Старт у Лісабон

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Белтэлерадыёкампанія аб’явіла аб пачатку прыёму заявак на ўдзел у Нацыянальным адборачным туры конкурсу песні “Еўрабачанне-2018”.

Да адбору дапускаюцца як сольныя выканаўцы, так і калектывы ў складзе не больш за шэсць чалавек; як грамадзяне Рэспублікі Беларусь, гэтак і замежныя падданыя і асобы без грамадзянства, якiя дасягнулi на дату падачы заяўкі 16 гадоў. Адзін прэтэндэнт мае права падаць адну заяўку і толькі на адну песню. Яна не павінна быць камерцыйна рэалізавана, спета публічна да 1 верасня 2017 года, распаўсюджаная праз інтэрнэт і на якіх-небудзь носьбітах, перададзена ў радыё- або тэлеэфір. Максімальная працягласць кампазіцыі — 3 хвіліны. Яе аўтарамі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікі і асобы без грамадзянства, якім на момант падачы заяўкі споўнілася не менш за 16 гадоў. Выкананне песні павінна ажыццяўляцца “ўжывую” на сцэне ў суправаджэнні “жывой” жа музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога выгляду. Удзельнік адборачнага тура абавязаны валодаць маёмаснымі правамі на гэты твор і яго аранжыроўку, альбо заручыцца дакументальна пацверджанай згодай праваўладальнікаў на іх выкарыстанне.

Заяўку трэба выслаць каштоўнай бандэроллю на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, з пазнакай “Нацыянальны адборачны тур конкурсу песні “Еўрабачанне-2018”. Апошні дзень яе адпраўкі — 26 снежня 2017 года.

Праслухоўванне ўсіх прэтэндэнтаў пройдзе ў рэжыме “жывога” гуку. Вынікі падвядзе прафесійнае журы не пазней за 14 студзеня 2018 года. У фінальную частку адбору могуць выйсці да 15 выканаўцаў. Беларускі канкурсант “Еўрабачання-2018” стане вядомы пасля заканчэння тэлевізійнага гала-канцэрта, які адбудзецца не пазней за 1 сакавіка 2018 года. Выберуць яго галасаваннем тэлегледачоў і журы па класічнай формуле 50 на 50.

Сам жа чарговы конкурс песні “Еўрабачанне” пройдзе ў будучым годзе ў сталіцы Партугаліі Лісабоне. Паўфіналы яго намечаны на 8 і 10 мая, фінал — на 12 мая.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"