Дзе Лойма, а дзе Кікімара

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Вы адчуваеце, як перадсвяточны настрой бярэ ў палон вашу збузаваную Піліпаўкай душу? Прыбраныя фасоністыя ёлкі ў крамах. Безліч гірляндаў-ліхтарыкаў на кожным кірмашы. Нават шэрае неба адбіваецца ў бліскучых цацках-шарах радаснымі сонечнымі пералівамі. На носе — Новы год! Напружаны час прыемнай арганізацыйна-падрыхтоўчай мітусні.

/i/content/pi/cult/669/14789/15.jpgМенавіта пра гэта думаюць цяпер у Іўеўскім цэнтры культуры і адпачынку. Прынамсі, мы атрымалі адтуль абвестку пра тое, што сядзіба Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі ў вёсцы Залейкі ўжо адкрыта для наведвальнікаў. Для іх падрыхтаваны новы навагодні інтэрактыўны спектакль-казка пад адкрытым небам. Чакае гасцей і анімацыйная праграма “Лес поўны казачных цудаў”. Можна набыць сувеніры. Канец месяца для нашых работнікаў культуры — цудоўная нагода паспяхова справіцца з гадавым планам па аказанні платных паслуг насельніцтву. Але не на гэтым хачу цяпер спыніцца. Я — пра нашы спрадвечныя беларускія персанажы, так бы мовіць, зімовага фальклору. Гэта таксама наша спадчына, якую нельга пляжыць. Ну не было ў нас Дзеда Мароза! Быў Зюзя. Тым не менш сядзібы Дзеда Мароза працуюць сёння ці не ў кожным раёне Беларусі. Чаму не Санта-Клауса? Таму і парадаваў ліст з Іўя. Вось у іх, бачыце, Дзед Зімнік з’явіўся. Хоць нейкая, ды альтэрнатыва. А што ж Зюзя? Няўжо “жыве” ён толькі ў вёсцы Русіно Баранавіцкага раёна (чытай матэрыял на стар. 10)? Калі памыляюся, папраўце, калі ласка. Памятаю, Зюзяй славіліся Паставы. І дзе той Зюзя? Дарэчы, у Русіно “праінспектавалі” ўсю нячыстую сілу і перавялі яе ў беларускі фармат. Кікімара, да прыкаладу, стала Лоймай.

А Наваполацк яшчэ і да свайго 60-годдзя рыхтуецца. Там пачаўся адкрыты гарадскі конкурс выяўленчага мастацтва і фатаграфіі “Усе фарбы Наваполацка!” Канкурсанты чатырох узроставых катэгорый сумясцілі ў сваіх работах традыцыю з сучаснасцю, паспрабавалі адлюстраваць прыгажосць і шматграннасць роднага горада. Лепшыя прэзентуюцца ў выставачнай зале бібліятэкі імя Якуба Коласа. Экспазіцыя будзе працаваць да 15 снежня. А ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу пройдзе ў рамках XV Гарадскога маладзёжнага форуму.

У Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў зладзілі майстар-клас “Ткацтва: традыцыі і сучаснасць”. Кіраўнік народнага клуба майстроў “Багач” Галіна Савеня паведаміла: “Да нас прыйшлі маладыя людзі, што наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і іх бацькі. Спачатку яны агледзелі экспазіцыю “Беларускі ручнік”. Потым кожны паспрабаваў саткаць дыванок ці навагоднія ўпрыгожанні”.

Галіна Гашчук са Століна распавядае пра народны драматычны гурток “Веснікі” Столінскага ГДК (рэжысёр Іна Філановіч). Калектыў прыняў удзел у абласным фестывалі аматарскай тэатральнай творчасці “Тэатральнае Палессе-2017”, які праходзіў у Івацэвічах. Тут сабралася каля 20 калектываў з Кобрына, Бярозы, Белаазёрска, Ляхавічаў, Івацэвічаў, Целяхан. Народны драмтэатр са Століна вярнуўся дахаты з дыпломам трэцяй ступені. У пастаноўцы камедыі “Ягадкі-кветачкі” паводле п’есы Васіля Ткачова былі занятыя Іна Філановіч, Дзмітрый Цярлецкі, Таццяна Цупа, Віталь Калавур, Ніна Лісавец і Уладзіслаў Мірановіч. Іна Філановіч узнагароджана дыпломам у намінацыі “Найлепшая жаночая роля”.

Метадыст па аматарскіх аб’яднаннях і клубах па інтарэсах аддзела метадычнай работы Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціна Кушаль распавядае пра “Свет захапленняў” — абласны агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. Ад Навагрудскага раёна ў ім бяруць удзел дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Крынічка” Любчанскага ГДК (тэатралізаваная абрадавая праграма “Ад Калядаў да Пакравоў”), дзіцячы клуб па інтарэсах “Садружнасць” Ладзенікскага СДК (дзея “Карагод дружбы” — культура і звычаі Казахстана), клуб майстроў “Каляровая альтанка” раённага цэнтра рамёстваў (выстава “З Верай і Любоўю”, творчая гасцёўня “Восеньскі вернісаж”), клуб “Мудрасць+” пры аддзеле метадычнай работы Навагрудскага РЦКіНТ (спектакль Васіля Ткачова “Жаночы вулей”).

