Салёны гурок з крапівою

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Такую акцыю ў Зэльвенскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці правялі ўпершыню. Гэта быў адкрыты конкурс на самабытны рэцэпт стравы нацыянальнай кухні рэгіёна “Гатуем сваё”. Як паведамляе загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці згаданай вышэй установы Алена Ламека, кулінарнае свята арганізавалі Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”, фермерская гаспадарка “Верас” пры падтрымцы аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

/i/content/pi/cult/670/14814/50-kultura-10-copy.jpg

Кулінарны конкурс ладзіўся ў рамках праекта “Турыстычная дэстынацыя “Зэльвенскі дыяруш”: узмацненне партнёрства, развіццё крэатыўных ініцыятыў і адраджэнне спадчыны”. Патлумачу, што слова “дэстынацыя” ў дадзеным выпадку азначае тэрыторыю, дзе для турыстаў створана належная інфраструктура. Але вернемся да кулінарных аспектаў. На конкурсе прэзентаваліся сапраўдныя кулінарныя шэдэўры: клёцкі з грыбамі, запяканкі, хатняя вяндліна, дзеруны, салёныя гуркі з крапівою, звараная ў гарбузе каша. На Зэльвеншчыне час ужо кулінарную карту складаць ды прадаваць яе турыстам-гурманам.

Яшчэ адзін прыклад сумесных намаганняў, скіраваных на дасягненне агульнага выніку. Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур напісала, што ДШМ арганізавала канцэрт “Шматгучная Беларусь” у кавярні “Стары горад”. Мерапрыемства ладзіцца ўжо чацвёрты год запар і кожны раз прысвячаецца новай тэме. Білеты набываліся загадзя. А кавярня, нягледзячы на будні вечар, была цалкам запоўнена — доказ таго, што такія канцэрты сталі для Ашмян знакавымі. Таццяна Печкур аналізуе сцэнарый акцыі: “Асноўная мэта яе — больш шчыльнае знаёмства з беларускімі кампазітарамі і іх творчасцю. Вядучыя карысталіся толькі беларускай мовай. Канцэрт суправаджаўся фота- і відэапрэзентацыямі. А інструментальныя ды вакальныя выступленні старшакласнікаў і настаўнікаў дэманстравалі шматграннасць беларускай культуры”. А мяне зацікавіў факт цікавага партнёрства: ДШМ + кавярня. Таццяна Печкур распавяла мне па тэлефоне, што чатыры гады таму выкладчыкі ўстановы папрасілі кіраўніцтва кавярні выкарыстаць яе ў якасці канцэртнай залы. Прапанова была імгненна падтрымана. І вось што цікава, заўважную эканамічную выгоду ад такога пагаднення атрымлівае толькі школа, бо менавіта яна прадае білеты. А “Стары горад” набыў славу гэткага цэнтра падтрымкі мастацтваў. У прынцыпе, такі статус павысіў папулярнасць кавярні. Павялічылася, натуральна, і колькасць яе наведвальнікаў. Словам, карысць ад сяброўства — агульная.

Клуб “Гасцінныя сустрэчы” Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна сталіцы “Зорка” (кіраўнік Валянціна Яргольская) запрасіў да сябе беларускіх літаратараў Ірыну Масляніцыну, Міколу Багадзяжа і Алену Басікірскую. Як і заўсёды, прысутнічалі ў зале і школьнікі Фрунзенскага раёна. Гаворка ішла аб правах дзіцяці. Пісьменнікі распавядалі пра жыццё і творчасць, падарылі школьнікам свае кнігі.

Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка абслугоўвае, натуральна, і тых чытачоў, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе. На бібліятэчнае мерапрыемства “Агні цырка” былі запрошаны, да прыкладу, выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Масты. У маленькіх гасцей з’явілася магчымасць стаць цыркавымі артыстамі: клоунамі, дрэсіроўшчыкамі, жанглёрамі і асілкамі. “Колькі было эмоцый, — піша загадчык Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Ярашук. — А для маладых людзей, якія наведваюць Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна, бібліятэкары падрыхтавалі квэст “Пірацкія скарбы”. Юнакі і дзяўчаты пераўвасобіліся ў піратаў і шукалі скарб. Безумоўна, знайшлі!”

У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі Беразіно ладзіўся круглы стол “Зрабі выбар на карысць здароўя”. Пра гэта паведаміла бібліятэкар аддзела абслугоўвання Кацярына Ярмолінская. У мерапрыемстве бралі ўдзел благачынны Бярэзінскай акругі, пратаіерэй Ілья Ганчарук, урач-эпідэміёлаг Бярэзінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алег Вараб’ёў, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Настасся Кушнер, дырэктар Бярэзінскай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Міхаіл Фясун. Гаворка ішла пра барацьбу са СНІДам. “Спадзяёмся, — піша аўтар, — што дадзены круглы стол стаў маленькім крокам у вырашэнні вялікай праблемы”.

Настаўніца Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталля Латышава распавяла, што навучэнцы ДШМ горада Барані атрымалі ўзнагароды ХХІІІ Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Ружа Вятроў” (Масква). Цягам двух дзён спаборнічалі 1250 канкурсантаў з 3 рэгіёнаў Расіі, а таксама — з Беларусі, Ізраіля, Швецыі, Казахстана. Дыпломам лаўрэата ўзнагароджана Ганна Мамантава; дыпломамі адзначаны фартэпіянныя дуэты “Нюанс” — у складзе Сафіі Андросавай і Ілоны Чарняковай, “Квінтолька” — у складзе Мар’яны Лесніной і Таццяны Ізмайлавай; а таксама — Паліна Пастаногава.

Інфармацыя з аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У Карэлічах прайшоў конкурс “Містэр малады спецыяліст — 2017”. За званне “самага-самага” змагаліся супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Міселя, прадстаўнік Дэпартамента аховы Аляксандр Сіроцін і спецыяліст электрасетак Віктар Хвясько. Першы стаў “Містэрам Спорт”, другі — “Містарам Інтэлект”, трэці стаў “Містарам Крэатыўнасць” і заслужыў сімпатыю гледачоў.

У Столінскім гарадскім доме культуры выбіралі лепшую сюжэтна-гульнявую праграму “Навагодні фестываль-2017”. Работнікі культуры Асаўскага, Рухчанскага, Белавушскага сельскіх дамоў культуры, Мачульскага дома фальклору і педагогі сістэмы адукацыі падрыхтавалі сем праграм. Пераможцы вызначаліся па трох намінацыях: “Найлепшая праграма”, “Найлепшае музычна-харэаграфічнае суправаджэнне праграмы”, “Найлепшыя Дзед Мароз і Снягурка”. Перамаглі адпаведна Мачульскі дом фальклору, сярэдняя школа № 3 Століна, Васіль Казакевіч і Вольга Строк са Стружскай сярэдняй школы. Пераможцы агляду-конкурсу прымуць удзел у адкрыцці галоўнай ёлкі раёна. Пра гэта паведаміла Галіна Гашчук.

Наступная навагодняя інфармацыя — з Ашмянскага раёна. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гальшанскай дзіцячай школы мастацтва Дар’я Антановіч піша: “У нас
прайшоў канцэрт “Зімовыя замалёўкі” з удзелам Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Мэта і задача мерапрыемства наступныя: паказаць шлях ад першых гукаў пачаткоўца музыкі да прафесійнага выканання і прафесійная дапамога навучэнцам ДШМ. Выступіла струнна-смычковая група камернага аркестра Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Прагучалі шэдэўры сусветнай класічнай музыкі, эстрадныя творы і сучасныя кампазіцыі”. Потым выступілі выкладчыкі каледжа. Яны пажадалі дзецям творчых здабыткаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"