Каляды пачынаюцца з оперы

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

15 снежня адкрыецца VIII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. На працягу васьмі дзён на сцэне Вялікага тэатра Беларусі будуць паказваць запамінальныя прэм’еры і адкрываць новыя імёны.

Прэс-канферэнцыю, прысвечаную чаканай многімі падзеі, генеральны дырэктар Вялікага Уладзімір Грыдзюшка распачаў са сцвярджэння: “На працягу васьмі гадоў мы не змяняем традыцыі: на Калядным форуме гледачы ўбачаць зорак сусветнай оперы ў прэм’ерных пастаноўках нашага тэатра”.

Свята музыкі пачнецца з “Чароўнай флейты” Моцарта ў рэжысуры Ханса-Яахіма Фрая. На партыю Царыцы ночы ў беларускі спектакль запрасілі пераможцу міжнароднага опернага конкурсу BBC у Кардыфе “Спявак свету”, уладальніцу дзвюх “Залатых масак” Надзею Кучар. Наша суайчынніца, прыма Пермскага тэатра оперы і балета распавяла журналістам, што роля важная для яе самой: яна шмат гадоў марыла выканаць гэтую партыю непасрэдна ў спектаклі (канцэртных выкананняў дадзеных арый было ў яе кар’еры нямала), і вось дзякуючы мінскаму тэатру нарэшце з’явілася такая магчымасць.

Не абыдзецца і без знакамітай “Кармэн”. Як зазначыў спадар Грыдзюшка, арганізатары наўмысна падтрымліваюць штогадовае з’яўленне гэтай назвы ў афішы Форуму, бо менавіта з пастаноўкі оперы Жоржа Бізэ распачалася гісторыя нашага Вялікага тэатра. Новую трактоўку класікі ў рэжысуры польскага рэжысёра Беаты Рэда-Дабер прадставяць артысты Падляскай оперы і філармоніі — Еўрапейскага цэнтра мастацтваў у Беластоку. Дырыжор — Гжэгаж Берняк. У галоўнай партыі — непаўторная Аксана Волкава. Па прызнанні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржпрэміі, гэтая Кармэн стане шаснаццатай інтэрпрэтацыяй дадзенага вобразу ў кар’еры спявачкі.

Таксама гледачоў запрашаюць на прэм’еру мінулага тэатральнага сезона — “Сельскі гонар” П’етра Масканьі. У партыі Турыду можна будзе пачуць заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі, саліста Марыінскага тэатра Ахмеда Агадзі. Прыхільнікаў класічнай музыкі чакае Надзея Паўлава: салістка Пермскай оперы, якая атрымала на Калядным форуме-2015 Гран-Пры і Прыз глядацкіх сімпатый, выканае партыю Віялеты Валеры ў “Травіяце” Джузэпэ Вердзі. Фінальнай кропкай стане Гала-канцэрт зорак сусветнай оперы з 11 краін.

У апошнім сярод славутых выканаўцаў засталіся вакантныя месцы: для пераможцаў Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, што ладзіцца ў чацвёрты раз. На маштабны агляд талентаў запісаўся 231 малады артыст. У пераліку краін — Беларусь, Арменія, Азербайджан, Германія, Грузія, ЗША, Ізраіль, Італія, Казахстан, Кітай, Латвія, Малдова, Манголія, Расія, Узбекістан, Украіна, Францыя, Эстонія, ЮАР. Аксана Волкава, якая ўвайшла ў сёлетні склад міжнароднага журы, прыгадала, як, калі яна яшчэ сама вучылася, студэнты праглі такога конкурсу, але на той час не дачакаліся. Яна падзякавала партнёрам тэатра за падтрымку, якая падарыла магчымасць арганізаваць у Мінску конкурс найвышэйшага ўзроўню.

Першыя два туры пройдуць у суправаджэнні канцэртмайстра, трэці — у суправаджэнні аркестра на вялікай сцэне. Паслухаць, як фіналісты пры падтрымцы зорак айчыннай опернай сцэны выконваюць галоўныя партыі з опер класічнага ці сучаснага рэпертуару, можна 20 снежня. У канкурсантаў ёсць добры стымул: за Гран-пры абяцаюць 10 тысяч долараў ЗША. Але самае каштоўнае, што моладзь пачуе журы, у склад якога ўвайшлі дырэктары тэатраў, імпрэсарыа і вядомыя музычныя дзеячы — тыя, хто можа запрасіць пачаткоўца ў прафесіі выступіць у вядучых оперных тэатрах свету.

— Нашы лаўрэаты займаюць лідзіруючае палажэнне ў Covent Garden, Бостанскай оперы ды іншых славутых еўрапейскіх і амерыканскіх тэатрах. Мы з гонарам можам сказаць, што старт сваёй кар’еры, зарад поспеху яны атрымалі ў Мінску, — з веданнем справы падкрэсліла спадарыня Волкава.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"