Ліхтарыкі журавін асабістага мікракосму

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Для адных персанальная выстаўка становіцца важнай рысай, што прымушае падсумоўваць свае дасягненні ці няздзейсненыя планы, для іншых — чарговай прыступкай, з якой вельмі зручна аглядаць новыя гарызонты творчасці. Да апошніх адносіцца мастак Леанід Данелія.

 /i/content/pi/cult/164/1481/Lihtaryki.jpg
На
персанальным вернісажы ў Палацы мастацтва аўтар лёгкім пункцірам абазначыў творчыя пошукі мінулых дзесяцігоддзяў: рэалістычную “Раніцу ў старым горадзе” сямідзесятых, буянне “андэграунднай” графікі 80-х, пошуку асабістага “Шляху да свабоды” пад час перабудовы напрыканцы васьмідзесятых.
Але большую частку экспазіцыі ён аддаў палотнам апошняга часу.Данелія спрабуе сябе ў розных жанрах. Бярэцца за графіку — і ўзнікае напаўкасмічны “Канцэптуальны эскіз”, узлятаюць трапяткія “Залатыя матылькі” і ўспыхваюць стракатымі агеньчыкамі “Садовыя кветкі”. Звяртаецца да алею — і сплятаюцца ў “Фарбы Палесся” крынічныя ключы, балотныя таямніцы і барвовыя ліхтарыкі журавін, ці ў “Ноч. Купалле” распачынаюць рытуальныя танцы лясныя фантасмагарычныя істоты.
Творца адкрывае зацікаўленым карту асабістага мікракосму. Аматары адчуюць эмацыйнае ўзрушэнне аўтара ад “Вясновага карагода”, пабачаць адбітак сябе ў “Вачах начнога мегаполіса”, пачуюць дыскатэчныя рытмы “Вечара” вялікага горада. Альбо, абраўшы іншы маршрут, заслухаюцца “Прысвячэннем сярэбранаму стагоддзю паэзіі”, моцнымі акордамі “Прысвячэння музыцы Вагнера”.
Дадайце да графікі і жывапісу дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, архітэктуру — і вы зразумееце, наколькі разнастайныя творчыя прыхільнасці Данеліі. Яго “Рака часу” напаўняе ўпэўненасцю, што, пакуль жыццё дае магчымасць, неабходна працягваць адкрываць для сябе свет, каб праз новыя знаходкі дасягнуць асабістай гармоніі з Космасам. 

Людміла МАКОЎСКАЯ