Хто ж будзе “Ката пячы”?

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Няўжо бібліятэкі і клубы — адно для дзяцей і пенсіянераў?
Знаёмства са Скiрмантава — былой вёскай, якая з 2010 года стала аграгарадком, — паказала, што, дзякуючы намаганням органаў улады рэгіёна і мясцовых дзеячаў культуры, гісторыя гэтай зямлі і яе традыцыі жывыя. Аднак пытанне іх пераемнасці справядліва хвалюе энтузіястаў.

/i/content/pi/cult/670/14815/pages-10-11.jpg

У Скiрмантава, акрамя работнікаў мясцовых устаноў культуры, я абзавёўся яшчэ двума гідамі па яго культурным жыццi. Імі выступілі адзінаццацікласнікі тамтэйшай школы Ксенія Чупрыкава і Вадзім Сарафiновiч — між іншым, танцавальная пара ў гуртку Дома культуры. Акрамя таго, дзяўчына і юнак займаюцца сольным і харавым спевамі, вядуць мерапрыемствы. А яшчэ Ксенія малюе, марыць стаць дызайнерам і ў вольны час чытае... Шэкспіра. Вадзім пакуль не вызначыўся з выбарам жыццёвага шляху, але больш за ўсё схіляецца да напрамку культурнага.

Што губіць бібліятэкі

Мы часам забываемся, што сэнс функцыянавання бібліятэк заключаецца не толькі ў тым, каб чытачам выдаваліся запатрабаваныя імі выданні, але яшчэ і шмат у чым іншым. Кіраўнік Скiрмантаўскай сельскай кніжніцы Нэлі Янкоўская адным з галоўных прыярытэтаў у працы “сваёй” установы вызначае краязнаўства. І ў мяне склалася ўражанне, што зроблена ёй у гэтым кірунку столькі, колькі іншыя, значна буйнейшыя профільныя ўстановы, у актыў сабе занесці не могуць. Яна запісвае апавяданні старажылаў аб уласных лёсах і пра вёску наогул, ведучы яе гісторыю з дапамогай тых жа сведак; збірае мясцовы вусны і песенны фальклор. І ўсё гэта афармляе дакументальна. Цікавасць да пошукаў бібліятэкара праявіў Інстытут культуры Беларусі, але на тым пакуль усё магчымае супрацоўніцтва і скончылася.

У 2017-м Нэлі Сяргееўна дала старт праекту “Хачу быць чытачом” для вучняў 1 — 4 класаў, разлічанага да 2020 года. Сёлета дзяцей знаёмілі з біяграфіямі і творамі літаратараў свету, якія адзначалі свае юбілеі ці маглі б іх адзначыць. У рамках іншага праекта — “Крочым родным краем — старонкі гісторыі збіраем”, — адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя менавіта літаратарам Койданаўшчыны. З зусім нядаўніх бібліятэчных падзей — фальклорная гульнятэка “Хадзіце да нас гуляцi — карагод спраўляці”, якая прайшла ў лістападзе.

Сумесна з Домам культуры там дзейнічаюць два клубы па інтарэсах — літаратурна-мастацкі для дзяцей малодшага ўзросту “Сонейка” і для людзей пажылых “Надзея”.

У Скiрмантава прапісана каля 450 чалавек, і амаль кожны з іх мае бібліятэчны фармуляр. Плюс “дачнікі”, якія набылі тут дамы, арандатары і чытачы з суседніх вёсак. У месяц наведванне складае каля чатырохсот чалавек, але асноўны кантынгент — людзі каля- і пенсійных гадоў. Нэлі Сяргееўна апярэджвае маё пытанне:

— А вы самі пайшлі б у бібліятэку, калі вам у будні трэба ўставаць гадзін у пяць-шэсць раніцы, каб выпраўляцца на працу ў наш раённы цэнтр Дзяржынск ці Мінск? Ды і на выхадных ужо ніякіх сіл і жадання няма ў такіх людзей, каб зазірнуць да нас.

Лагічным мне тады здалося і паглыбіць тэму краязнаўства. Калі насельніцтва аграгарадка радзее, калі яго працаздольная частка занятая ў першую чаргу ўладкаваннем сваёй асабістай матэрыяльна-эканамічнай прасторы, то каму ж перадаваць усе тыя веды і адкрыцці, назапашаныя і зробленыя спадарыняй Янкоўскай, хто іх будзе захоўваць і памнажаць?

— Не трэба быць такім песімістам, — супакоіла мяне яна. — Я шчыра веру, што тое зерне любові да малой радзімы, якое мы сеем у душах маленькіх дзяцей, дасць свае парасткі. І ўжо стаўшы дарослымі, яны хоць бы ў хвіліны адпачынку ад гэтага колабегу пад назвай жыццё, нешта зробяць для захавання спадчыны свайго краю, няхай і апасродкавана.

І Нэлі Сяргееўна распавяла мне пра яшчэ адно свае “ноу-хау” — на прыкладзе перакіднога календара. Бабулі і дзядулі Скiрмантава “дораць” ёй мясцовыя аўтэнтычныя словы, якія даўно выйшлі з ужытку ды замененыя іншымі. І спадарыня Янкоўская “адкрывае” іх не толькі маленькім жыхарам аграгарадка на
нейкіх мерапрыемствах, але і вяртае ў свядомасць іх бацькоў.

