Сям’я філосафа ў пару ліхалецця

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Нядаўні юбілей Кастрычніцкай рээвалюцыі стаў нагодай для шматлікіх мерапрыемстваў і публікацый у СМІ. У гэтыя ж дні па ініцыятыве выкладчыкаў кафедры культуралогіі БДУ быў праведзены круглы стол, пра які ў прэсе практычна не згадвалася, хаця ён прысвечаны падзеі, непасрэдна з той рэвалюцыяй звязанай. Гаворка пра так званыя “філасофскія” параходы, на якіх у 1922 годзе за мяжу былі выпраўленыя многія сотні дзеячаў культуры. Па сведчанні Льва Троцкага, іх “расстраляць не было падставы, а выносіць было немагчыма”. Сярод пасажыраў апынуліся і нашы землякі, у тым ліку філосаф і культуролаг Мікалай Лоскі і трое яго сыноў — Уладзімір, Барыс і Андрэй.

/i/content/pi/cult/669/14792/19.jpg

З даўняга шляхецкага роду

Значна пазней, ужо будучы вядомым культуролагам і гісторыкам мастацтва, Барыс Мікалаевіч ва ўступе да кнігі “Успамінаў” свайго бацькі прызнаваўся чытачам: “Не ведаю, пад якой назвай належыць шукаць (у Савецкай Энцыклапедыі і іншых даступных грамадзяніну Францыі крыніцах. — Аўт.) Краслаўку”. І гэта зразумела, бо да таго часу яна ўжо даўно стала латвійскай Краславай. Не згадвалася ў энцыклапедыях і пра Дзвінскі павет, у якім знакаміты філосаф нарадзіўся і правёў дзяцінства. У паслярэвалюцыйныя гады былы павятовы горад Віцебскай губерні Дзвінск стаў Даўгаўпілсам.

Сёння Краслава — гэта маленькі памежны гарадок, адкуль да беларускай Друі рукой падаць. Але паколькі пераправа праз Заходнюю Дзвіну цяпер адсутнічае, каб патрапіць туды зацікаўленаму даследчыку з нашай краіны, давядзецца зрабіць ладнае кола.

У сувязі са 150-гадовым юбілеем паўстання 1863 — 1864 гадоў і пакутніцкай смерцю, прынятай ад паўстанцаў Іванам Лоскім (дзед філосафа і прадзед культуролага і мастацтвазнаўцы), аўтары артыкула наведалі гарады Краслава і Дагду, а таксама многія іншыя памятныя для дынастыі Лоскіх мясціны. Прыемна было пераканацца, што народная сцежка не зарастае ў Гістарычны і мастацкі музей у Краславе, дзе прадстаўлены матэрыялы пра жыццё і творчасць філосафа, а таксама ў храмы, якія разам з сям’ёй наведваў юны Мікалай.

Шляхецкі род Лоскіх здавён вядомы на Віцебшчыне. Бацькі нашага славутага земляка Ануфрый Іванавіч (1825 — 1881) і Адэлаіда Антонаўна (1838 — 1925) Лоскія многія гады лічыліся палякамі. Аднак, як сведчаць гісторыкі царквы, дзед будучага філосафа Іван (яго імя па бацьку, на жаль, нам невядома) да скасавання Уніі ў 1839 годзе быў грэка-каталіцкім святаром. Напэўна, гэтая акалічнасць ужо сама па сабе сведчыць аб яго беларускіх каранях і пэўных светапоглядных перакананнях.

Бацька філосафа Ануфрый Іванавіч шмат гадоў працаваў ляснічым у Віцебскай губерні, прышчапляючы сынам любоў да беларускай прыроды. У Краслаўцы і суседніх мястэчках Усвяты, Восунь, а таксама Дагда, куды яго неўзабаве перавялі па службе, цэрквы і касцёлы былі “поўныя народу” — галоўным чынам сялян з суседніх беларускіх вёсак. Што ж тычыцца палякаў і латышоў, то, як падкрэсліваў у сваіх успамінах Мікалай Лоскі, яны ў гэтых месцах “сустракаліся ў невялікай колькасці”. Нашы нядаўнія гутаркі з жыхарамі Краславы і яго ваколіцаў сведчаць, што за мінулае стагоддзе нацыянальны склад гэтай памежнай тэрыторыі істотна не змяніўся.

