Ці ўсе “Заслужаныя” сапраўды заслужылі?

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Феномен “Крупіцкіх музыкаў” натхняе на роздумы пра цяперашні стан народнай творчасці. На жаль, не заўсёды прыемныя
Адзначаючы чарговы, 35-гадовы юбілей “Крупіцкіх музыкаў” — а мне давялося прысутнічаць і на ўсіх папярэдніх — мы зноў і зноў вяртаемся да феномену гэтага адметнага калектыву. Яго стварэнне і імклівы творчы ўзлёт сталі сапраўднай з’явай у народным мастацтве нашай краіны канца мінулага стагоддзя. Але сёння ўзнікае пытанне: што трэба зрабіць, каб такія з’явы нараджаліся як найчасцей?

/i/content/pi/cult/670/14816/DCP_1077-S.jpg

Ансамбль "Крупіцкія музыкі" першым у краіне атрымаў званне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь.

Першыя ва ўсім

Менавіта ансамбль, створаны таленавітым дырэктарам Крупіцкага дома культуры Уладзімірам Громам, стаў першым творчым калектывам, які актыўна распачаў сістэмную дзейнасць па адраджэнні і папулярызацыі фальклорнай спадчыны. Менавіта ён стварыў “моду” на аднаўленне, рэканструкцыю і ўвядзенне ў музычную практыку раней забытых народных інструментаў — дуды, басэтлі, колавай ліры, саломкі, варгана, акарыны, пастуховых труб і многіх іншых (іх сёння ў калекцыі ансамбля каля сотні). Менавіта “Крупіцкія музыкі” першымі пачалі збіраць мясцовы і рэгіянальны фальклор, фармуючы на яго аснове адметны рэпертуар.

Многія творы Уладзіміра Грома і яго ансамбля сёння сталі класікай народнага мастацтва і выконваюцца прафесійнымі і аматарскімі калектывамі краіны. Тое ж тычыцца і харэаграфічных кампазіцый, створаных таленавітым харэографам Георгіем Чорным.

У 1996 годзе “Крупіцкія музыкі” годна прадставілі краіну на Першай сусветнай фалькларыядзе ў Нідэрландах. Фактычна гэта была прэзентацыя беларускага народнага мастацтва для афіцыйных і творчых дэлегацый 109 краін свету. Як кіраўнік нашай беларускай дэлегацыі і старшыня Нацыянальнай секцыі КІОФФ, магу асабіста засведчыць, што выступленні “Крупіцкіх музыкаў” мелі фенаменальны поспех сярод удзельнікаў і гасцей гэтага галоўнага сусветнага фальклорнага форуму.

Менавіта “Крупіцкія музыкі” першымі распачалі актыўную дабрачынную дзейнасць. Падчас кожнай паездкі за мяжу за кошт атрыманых ад канцэртаў сродкаў яны набывалі, прывозілі і перадавалі мясцовым бальніцам і жыхарам патрэбныя медыкаменты. Менавіта дзякуючы “Крупіцкім музыкам” завязалася сяброўства і сталае супрацоўніцтва кіраўніцтва і жыхароў галандскага гарадка Маркела, нямецкага Шпэле і Крупіцы. Быў створаны дабрачынны фонд па зборы сродкаў для будаўніцтва ў вёсцы сучаснага амбулаторнага цэнтра або, як называлі яго нашы замежныя сябры, Дома медыка.

Захоўваючы эталоны

А яшчэ ансамбль першым у краіне атрымаў званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Больш за тое, калі ў 1991 годзе мы ў Міністэрстве культуры распрацоўвалі само палажэнне аб парадку надання гэтага звання, то арыентаваліся менавіта на высокі ўзровень “Крупіцкіх музыкаў”. Яны ўжо ў той час сталі сапраўднай творчай лабараторыяй, на базе якой рэгулярна праводзіліся розныя семінары, майстар-класы, паказальныя канцэрты.

Сёння мы з удзячнасцю згадваем апантанага даследчыка беларускай народнай музыкі Уладзіміра Грома. У “Крупіцкіх музыках” на працягу многіх гадоў ён паспяхова рэалізоўваў сваё творчае крэда — раскрываў і ўзбагачаў адметнасць беларускага музычнага мастацтва і песеннай культуры. Нельга не ўспомніць яго ініцыятыву і вялікія намаганні па стварэнні на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў навукова-творчай лабараторыі па вырабе і рэканструкцыі народных музычных інструментаў. Ён быў душой і вельмі прынцыповым экспертам традыцыйнага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, стварыў унікальную капэлу духавых народных інструментаў “Гуды”. Дзякуй Богу, Гром паспеў сфарміраваць сваю школу і падрыхтаваць вучняў.

Як засведчыў юбілейны творчы вечар у Белдзяржфілармоніі, “Крупіцкія музыкі” і сёння высока трымаюць творчую планку, беражліва захоўваюць традыцыі калектыву. І ў гэтым вялікая заслуга цяперашніх кіраўнікоў ансамбля — Наталлі Лісіцы і Георгія Чорнага, якія многія гады працавалі поплеч з Громам. А што ж іншыя ансамблі?

У краіне сёння — 104 творчыя калектывы, якія маюць званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Многа гэта ці мала (у свой час меркавалася, што іх будзе ўсяго 50 — 60)? А дакладней, ці ўсе яны адпавядаюць патрабаванням, якія прапісаны ў артыкуле 249 Кодэкса аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь?

