Зварот наконт варот

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Пільная ўвага грамадства да ўсяго, што адбываецца ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, робіцца натуральнай і паўсядзённай. І гэта цалкам зразумела. Бо страты ў гэтай сферы часцяком бываюць незваротныя, а “новабуды” і будоўлі “а-ля старасветчына” выклікаюць у некаторых людзей не толькі непаразуменне, але часам і катэгарычнае непрыманне.

Вось яшчэ адзін актуальны прыклад, калі будаўнікі паставіліся досыць вольна і без “піетэту” да гісторыка-культурнай спадчыны цяпер ужо ў самым цэнтры Мінска. Адзін з жыхароў беларускай сталіцы Віктар Бакун даведаўся, што падчас рэканструкцыі дамоў № 14 і № 16 на Камсамольскай вуліцы каваныя жалезныя вароты, якія знаходзяцца паміж гэтымі будынкамі, плануецца разабраць і ўсталяваць на іх месцы новыя.

— Я ўбачыў праект рэканструкцыі, дзе пра ўсё гэта было напісана, і ў мяне ўзнікла сумненне наконт планаў будаўнікоў, — адзначыў “К” Віктар Бакун. — Браму планавалася проста адправіць на металалом, і калі б не ўвага грамадскасці, так бы і было зроблена.

Між тым, гэтыя вароты, як і слупы, на якіх яны трымаюцца, з’яўляюцца неад’емнай часткай гістарычнай забудовы Мінска, бо адносяцца да дамоў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-яй катэгорыі.

— Мною была выклікана аператыўна-следчая група, якая зафіксавала і задакументавала факт зняцця старой агароджы, — распавядае Віктар Бакун. — Я праходзіў па справе як сведка, а таксама ў гэты ж дзень на аб’екце прысутнічаў прадстаўнік Міністэрства культуры Беларусі. У выніку, міліцыя склала два пратаколы — ад мяне і ад прадстаўніка ведамства.

Са сваімі пытаннямі наконт правамернасці падобных дзеянняў будаўнікоў Віктар Бакун звярнуўся ў Міністэрства культуры нашай краіны. Афіцыйную пазіцыю з гэтай нагоды карэспандэнту “К” агучыла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка:

— У сувязі з тым, што згаданыя элементы агароджы з’яўляюцца неад’емнай часткай забудовы гістарычнага цэнтра беларускай сталіцы, вароты на вуліцы Камсамольскай у Мінску павінны быць адрамантаваны, адрэстаўраваны і ўсталяваны ў тым самым месцы, дзе яны і знаходзіліся.

Больш за тое: як адзначыла суразмоўца, унітарнаму прадпрыемству “Мінскпраект” і камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству “Мінская спадчына”, якія займаюцца рэканструкцыяй, даручылі ўнесці змены ў праектную дакументацыю. Іх кіраўніцтва поўнасцю пагадзілася з рашэннем Міністэрства культуры краіны.

— Што да слупкоў, да якіх мацуецца агароджа, дык гэтыя элементы таксама будуць адрэстаўраваны, а не заменены на новыя, як меркавалася раней, — паведаміла Аксана Сматрэнка. — Такім чынам, праблемнае пытанне на сённяшні дзень можна лічыць цалкам вырашаным.

Будзем спадзявацца, што гэта і сапраўды так, і неўзабаве мы ўбачым на старым месцы адрэстаўраваную браму. Іншая справа, што калі б не ініцыятыва, так бы мовіць, “знізу”, магчыма, каваныя вароты проста пайшлі б на пераплаўку, а на новыя слупкі паміж дамамі былі б навешаны новыя, больш шыкоўныя і прыгожыя жалезныя “навадзелы”. Атрымліваецца, што каб не афіцыйны зварот, дык не было б ужо варот? Пытанне, як па мне, досыць рытарычнае.

Паўтаруся, што гэтая праблемная сітуацыя ўзнікла ў самым цэнтры беларускай сталіцы, на вачах у многіх людзей. І калі падобнае робіцца ў Мінску, дык што тады казаць пра аддаленыя раёны Беларусі, дзе старасвецкія муры, падмуркі і агароджы без асаблівых клопатаў часам выкідаюць на сметнік — не толькі гісторыі, але і самы сапраўдны? Прычым незаўважна для грамадскай думкі… Вось таму і патрэбна пільная ўвага грамадства і СМІ, каб падобныя выпадкі не маглі здарыцца — ні ў цэнтры Мінска, ні на ўскрайку якога мястэчка.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"