Ануфрый Іванавіч Лоскі пахаваны ў Краславе — усяго толькі ў некалькіх кіламетрах ад сучаснай беларуска-латвійскай мяжы. Можна з вялікай пэўнасцю выказаць здагадку, што ў гэтым гарадку знайшлі спачын і многія іншыя продкі філосафа ды блізкія яго сям’і людзі.

У чаканні выдаўца

Міфічныя польскія карані Мікалая Лоскага, а таксама яго палітычная пазыцыя ў дачыненні да бальшавікоў, якая і прывяла ў 1922 годзе да высылкі за мяжу, сталі прычынай таго, што доўгія дзесяцігоддзі працы філосафа (а іх бібліяграфія прадстаўлена амаль 300 назвамі!) былі амаль недаступныя айчынным даследчыкам. Між тым, яны выдадзеныя не толькі на рускай, але і на нямецкай, англійскай, французскай, сербскай, чэшскай і славацкай мовах. Верагодна, за апошнія дзесяцігоддзі гэты спіс папоўніўся, бо цікавасць да ідэй гэтага еўрапейскага філосафа сталі праяўляць і ў Азіі — Кітаі, Іране, Казахстане… На шчасце, мы можам пахваліцца і выданнем твораў Лоскага на яго гістарычнай радзіме: у 2014 годзе з’явілася кніга “Умовы абсалютнага дабра. Асновы этыкі” ў перакладзе на беларускую.

Яшчэ адным пераканаўчым і вельмі яркім сведчаннем цікавасці нашчадкаў да творчасці прадстаўнікоў роду Лоскіх стаў той поспех, які спазналі сярод чытачоў кнігі старэйшага сына філосафа — Уладзіміра, выдадзеныя не так даўно па блаславенні Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Нягледзячы на даволі вялікія наклады — агулам 10 тысяч (!) асобнікаў, яны ўжо неўзабаве сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Іх сёння не знойдзеш не толькі ў кнігарнях, але і нават у шэрагу найбуйнейшых бібліятэк Беларусі.

А ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея засталіся гранкі з аўтарскімі пазнакамі кнігі Барыса Лоскага “Наша сям’я ў пару ліхалецця 1914 — 1922 гадоў”, прысвечаная тым эпахальным і драматычным падзеям у жыцці народаў Еўропы, сведкам якіх стаў будучы даследчык і яго сям’я. У тым ліку, там і распавядаецца пра плаванне на “філасофскім параходзе”. На жаль, гэтая ўнікальная па сваім змесце манаграфія пакуль усё яшчэ чакае свайго выдаўца.

Часцінка прамінулага свету

У канцы мінулага стагоддзя Барыс Лоскі (1905 — 2001), наведаў Беларусь і, у прыватнасці, Віцебск і яго ваколіцы. Апрача згаданай кнігі мемуараў, ён таксама падарыў музею і ўнікальныя дакументы пра сям’ю Лоскіх, з якіх вынікае, што ў краінах Еўропы і ЗША цяпер жывуць больш як 30 унукаў і праўнукаў Мікалая Ануфрыевіча, многія з якіх сталі вядомымі асобамі.

Прыкладам, старэйшы з іх, Мікалай Уладзіміравіч Лоскі, які нарадзіўся ў 1929 і, на жаль, пайшоў з жыцця ў кастрычніку 2017-га, быў святаром, багасловам і філосафам. Цягам многіх гадоў прадстаўляў Рускую Праваслаўную Царкву ў Сусветным савеце цэркваў і экуменістычным руху. Малодшыя ўнукі — Марыя Андрэеўна і Аляксей Андрэевіч — пражываюць у ЗША. А большасць нашчадкаў філосафа жывуць у Парыжы. У іх ліку — і дачка Барыса Мікалаевіча Марыя, якая цягам доўгага часу працавала галоўным захавальнікам славянскай літаратуры ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі.

