанне ганарараў”? Неяк дзіўна было б абмяркоўваць яго на старонках газеты з такой назвай...

— Так, напэўна, вы маеце рацыю. Тады пытанне пра спевы. Вы ж цалкам прыстойна спяваеце, няўжо не хочацца запісаць альбом, выпусціць канцэртную праграму з двух аддзяленняў, у першай частцы якой вы б, скажам, спявалі і гралі, а ў другой толькі гралі?

— Не магу сказаць, што мне вельмі падабаецца спяваць. Ды і пры спевах са сцэны я сябе не зусім камфортна адчуваю. Дык навошта ж рэгулярна працягваць гэта рабіць? Спяваю толькі для сяброў, якія часам мяне пра гэта просяць, калі я ў іх коле найграю на гітары не свае творы.

Што такое добра

— Некаторыя вядомыя гітарысты яшчэ і самі з’яўляюцца праекціроўшчыкамі ўласных гітар: буйныя фірмы па вырабе інструментаў па іх чарцяжах або эскізах робяць ім гітары. У вашых фантазіях паўстае такі інструмент — самы ідэальны для вас?

— У рамках маіх майстар-класаў існуе праект “Дызайнерская гітара”, калі дзеці маюць магчымасць “стварыць” свой інструмент — намаляваць яго і расфарбаваць. Што да мяне, мне вельмі падабаецца форма класічнай гітары, я ў гэтым сэнсе (ды і ў многіх іншых) чалавек кансерватыўны. Але калі фантазіраваць, я б хацела, каб гітары... менш важылі. Інструменты, на якіх я граю, даволі цяжкія. Фізічна мне з імі працаваць на сцэне няпроста.

— Памятаеце, як у Маякоўскага: “Крошка сын к отцу пришел...”? Што такое для вас добра?

— Магчымасць прачынацца раніцай і засынаць увечары, паспяваючы рабіць паміж гэтымі “падзеямі” тое, што мне па-сапраўднаму цікава!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"