Кансерваторыя ў асобах

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

85-годдзе вядучай музычнай ВНУ краіны адзначана стварэннем энцыклапедыі — “Беларуская дзяржаўная кансерваторыя — Акадэмія музыкі: гісторыя ў асобах”, што днямі выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Кніга аб’ёмам у амаль паўтысячы старонак ахоплівае каля 800 персаналіяў — усіх тых, хто выкладаў у гэтай навучальнай установе цягам яе існавання.

/i/content/pi/cult/670/14804/12.jpeg— Праца заняла два гады, — расказвае загадчык навукова-даследчага аддзела БДАМ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Нэлі Мацаберыдзе. — Быў складзены спецыяльны навуковы калектыў у колькасці дзесяці чалавек. Туды імкнуліся накіраваць не толькі музыказнаўцаў (Наталлю Ганул, Святлану Нямцову-Амбаран, Людмілу Запявалаву), але і прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцяў: піяністку Ірыну Аношка, якая ўзначальвае фартэпіянны і кампазітарска-музыказнаўчы факультэт, Таццяну Бодневу, што стаіць на чале кафедры струнных смычковых, Вольгу Шаўчэнка з магілёўскага філіяла, якая загадвае там кафедрай харавога дырыжыравання і інструментальнага выканальніцтва, акардэаністку Лідзію Скачко і іншых. Кніга задумвалася як працяг біябібліяграфічнай энцыклапедыі, якую пятнаццаць гадоў таму рыхтавалі Раіса Сергіенка і Валянціна Антаневіч — “З гісторыі музычнай адукацыі ў Беларусі. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 1932 — 2002: прафесары і выкладчыкі”. Галоўнай мэтай было ўзняць усе магчымыя архівы, удакладніць, дапоўніць тыя звесткі, што маюцца, знайсці фота, ідэнтыфікаваць іх. Зразумела, мы працавалі не толькі з архівамі БДАМ і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры ёй. Звярталіся ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, працавалі з даглядальнікамі могілак (а раптам на помніку знойдзецца дакладная дата смерці?), запытвалі старэйшых выкладчыкаў, якія шчодра дзяліліся асабістымі архівамі. Шмат сіл сыходзіла на пошукі фота. Да таго ж, многія здымкі былі групавымі. Такія фатаграфіі патрабавалася спачатку персаніфікаваць, а потым не толькі адсканаваць, але і “дапрацаваць”. Патрэбны твар “выразалі” са зробленай электроннай копіі — і, пры неабходнасці, дамалёўвалі на атрыманым партрэце адсутныя часткі, закрытыя тымі, хто стаяў побач.

Нас цікавілі не толькі біяграфіі выкладчыкаў, але і іх дзейнасць. Таму партрэты атрымаліся шматграннымі: да педагагічнай працы далучаліся спісы твораў, навуковых публікацый, канцэртных выступленняў. Вядома, найбольш складаным было аднавіць даваенны перыяд, бо многія дакументы страціліся. Але карпатлівасць і цярплівасць аўтараў, якія адначасова выступалі даследчыкамі, перамаглі. І, скончыўшы гэту працу, мы сталі задумвацца над наступнай — выданнем матэрыялаў і дакументаў па гісторыі нашай ВНУ.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"