Гукавы атлас з партрэтамі

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Вышэйшай прафесійнай музычнай адукацыі ў нашай краіне — 85 гадоў. А колькі нашаму фальклору? Да юбілею Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі этнамузыколагі гэтай ВНУ падрыхтавалі ўжо дзявяты выпуск з серыі навукова анатаваных кампакт-дыскаў “Аўдыёатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі”.

/i/content/pi/cult/670/14805/opt.jpeg— Гэта серыя, — гаворыць загадчык кабінета традыцыйных музычных культур БДАМ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Таццяна Бярковіч, — стала вынікам экспедыцыйна-палявых даследаванняў, што вядуцца не толькі метадыстамі-этнамузыколагамі — супрацоўнікамі кабінета, але і студэнтамі, аспірантамі, выкладчыкамі нашай ВНУ. У фондах нашага фонаархіва этнамузыкі захоўваюцца ўнікальныя матэрыялы, назапашаныя цягам амаль 60-ці апошніх гадоў. Пасля стараннага адбору і сістэматызацыі частка гэтых запісаў трапляе ў згаданы “Аўдыёатлас”, каб быць больш даступнай для навуковага карыстання, вучэбнага працэсу.

Выдадзеныя кампакт-дыскі фарміруюцца паводле розных тэматычных ліній, якія перакрыжоўваюцца адна з адной. Так, некаторыя альбомы ахопліваюць пэўныя жанры (“Музычныя традыцыі Масленіцы Беларускага Падняпроўя”, “Песенна-гульнявыя традыцыі ў каляндарна-земляробчай культуры беларусаў”, дзе сабрана музыка абрадавых гульняў “Ваджэнне Казы” і “Жаніцьба Цярэшкі”). Іншыя засяроджаны на нейкім этнакультурным рэгіёне і яго традыцыях (“Этнамузычная традыцыя Сененшчыны”, “Каляндарна-песенныя традыцыі заходнепалескага-панямонскага памежжа”, “Этнамузычныя традыцыі ўсходнебеларускага рэгіёна: Чавушчына”). Ёсць і тыя, што складзены з рарытэтных экспедыцыйных аўдыёзапісаў аднаго збіральніка. Асобна выходзілі зборы Лідзіі Мухарынскай (“Этнапесенныя традыцыі Беларусі”), Тамары Якіменка (“Каляндарна-песенная традыцыя паўночнабеларускага рэгіёна”). Нарэшце, выдаем мы і “партрэты” найлепшых носьбітаў беларускага фальклору (“Надзея Адамаўна Швед”, “Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў”).

Апошні са згаданых альбомаў, складзены з двух дыскаў, і стаўся дзявятым у серыі. Віктар Петакоў — чалавек неардынарны. Усё жыццё працуе даярам, мае пяцёра дачок, спявалі ў ягоным родзе ўсе жанчыны па матчынай лініі. Голас у яго нязвыклы — з высокім звонкім тэмбрам. Таму і спявае ён як мужчынскую лірыку, так і абрадавыя ўзоры жаночай традыцыі. Яго майстэрства вядома не толькі ў нас (а ён часта выступае на фестывалях, аглядах, конкурсах), але і ў замежжы. Сам не гастралюе “па Еўропах” — там пабываў этнаграфічны фільм Зінаіды Мажэйка “Пранясі, Божа, хмару”, зняты студыяй “Летапіс” на “Беларусьфільме” ў 1990-м і вядомы навукоўцам усяго свету.