Аўдыя & Відэа

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Лістападаўскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць вакалістка гурта Yar Марыя КАЛЕСНІКАВА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

Ганна Жданава, альбом Appetiizer


/i/content/pi/cult/669/14799/J-S.jpgА
.: Сучасна, модна, нават душэўна. Словы вымаўляюцца прыгожа. Аднак пры гэтым ідэнтыфікаваць выканаўцу цяжка. І саўндпрадзюсаванне хоць і правільнае, але па гуку ўсё ж такі трошачкі беднавата. Як можна выкарыстоўваць гэтую музыку наогул? Есці пад яе ў рэстаране, хадзіць па вуліцах у навушніках? Прыемна, але, тым не менш, — усяго толькі фон.

B.: Калі ваш атожылак ніяк не жадае ўкладвацца спаць, пастаўце яму гэты альбом: гарантую, ужо да канца першага трэка дзіцё немінуча пацягне ў сон. А да завяршэння дарожкі трэцяй і вы самі пачнеце дзяўбці носам. Электронны рэлакс ва ўсёй красе, татальны чылаўт, павольная, спакойная фонавая музыка, якая адзін час па ўсім свеце вагонамі выпускалася. Але паступова мода на гэты нішавы жанр прайшла. Спадарыня Жданава ж нагадала слухачам, што такая творчасць усё яшчэ мае месца. За што ёй наша падзяка.

Гурт Neuro Dubel, альбом “Першы”

A.: Калі “дзюбялі” хацелі дамагчыся разнастайнасці, то гэта ў іх атрымалася. У альбоме ёсць песні перыяду гурта меладычнага/i/content/pi/cult/669/14799/Neyro-S.jpg(рэлізаў “Паляўнічы і сайгак” або “Танкi”) і часоў апошніх, калі каманда гучала цяжка і агрэсіўна. І такая рознастылёвасць не трымае слухача ў напружанні, што можна было б чакаць ад панк-калектыву. Да “Нейра дзюбеля” заўсёды былі прэтэнзіі па якасці запісу, а тут ён вышэй усялякіх хвал (пастараўся, напэўна, не толькі гукарэжысёр, але і музыканты паставіліся да працы ў студыі вельмі адказна). Монстры айчыннага рока, магчыма, нарэшце прыйшлі туды, куды і ішлі ўсе гэтыя доўгія гады, калі ў поўнафарматніку ёсць і змест, і добры саўнд.

B.: Нешта “Нейра дзюбель” кідаецца з адной крайнасці ў чымсьці (адштурхоўваючыся ад агульнага гучання) аналагічную: то каманда на некалькі альбомаў трывала “падсела” на Rammstein, выпусціўшы шэраг перайманняў гэтага нямецкага гурта (не пагрэбавалі і сусветнай кавер-тэндэнцыяй), то Кулінковіч і Ка замахнуліся наогул на святое — на AC/DC (трэк “Лёх і здох”). І атрымалася, дарэчы, нядрэнна. Добра, прабачым калектыву гэтыя свавольствы.

Першыя чатыры рэчы абяцалі, што і альбом будзе пераважна “цяжкім”, але, як гэта часта здараецца з дадзеным калектывам, узяў і падмануў ён слухача, запусціўшы пятай дарожкай выдатную гітарную “Алычу”. Так, у прынцыпе, “накід” і “лірыка” далей і чаргаваліся. За апошнія гады і, адпаведна, рэлізы самы, на мой погляд, у цэлым выразны альбом “дзюбеляў” — і па музыцы, і па тэкстах (пры ўсёй спецыфічнасці песеннай паэзіі лідара каманды). Цалкам верагодна, дадзеная работа і лепшая па запісе ў гісторыі бэнда.

У плэер забіраем песні “Пляменнік”, “Прусакi”. Дзёгцем жа ў гэтай смачнай бочцы мёду стала кампазіцыя “Кінулі” (у ёй лідар-вакалістам выступіў басіст ансамбля Яўген Броўка). Не ўразіла гэта “прывітанне” гамяльчанам з “ТТ-34” і Сярогу з іх несмяротным хітом “Бум!”

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/669/14799/Untitled-2-S.jpgГурт Aura, кліп на песню “Што казаць”

A.: Не разумею, чаму пры наяўнасці сапраўдных кліпмэйкераў з музычным відэа ў нас у краіне ў цэлым сумнавата. Быццам бы, усё прыгожа ў гэтым роліку, але па мне — ужо занадта шмат статыкі. І песня здаецца цалкам мілай. І вось так усё мроіцца, мроіцца, чакаецца, а на выхадзе атрымліваецца, што нічога і асаблівага...

B.: На што толькі не ідуць рэжысёры кліпаў, каб уразіць гледача. Яўген Алейнік — да таго ж яшчэ і вядомы кампазітар і прадзюсар, у дадзеным відэа не пашкадаваў нават сваю жонку — салістку праекта, выпацкаўшы яе срэбнай фарбай. Юлія Быкава і так жанчына эфектная, але тут ад бодзі-арта наогул “дах” можа знесці. Статычнай выяве адпавядае і песня — плаўная мелодыя, меланхалічны вакал і ні слова пра каханне так, як гэта магло б стацца ў якой-небудзь таннай папсовай штучкі. Прыгожа.

Піт Паўлаў, кліп на песню “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”/i/content/pi/cult/669/14799/Untitled-1S.jpg

А.: Калі разглядаць гэты ролік як нейкае выкананае хатняе заданне або які-небудзь дыпломны відэапраект, то “залік” я б яму паставіла (хай і ўздыхнуўшы). На паўнавартасны ж кліп работа гэтая, вядома, не цягне: у яе фінале можна толькі вымушана ўсміхнуцца і здзіўлена развесці рукамі. І песня такая ж… просценькая.

B.: Гісторыкі зброі, напэўна, знойдуць “вушакі” ў гэтай зусім ужо кароткаметражцы, якая апавядае пра тое, як у 1930-я гады нейкі кантрабандыст бяжыць праз савецка-польскую мяжу. Парушальніка іграе сам франтмэн гурта N.R.M., а відэа зняў яго сын. Ну і больш пра кліп сказаць няма чаго. А вось песня вельмі нават нядрэнная, у якой Піт як аўтар паўстаў асабіста для мяне з боку нечаканага — у якасці лірыка тонкага, далікатнага, трапяткога. Урэшце, гады, гады, не ўсё ж гранж “валіць”...