Навагрудак стаў месцам правядзення дабрачыннага канцэрта да Дня інвалідаў. Арганізавалі мерапрыемства раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Асноўнымі ўдзельнікамі канцэрта сталі людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Быў арганізаваны збор сродкаў для Беларускага таварыства інвалідаў. Прайшла акцыя “Дрэва дабрыні” ад Белпошты: кожны ахвотны мог аформіць падпіску на адрас людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

І яшчэ адна навіна з Навагрудка. Акцыя “Мы разам! Мы побач!” прысвячалася Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сваю праграму прэзентаваў Тэатр Сяброў. Танцавальная праграма называлася “За жыццё!” Перад прысутнымі выступілі ўрачы, святары, псіхолагі, супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў.

Зноў паведамляе Навагрудак. Загадчык гарадской бібліятэкі Ларыса Касцюк адзначае таленавітасць сваіх чытачоў. Аказваецца, тут два гады як заснаваны арт-куток “Эфект”. Ідэю стварэння падказала дырэктар ЦБС Ірына Царук. Менавіта ў гэтай прасторы адбываюцца майстар-класы, выставы, сустрэчы. Прэзентаваўся тут батык ад Анжэлы Вашкевіч. Потым сваімі кветкавымі імправізацыямі ў тэхніцы вышыўкі здзіўляла Іна Галенка. Выстаўляўся Антон Дземідовіч, які стварае рэчы з прыродных матэрыялаў. Аўтары вышываных карцін — Святлана Кравец і Людміла Букрэй. Са сваімі калекцыямі дэкаратыўных свечак ручной работы знаёмілі Ларыса Мялько і Таццяна Шчэмер.

Тэма барацьбы са СНІДам хвалюе і метадыста Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталлю Казарэз. Яна напісала аб прафілактычных акцыях, што адбыліся ў Палужскай, Ярэміцкай, Варанчанскай сельскіх біблітятэках. Тут зладзілі гутаркі, сустрэчы са спецыялістамі. Раённая ж бібліятэка правяла тэматычны вечар. Гаворка на ім вялася пра гісторыю ўзнікнення хваробы, яе распаўсюд па свеце, пра меры барацьбы і прафілактыкі.

Пры Астравецкай раённай бібліятэцы працуе клуб сталых людзей “Актыўнае даўгалецце”. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ўстановы Галіна Францкевіч паведаміла, што на пасяджэнне клуба былі запрошаны сацыяльныя работнікі, прадстаўнікі сферы культуры і тэлеканала “Беларусь-3”. Натуральна, гаворка ішла аб праблемах сучаснага немаладога чалавека.

Квасоўская і Свіслацкая сельская бібліятэкі, — напісала галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык, — прынялі ўдзел у акцыі “Дабра і шчасця вам, працаўнікі вёскі!” Быў арганізаваны кніжны кірмаш. А пра дасягненні працаўнікоў распавяла выстава-інсталяцыя “Нам ёсць чым ганарыцца”.

Днямі ў Пружанскім раёне прайшоў месячнік папулярызацыі беларускай і краязнаўчай літаратуры. Бібліятэкары ўшанавалі не толькі мясцовых літаратараў, але і класікаў — Янку Купалу і Якуба Коласа. Адбыўся і фінал раённага музычна-тэатральна-паэтычнага конкурсу “Іх творы засталіся жыць”. Творчымі здольнасцямі вызначыліся работнікі Ліноўскай, Роўбіцкай, Мураўскай, Сухопальскай, Шаняўской сельскіх бібліятэк.

Па выніках І Адкрытага рэспубліканскага творчага фестывалю-конкурсу “Талісман удачы”, што праходзіў у Мінску, адзначаны і навучэнцы Гальшанскай (Ашмяншчына) дзіцячай школы мастацтваў. Лаўрэатам ІІ ступені стаў дуэт баяністаў у складзе Данілы Ласёнка і Настассі Казлоўскай (настаўнік Наталля Каспяровіч), яшчэ тры школьнікі сталі дыпламантамі.

Бібліятэкар гарадской бібліятэкі мікрараёна Маладзёжны Мазыра Ірына Мельчанка піша: “У кожным мікрараёне нашага горада ёсць камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Камітэт Маладзёжнага быў утвораны ў 2006 годзе. Так, у нас шмат моладзі. Таму гарадская бібліятэка пастаянна занята арганізацыяй яе дасугу. Пры нашай установе працуе грамадская прыёмная. Разам з камітэтам ладзім шмат мерапрыемстваў. Да прыкладу, днямі прайшла акцыя па прапагандзе здаровага ладу жыцця з удзелам самых розных спецыялістаў. А потым перад чытачамі і жыхарамі мікрараёна выступілі вучні дзіцячай школы мастацтваў № 2”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"