Па кро­пе­ль­цы, па кро­пе­ль­цы…

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Аднойчы ў вёску Мір Баранавіцкага раёна прыехала адна важная асоба. Палюбавалася домам культуры, што нагадвае палац, агледзела наваколле і запыталася: “Ну і дзе ваш Мірскі замак?” Дык вось, у баранавіцкім Міры ёсць процьма іншых цікавостак. Бадай самая галоўная — заснавальнік і кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — узорнага тэатра эстрады “Кропелька” Ларыса ДОВЯТ.

/i/content/pi/cult/669/14787/13.jpgЯна здзівіла ўсім: стаўленнем да прафесіі, прыхільнасцямі, поглядам на жыццё і біяграфіяй.

Пачнем з таго, што ў Ларысы Юр’еўны ёсць кот — шыкоўны трохгадовы перс. Пад ягоны колер жанчына набыла сабе светлую канапу. Завуць ката Сямён Сямёнавіч. Чаму?

— Ды проста выглядае ён, — кажа Довят, — як сапраўдны Сямён Сямёнавіч. Малады яшчэ, нявопытны. Даведаўся, што вы прыедзеце, фатаграфаваць нас будзеце — адмовіўся катэгарычна. Сорамна яму чамусьці. Таму і дома застаўся.

Эх, Сямён Сямёнавіч! Чаму я з яго пачаў? Ды таму, што людзі, якія любяць катоў, выклікаюць у мяне падвойны інтарэс. Каты з кепскімі гаспадарамі не жывуць… Ларыса Юр’еўна — са Свярдлоўшчыны. Дзіўная і вельмі сімпатычная зямля. Падарыла свету процьму рок-музыкаў, а Беларусі — Уладзіміра Мулявіна, ды вось яшчэ, аказваецца, і Ларысу Довят. Яна таксама музыкант і вельмі хутка засвоіла беларускую мову. Я, напрыклад, вельмі здзівіўся, што яна руская, бо яе мова — бездакорная. Вось і кажу, вельмі сімпатычная свярдлоўская зямля. Так атрымалася, што займацца эстрадай Довят было ці не наканавана.

— Мае бацькі, савецкія людзі, паехалі працаваць на цаліну, — згадвае яна. — Вагончык, дзе яны жылі, аказаўся самым багатым: там быў халадзільнік. Палад Бюль-Бюль Аглы, калі прыязджаў на гастролі, пастаянна захоўваў у ім сваё піва. Вось ён, трымаючы мяне на руках, і казаў: “Гэтая музыкантам стане”.

Так усё і атрымалася. Ёй прыйшлося павандраваць і патрапіць урэшце ў Мір. На базе мясцовага ДК яна і стварае ў 1994 годзе тэатр эстрады “Кропелька”. Калектыў паступова (па кропельцы) становіцца ўзорным, а потым і Заслужаным аматарскім. А “Кропелька” ён называецца таму, што ў ансамблі спачатку было мала дзяцей. Дый займаюцца яны з чатырох гадоў. Такая пяшчотная назва неяк адразу прыжылася і засталася.

— Праз “Кропельку” за гэты час паспела прайсці каля трох соцень дзяцей, — кажа яе кіраўніца. — Заўжды стараюся, каб кожны з іх адчуваў сябе на сцэне і вакалістам, і акцёрам, і рэжысёрам. І ўвогуле стараемся жыць і працаваць як адна дружная сям’я.

Ларысе Юр’еўне ніколі не было сорамна за тое, што яна робіць. Па кропельцы, па кропельцы яна адбірае сілы ў сусветнага Зла і памнажае Дабрыню. Яна ўмее так усміхацца (паверце, гэта таксама мастацтва!), што ў калектыве ніколі не бывае сварак, а Сямён Сямёнавіч пачувае сябе самым шчаслівым катом у свеце. Некалькі дзяўчат з “Кропелькі” сталі супрацоўніцамі Мірскага дома культуры. І гэта таксама яркая фарба ў партрэце Доват. Як і тое, што ансамбль за год удзельнічае ў сярэднім у 20 фестывалях і конкурсах. А Ларыса Юр’еўна — і дырэктар ДК. Ёй яшчэ і каналізацыяй з дахам займацца неабходна. І нічога — спраўляецца, па кропельцы, па кропельцы.

— Калі я ўпершыню пабачыла Мір, ягоныя людзі мяне вельмі ўразілі: усе пасміхаюцца, усе вітаюцца адзін з адным, — кажа яна. — Прыблізна гэткім жа чынам паўплывала і беларуская культура. Мне адразу захацелася стаць яе часткай. Таму і не было праблем з засваеннем беларускай мовы. Натуральна, дапамагла ў гэтым і вучоба ва Універсітэце культуры і мастацтваў.

Ларыса Довят была Чалавекам года і раёна, і вобласці. Гэтыя званні, так бы мовіць, часовыя, пераходныя. А пастаянным, як мне падаецца, застаецца адно: Ларыса Юр’еўна — чалавек жаўруковага спеву і сонечнай душы.

 

Замест заканчэння

/i/content/pi/cult/669/14787/DSC05212-S.jpgРок-н-рол — неўміручы!

Пры вашым аўтаклубе ёсць рок-гурт? На Баранавіччыне ёсць. Больш за тое, дырэктар мабільнай установы культуры Дзяніс Чарненка ў вольны ад асноўнай працы час рэалізоўвае доўгатэрміновы маладзёжны праект “Зорка па імені “Рок”. Чацвёрты па ліку канцэрт прайшоў у мінулую суботу на базе Мірскага ДК. У дзеі бралі ўдзел не толькі музыкі аўтаклуба, але і дзве пачынаючыя каманды з Мінска і салістка з Брэста. Праект — некамерцыйны. Удзел у ім — добраахвотны. Як і заўжды, задавальненню прысутных — і выканаўцаў, і слухачоў — не было мяжы. Як вы думаеце, чаму такія ініцыятывы ў сферы рэгіянальнай культуры — адзінкавыя? Правільны адказ дапаможа вам скласці канчатковае ўяўленне пра шматграннасць культуры Баранавіцкага раёна.

Наступную камандзіроўку я запланаваў на Віцебшчыну. Але з канкрэтыкай пакуль не вызначыўся. Мо хто сам з начальнікаў запросіць? На шчырую гасціннасць абяцаю адказаць гэткай жа шчырай журналісцкай добрасумленнасцю.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"