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што Барыс Мікалаевіч, які дасягнуў да таго часу вельмі паважнага веку, здзейсніў далёкую паездку з Парыжа ў Віцебск не толькі для таго, каб падарыць абласному краязнаўчаму музею кнігу сваіх мемуараў. Болей за ўсё яму карцела пабываць на радзіме знакамітага бацькі — праз многія дзесяцігоддзі вымушанай эміграцыі.

Раней гісторык архітэктуры і мастацтва, дырэктар найбуйнейшых нацыянальных музеяў Францыі ўжо не раз наведваў СССР, але тады гэта былі, у асноўным, галоўныя культурныя цэнтры — Масква і Ленінград. Многія дзесяцігоддзі ён не меў магчымасці пабываць ні ў Беларусі, ні ў Латвіі — на магіле свайго дзядулі.

Прыехаўшы ў незалежную Беларусь, Барыс Мікалаевіч не хаваў радасці з нагоды адраджэння культурных традыцый народаў у постсавецкіх краінах. Прыкладна такія ж думкі выказваў і яго пляменнік — святар і філосаф Мікалай Уладзіміравіч, які шматкроць наведваў Мінск па запрашэнні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Амаль адначасова з Лоскім, у Заходнюю Еўропу з’ехаў і яшчэ адзін ураджэнец Віцебшчыны — Марк Шагал. Мала хто ведае, але адным з першых у новых жыццёвых варунках яго падтрымаў менавіта Мікалай Ануфрыевіч. Знаходзячыся далёка ад сваёй радзімы, філосаф бачыў у карцінах земляка-мастака “часцінку дарагога, прамінулага свету”. У адносінах да Віцебска, дзе філосаф некалі вучыўся ў гімназіі, як і да іншых месцаў, звязаных з успамінамі дзяцінства і юнацтва, ён заўсёды захоўваў далікатныя пачуцці.

Мікалай Лоскі неаднаразова падкрэсліваў, што “нацыянальная культура набывае вядомасць ва ўсім свеце толькі тады, калі каштоўнасці, развітыя ў ёй, становяцца здабыткам чалавецтва”. Гэтую заканамернасць сёння асабліва наглядна дэманструе фестываль “Славянскі базар...”, які праходзіць у Віцебску, ды і многія іншыя культурныя падзеі сучаснай Беларусі.

У сувязі з блізкімі памятнымі датамі — 150-годдзем з дня нараджэння і 55-годдзем з часу смерці Мікалая Лоскага (снежань і студзень 2020 года адпаведна) уяўляецца асабліва важным новае прачытанне яго работ, у першую чаргу мемуараў філосафа, і асабліва раздзелаў, якія тычацца гісторыі Віцебска-Полацкай зямлі. На наш погляд, неабходна выдаць на гістарычнай радзіме роду і працы іншых прадстаўнікоў гэтай дынастыі, у тым ліку Барыса Мікалаевіча і Андрэя Мікалаевіча Лоскіх.

Сёння як ніколі можа быць карысным разуменне свету як цэласнай сістэмы, як “арганічнага цэлага”, у якім, паводле Мікалая Лоскага, існуе “ўсепранікальная і ўсеахопная” сетка размаітых адносінаў. Не менш важныя і запаветы філосафа аб барацьбе з тэрарызмам, які становіцца небяспечнай пагрозай і ўсё больш актуальнай праблемай для шэрагу краін Еўропы.

Працэсы сацыякультурнай камунікацыі навукоўцаў-гуманітарыяў розных краін, якія так настойліва развівалі філосафы і культуролагі Лоскія, становяцца ўсё больш істотнымі для захавання міру на планеце, устойлівага развіцця еўрапейскіх краін і ўсёй вялізнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока, ад Рыгі і Таліна да Пекіна і Хашыміна. Спадзяемся, што вырашэнню гэтых задач будзе садзейнічаць і Першы беларускі філасофскі кангрэс, а таксама навуковая канферэнцыя і круглы стол, прысвечаныя 95-годдзю “філасофскіх” параходаў, якія адбыліся ў НАН Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Рыгор ЛЯНЬКЕВІЧ,
дацэнт кафедры культуралогіі БДУ

Вольга СТАШКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі