Ізноў пра мову: інцыдэнт з прэцэдэнтам

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Як сэрца адчувала. Усё нешта не тое надоечы сніў. Не для стваральнай працы і радаснага жыцця… І вось ён — сон у руку. Бібліятэкары аднаго з раёнаў Брэстчыны даслалі ў рэдакцыю ліст. А ў лісце — праблема. Тая, што замінае і стваральнай працы, і радаснаму жыццю.

Вось пра што паведамляюць аўтары допісу. “На днях па электроннай пошце атрымалі такі ліст: “Здравствуйте, уважаемый директор ЦБС! Сообщаем Вам, что отчёты за 2017 год и планы работы на 2018 год мы будем принимать на русском языке. С уважением отдел библиотековедения”. Натуральна, ліст да дырэктара ЦБС напісаны супрацоўнікамі абласной бібліятэкі. А супрацоўнікі раённай установы, звяртаючыся да нас, просяць як мага хутчэй узняць гэтае пытанне ў газеце (“пажадана, да новага года”). Усё зразумела, дакументацыю (і справаздачы, і планы) ужо трэба адпраўляць па інстанцыях у вобласць. А тут вось які моўны інцыдэнт без права выбару.

Ведаю па сабе, як цяжка ў практычнай дзейнасці пераходзіць з беларускай мовы на рускую. Прынамсі, часу на напісанне тэксту па-руску мне асабіста патрэбна ўдвая больш, чым па-беларуску. І адчуваю я сябе, калі карыстаюся
пісьмовай рускай, досыць некамфортна. Таму любую паперчыну, анкету, даведку запаўняю-пішу на роднай мове. Дарэчы, права на гэта мне гарантуюць і Канстытуцыя, і Закон “Аб мовах Рэспублікі Беларусь”. А гавару па-руску вольна і без праблем.

У пошуках ісціны я звярнуўся да дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Тамары Данілюк. Вось як яна патлумачыла сітуацыю:

— Хтосьці з раёнаў прысылаў справаздачы на рускай мове, хтосьці — на беларускай. Але дзесьці 80% справаздач былі рускамоўнымі. Таму мы папрасілі людзей рыхтаваць дакументы па-руску. Але гэта не азначае, што мы будзем супраць прынцыпаў тых раёнаў, якія жадаюць карыстацца беларускай мовай. У нас няма ніякіх прымусаў, у нас — двухмоўе. І паколькі справаводства ў гарвыканкаме, аблвыканкаме і ў райвыканкамах — на рускай мове, дык прасцей было б і нам рабіць гэтаксама. Агульны план дзейнасці абласной культуры ствараецца па-руску. Аднак калі той раён
прынцыпова хоча выкарыстоўваць для справаздачнасці беларускую мову, мы не будзем прымушаць штосьці мяняць.

— Дык навошта спатрэбіўся гэты ліст з катэгарычным “…мы будем принимать на русском языке”? — пытаюся я ў шаноўнай Тамары Паўлаўны.

— Каб прыйсці да падабенства, — адказала яна і яшчэ раз дадала, што справаводства ў краіне збольшага вядзецца па-руску.

Не ведаю наконт справаводства, але лісты з міністэрстваў культуры ды інфармацыі, якія трапляюць у мой аддзел рэгіянальнай культуры, спрэс беларускамоўныя.

А як з моўным пытаннем, да прыкладу, на Гомельшчыне? Аказваецца, няма ніякіх прэцэдэнтаў з інцыдэнтамі. Дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Марына Рафеева кажа, што справаздачныя зборнікі ў іх — двухмоўныя. І было б дзіўна, падкрэслівае Марына Сяргееўна, каб гаворка, скажам, пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ці пра юбілеі Якуба Коласа і Янкі Купалы, вялася па-руску.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша дадаў, што і планы, і справаздачы ў НББ рыхтуюцца выключна па-беларуску. Згадаў ён і пра канстытуцыйнае права беларуса карыстацца сваёй мовай.

Мяне цяпер толькі адно пытанне турбуе. Чаму ж прыкладна 80% бібліятэкараў Брэстчыны жадаюць весці справаводства па-руску? Па словах Тамары Данілюк, усе яны вельмі актыўна прапагандуюць родную мову і творы беларускіх літаратараў, але справы вядуць і працу плануюць збольшага па-руску. Вельмі загадкавыя асобы гэтыя бібліятэкары Брэстчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"