Ці кожны з такіх калектываў ажыццяўляе рэгулярную пошукава-збіральніцкую і краязнаўчую работу? Ці ўсе яны займелі статус базавага калектыву па аказанні методыка-кансультатыўнай дапамогі, з’яўляюцца своеасаблівым эталонам і творчай лабараторыяй для іншых? Урэшце, ці можна сказаць, што вынікі творчай дзейнасці кожнага з “заслужаных” адпавядаюць нацыянальным культурным традыцыям?

Нават на прыкладзе ўдзелу ў міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” мы часта адзначаем адсутнасць у рэпертуары многіх калектываў цікавых рэгіянальных твораў, жаданне задзейнічаць фанаграму (што забараняе той самы артыкул Кодэкса), небагатую палітру народных музычных інструментаў і выкарыстанне замест іх сучасных эстрадных.

Ці часта можна ўбачыць у складзе народнага ансамбля дуду, жалейкі, акарыны? Гэтыя і іншыя інструменты ўжо добра даследаваны, ёсць методыка іх выкарыстання, майстры па вырабе… Унікальным тут з’яўляецца Заслужаны аматарскі калектыў фальклорны ансамбль “Дударыкі” гімназіі № 14 Мінска, у сённяшнім рэпертуары якога задзейнічана амаль уся палітра народных музычных інструментаў, а ў склад калектыву ўваходзяць ансамблі гармонікаў, дуд, жалеек, акарын.

Ёсць і шэраг іншых пытанняў. Ці можа паўнавартасна існаваць ансамбль песні і танца без музычнай групы? Ці дапушчальна, калі ў рэпертуары калектыву — адзінкавыя рэгіянальныя творы, а амаль палова канцэртных нумароў — на рускай мове? Гэта тая рэальнасць, з якой даводзіцца часта сустракацца на практыцы.

Відавочна, што патрабаванні да “Заслужаных” калектываў павінны быць вельмі высокімі, аднак пры гэтым яны патрабуюць і асаблівай увагі ды падтрымкі і з боку спецыялістаў, і з боку дзяржаўных органаў. Бо такія ансамблі не толькі захоўваюць традыцыі народнага мастацтва, але і перадаюць генетычную памяць нацыі новым пакаленням.

Захоўваючы эталоны, мы будзем мець гарантыю развіцця (або адраджэння) відаў і жанраў народнага мастацтва і ў бліжэйшай будучыні, калі колькасць творчых калектываў пачне аб’ектыўна скарачацца — што, на жаль, пацвярджае і статыстыка апошніх гадоў. Гэтая прыярытэтнасць павінна быць і ў фінансавай падтрымцы для набыцця музычных інструментаў і адметных сцэнічных касцюмаў, і ў маральным заахвочванні калектываў і іх яркіх лідараў.

З апошнім пакуль праблема. Не магу згадаць кіраўнікоў цікавых аматарскіх ансамбляў, якія б за апошнія 2 — 3 гады атрымалі ганаровыя званні Заслужаных дзеячаў культуры Рэспублікі Беларусь. Наогул, чаму мы іх так шкадуем для творчых людзей? Гэта ж амаль не вымагае нават спецыяльных бюджэтных укладанняў.

Брак стымулаў і рэпертуарны голад

Каб павучыцца адметнаму вопыту ў іншых і крытычна ацаніць свае дасягненні, многім творчым калектывам не хапае канцэртных выступленняў, фестываляў з паўнавартаснай конкурснай сітуацыяй і высокай мастацкай планкай. У гэтым сэнсе заслугоўвае ўвагі прыклад Мінскай вобласці, дзе штогод праводзіцца фэст “Напеў зямлі сваёй”, чые ўдзельнікі знаходзяцца ў роўных конкурсных умовах.

Вельмі шкада, што цікавая ідэя правядзення Рэспубліканскага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь — мая песня”, у якім былі прадстаўлены ўсе яго віды і жанры, абарвалася на другім па ліку, і мы зноў засталіся без гэтага важнага форуму. Неяк ужо пісаў у “Культуры”, што фактычна без навукова-метадычнага аналізу і арганізацыйна-метадычнай падтрымкі на рэспубліканскім узроўні аказаліся нават базавыя жанры аматарскага тэатральнага і харэаграфічнага мастацтва. А вынікам стала скарачэнне іх колькасці.

Большасць аматарскіх калектываў — і ў першую чаргу тыя, якія не збіраюць мясцовы і рэгіянальны фальклор — адчуваюць сапраўдны рэпертуарны голад, асабліва сучасных твораў. А супрацоўніцтва з кампазітарамі і харэографамі-пастаноўшчыкамі не развіваецца — не гаворачы ўжо пра іх мэтавую работу для канкрэтных ансамбляў.

Без сумневу, народнае мастацтва ў нашай краіне застаецца найважнейшым складнікам нацыянальнай культуры. Яго існаванне і развіццё для многіх сёння з’яўляецца быццам бы натуральнай з’явай. Але ж мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, памятаем 80 — 90-я гады мінулага стагоддзя, калі даводзілася праводзіць фальклорныя экспедыцыі і збіраць па драбніцах элементы традыцыйнай культуры, вяртаць з нябыту і рэканструяваць беларускія народныя інструменты, адраджаць забытыя віды рамёстваў.

Сучаснае развіццё адбываецца менавіта на той грунтоўнай аснове — безумоўна, на больш высокім прафесійным узроўні. Але з усяго гэтага трэба пастаянна рабіць неабходныя высновы, каб нашым нашчадкам не даводзілася паўтараць ужо пройдзенае.

Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ,
намеснік старшыні Беларускага фонду культуры

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"