Своечасовы адказ на хваравітае пытанне

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Лічу, што дата 13 снежня 2017 года з цягам часу можа заняць пачэснае месца ў гісторыі айчыннай сістэмы адукацыі. У сваёй прамове на ІІ З’ездзе вучоных Беларусі член-карэспандэнт НАН Беларусі, старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк акрэсліў стратэгічна верны напрамак: выкладаць гуманітарныя дысцыпліны на беларускай мове, а дакладныя — на рускай.

/i/content/pi/cult/670/14807/strelets-1111111111_opt.jpegМіхаіл СТРАЛЕЦ,
доктар гістарычных навук, прафесар
Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта:

Я рашуча падтрымліваю Ігара Аляксандравіча. Сучасны стан беларускай мовы ў нашай краіне катастрафічны. Адзінае выйсце: беларускамоўнае выкладанне ў сістэме адукацыі ў рэчышчы канстытуцыйна-прававых нормаў. І пачынаць трэба менавіта з прадметаў гуманітарнага цыкла. У дакладных дысцыплінах ёсць шмат праблем з тэрміналогіяй, і таму іх паўсюднае выкладанне на матчынай мове наўрад ці з’яўляецца пытаннем бліжэйшай будучыні.

Што трэба зрабіць, каб давесці ініцыятыву вучонага, педагога, парламентарыя да лагічнага канца? Прыняць дзяржаўную праграму па падтрымцы беларускамоўнага выкладання ў гуманітарным сегменце айчыннай сістэмы адукацыі. Яе ключавыя моманты ўяўляюцца наступным чынам.

Першы: разгляд беларускамоўнага выкладання ў сістэме адукацыі ў рэчышчы канстытуцыйна-прававых нормаў.

Другі: стварэнне тэрміналагічнай камісіі, якая павінна зняць усе пытанні па перакладзе паняційнага апарата. У звязку з гэтым трэба грунтоўна вывучыць досвед дзейнасці створанай Інстытутам беларускай культуры камісіі, якая вельмі паспяхова папрацавала ў 1920-х гадах.

Трэці: увесці беларускамоўнае выкладанне гуманітарных дысцыплін з 2019 / 2020 навучальнага года. Гэта значыць, што абавязкова павінен быць пераходны перыяд.

Чацвёрты: выкладчыкі гуманітарных дысцыплін павінны раз на пяць гадоў у абавязковым парадку здаваць кваліфікацыйны экзамен па беларускай мове.

Пяты: абавязковае цэнтралізаванае тэставанне абітурыентаў па беларускай мове.

Магу падзяліцца і ўласным вопытам. Я ўжо амаль трыццаць гадоў выкладаю выключна на беларускай мове. Мною напісаныя і выдадзеныя першыя беларускамоўныя курсы лекцый па дысцыплінах “Асновы дыпламатычнай і консульскай службы”, “Краіназнаўства. Германія і Польшча”.

Я працую ў адным з самых рускамоўных гарадоў нашай Айчыны — Брэсце. І што назіраю? Не болей за чвэрць студэнтаў адказваюць мне на семінарскіх занятках і заліках на беларускай мове. І гэта з года ў год! Але ёсць і добры знак. Пастаянна змяншаецца колькасць студэнтаў, якія падыходзяць да мяне і просяць, каб я чытаў лекцыі па-руску. Таму я ўпэўнены, што калі будзе прынята дзяржпраграма, то сацыяльная глеба для яе рэалізацыі будзе больш прыдатнай, чым, скажам, 5, 10, 15 гадоў таму.