Час, за які не сорамна

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў сёлета споўнілася 25 гадоў. Урачысты сход у Вялікім тэатры оперы і балета адпавядаў маштабу арганізацыі, якая аб’ядноўвае каля дзесяці тысяч прадстаўнікоў самых розных відаў мастацтваў. Рупліўцаў ушанавалі ганаровымі знакамі і граматамі, у іх гонар гучалі оперныя арыі. У той самы час немінуча паўстае пытанне: якую ролю адыгрывае гэтае “аб’яднанне творчых аб’яднанняў” у цяперашнім бурапенным жыцці?

Дазволю сабе меркаванне, што выхаванцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў маюць у часе вучобы пэўныя перавагі перад студэнтамі іншых, мо нават больш славутых творчых ВНУ. Рэч ў тым, што ў іх alma mater прадстаўлены, бадай, увесь спектр творчых прафесій: артысты, рэжысёры, адмыслоўцы экранных мастацтваў, дызайнеры, жывапісцы, графікі, скульптары, мастацтвазнаўцы. Такім чынам, на якім бы факультэце, кафедры альбо аддзяленні ты ні вучыўся, праз дыялог з калегамі з іншых творчых сфер эмацыйна і духоўна ўзбагачаешся.

Менавіта дзеля захавання гэтага карыснага для ўсіх дыялогу і патрэбна згуртаваць творчыя аб’яднанні. Тым больш, што жыццё і грамадства ставіць перад творцамі задачы ўсё больш поліфанічныя, і іх плённае вырашэнне патрабуе шчыльнай кааперацыі людзей розных сфер культурнага абшару. У Беларусі ролю такога надцэхавага інтэгралу і выконвае Канфедэрацыя творчых саюзаў.

Нягледзячы на ўрачысты характар імпрэзы, на ёй адбылася зацікаўленая размова пра стан і перспектывы беларускай культуры, пра неабходнасць фарміравання сродкамі культуры і мастацтва станоўчага вобразу дзяржавы і нацыі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі. Нейкія тэзы былі агучаныя, а іншыя — лагічна вынікалі са сказанага. Асабіста мне блізкая думка пра тое, што калі гаворка заходзіць пра нашы нацыянальныя інтарэсы і прэстыж краіны, беларусам трэба забывацца на праславутую “сціпласць” і “памяркоўнасць”. І тым больш гэта датычыць тых, каму выпала быць культурнай элітай.

Сёння няпросты час. І менавіта зараз роля творчай інтэлігенцыі як ніколі важная ў справе яднання нацыі на аснове агульных духоўных каштоўнасцяў.

Творчае стаўленне на карысць любой справе. А вось творчая прафесія — гэта заўжды вялікая рызыка. Зразумела, што і Канфедэрацыя, і тыя 13 творчых саюзаў, што ўваходзяць ў яе склад, ды і паасобныя члены крэўна зацікаўленыя ў плённым супрацоўніцтве з дзяржаваю. Бо сацыяльна-значныя праекты, пільную патрэбу ў якіх мае наша грамадства, немагчыма здзейсніць высілкамі асобных, нават вельмі таленавітых энтузіястаў.

Я не вазьмуся пералічваць зробленага творчай інтэлігенцыяй на карысць краіны за чвэрць стагоддзя. Гэты плён ужо успрымаецца як дадзенасць. Канешне, жыццё прымушае людзей засяроджвацца на побыце, на клопатах сённяшняга дня, але ўсё ж такі рэй вядуць тыя, хто думае пра заўтра. Гэта і ёсць сацыяльная функцыя творцаў. Чвэрць стагоддзя — і многа, і мала. Многа, калі казаць пра тэрмін чалавечага, імгненне — у кантэксце гісторыі краіны і народа. І за гэтае імгненне, за гэты час нашым творцам не сорамна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"