Як? Ды проста! На кожнай старонцы календара, вырабленага паводле замовы і макету падзвіжніцы, выдзелена тое самае забытае слова з яго перакладам на сучасную беларускую мову. Прыходзяць мамы і таты ў бібліятэку і, быць можа, міжволі звяртаюць увагу на календары з напамінкам. Глядзіш, у каго-небудзь дыялектызмы ў падкорцы і адкладуцца, і будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне.

На складанасці ў сваёй працы Нэлі Сяргееўна не скардзіцца. Толькі наракае на пацёкі, якія часам з’яўляюцца ў верхніх кутах столяў. Некалі пры рамонце будынка прыбралі частку яго вентыляцыі, пустэчы закрылі бляшанымі лістамі, але пры адпаведным надвор’і вільгаць унутр пранікае. Будаўнікі спасылаюцца на няўдалы праект памяшкання, што не дазваляе ім прывесці ўсё ў належны стан. А волкасць для бібліятэкі — хай і невялікая — рэч небяспечная. І не толькі для кніг, але і для куточку сялянскага побыту, прадметы для якога збіралі і збіраюць усёй грамадой (да прыкладу, экспанат “Старажытная ступа” не так
даўно справіў сваё стагоддзе). Адна з вадкіх плям знаходзіцца амаль над гэтым міні-музеем.

Каментарый Вадзіма САРАФІНОВІЧА:

— Я часта бываю ў Доме культуры і бачу, што людзі бібліятэку наведваюць, але сам у яе хаджу рэдка: калі нешта захочацца прачытаць або трэба знайсці нейкую інфармацыю, карыстаюся інтэрнэтам. Ды, шчыра кажучы, і часу ўжо няма на тое, каб пачытаць штосьці выключна ў задавальненне — як было раней, калі я прыходзіў сюды за фантастыкай. А ў школьнай бібліятэцы ёсць усё, што нам трэба па праграме.

Каментарый Ксеніі ЧУПРЫКАВАЙ:

— Люблю класічную беларускую літаратуру. Аднак у мяне на чытанне таксама цяпер не хапае часу: наш клас выпускны, і ўсе сілы сканцэнтраваныя на тым, каб добра здаць экзамены. Але папяровыя кнігі, безумоўна, патрэбныя — яны ствараюць зусім іншае адчуванне, настрой, чым чытанне з якой-небудзь электроннай прылады, “мёртвай” усё-такі.

“Дзіўныя” людзі

Але ёсць у Скiрмантава і такія працаздольныя, якія ўсё ж знаходзяць час на культуру. І дарога іх ляжыць у яе Дом, што справіў у лістападзе 35-гадовы юбілей. Гэты ДК, між іншым, знакаміты на ўсю краіну: адноўленая ў 1994 годзе свякрухай яго дырэктара Наталлі Радзько абрадавая гульня “Ката пячы” занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

У Доме культуры працуе дзесяць гурткоў і клубаў. Кажучы пра тое, што яшчэ адрознівае дзейнасць “яе” ўстановы, Наталля Пятроўна называе “фірмовыя” побытавыя танцы, прысвечаныя Скiрмантава аўтарскія песні і бясплатную “Навагоднюю ёлку”.

А перажывае спадарыня Радзько за тое, што моладзі ў Доме культуры магло б быць і больш. Не так ужо моцна вабіць яе народная творчасць, таму і задумваецца перыядычна дырэктар аб тым, каму ж яе перадаваць.

З’явілася і новая праблема: заняткі ў тутэйшай школе з восені ссунуліся па часе наперад і пачынаюцца ў 9 раніцы. Навучэнцы малодшых класаў цяпер прыходзяць у клубныя гурткі бліжэй да шасці гадзін вечара. Вось бацькі некаторых з іх і задумаліся — а ці варта адпраўляць у ДК сваіх дзяцей у перыяд, калі на двары рана цямнее? А паколькі ўстанову наведваюць і дзеці з суседніх вёсак, у іх узніклі складанасці з вяртаннем дадому — аўтобусы курсіруюць па ранейшым раскладзе, і чым бліжэй да ночы, тым паўзы паміж рэйсамі даўжэй. Трэба нешта рабіць...

Каментарый Ксеніі ЧУПРЫКАВАЙ:

— Мяне ў ДК усё задавальняе — хоць, можа, ён трошкі і несучасны ў тым сэнсе, што ў яго аб’яднаннях пераважна людзі сярэдняга і старэйшага пакаленняў і дзеці. А моладзь сюды прыходзіць, у асноўным, толькі на дыскатэкі. Але няпраўда і тое, што яна ўся пагалоўна ўткнулася ў сацыяльныя сеткі і больш яе нічога не цікавіць: хтосьці з маіх аднакласнікаў займаецца спортам, хтосьці грае на гітары.

Каментарый Вадзіма САРАФІНОВІЧА:

— Калі нам нешта не падабаецца ў працы Дома культуры, мы проста пра гэта гаворым Наталлі Пятроўне, і яна да нас прыслухоўваецца. Ухіл у танцавальным гуртку робіцца на бытавых, народных танцах, і мне іх дастаткова, сучасныя не прыцягваюць. А ў вакальным спяваем усё — і беларускае, і замежнае. І стылі самыя розныя. Я пагаджуся і не пагаджуся з Ксюшай з нагоды сённяшняй моладзі. Напэўна, гэта ўсё ж такі мы з ёй ды яшчэ некалькі чалавек у Скiрмантава такія “дзіўныя”.

Мінск — аграгарадок Скiрмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"