Скрыпка — нібыта жывая…

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Румынскія віртуозы скарылі беларускіх меламанаў
21 лістапада ў мінскай публікі з’явілася ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з сапраўднай перлінай румынскай культуры — за што трэба сказаць асаблівы дзякуй Пасольству Румыніі ў Беларусі. У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Беларуская музычная восень” у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі выступілі скрыпач Рэмус Азаіцэй і піяніст Эдуард Стан. Сваю канцэртную праграму музыканты прысвяцілі сусветна вядомаму румынскаму кампазітару Джорджэ Энеску. А сама імпрэза была прымеркаваная да Нацыянальнага Дня Румыніі і 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных сувязяў паміж нашымі дзяржавамі.

/i/content/pi/cult/669/14785/11.jpg

Рэмус Азаіцэй і Эдуард Стан даўно выступаюць і разам, і паасобку, часцяком выходзячы на сцэны найлепшых канцэртных залаў Амстэрдама, Парыжа, Берліна, Нью-Ёрка. У іх паслужным спісе — супрацоўніцтва з такімі выдатнымі дырыжорамі, як Лоўрэнс Фостэр, Дзмітрый Кітаенка, Міхаэль Зандэрлінг. А каб пералічыць тыя вядомыя еўрапейскія калектывы і неардынарных выканаўцаў, з якімі ім даводзілася граць разам, спатрэбіўся б асобны газетны артыкул.

Рэпертуар Рэмуса Азаіцэя і Эдуарда Стана вельмі разнастайны — пачынаючы ад барока і заканчваючы творамі сучасных кампазітараў. Але асаблівае месца ў ім займае творчасць румынскага класіка першай паловы ХХ стагоддзя Джорджэ Энеску. Вынікам плённага супрацоўніцтва музыкаў стаў першы ў свеце дыск з яго музыкай для скрыпкі і фартэпіяна. Да ўсяго, Рэмуc Азаіцэй з’яўляецца заснавальнікам і мастацкім кіраўніком таварыства Джорджэ Энеску ў Лондане.

Знаёмства мінчан са знакамітымі музыкамі пачалося з выканання аднаго з самых узнёслых твораў камерна-інструментальнай музыкі Ёганэса Брамса — санаты №2 Ля-мажор для скрыпкі і фартэпіяна ор. 100. Яго ўключэнне ў канцэртную праграму сімвалічнае. У аркестры, якім кіраваў Брамс, у гады сваёй вучобы ў кансерваторыі Вены граў юны Джорджэ Энеску, і гэта быў перыяд станаўлення будучага класіка нацыянальнай румынскай школы.

З першых хвілін выканання публіка была ў захапленні ад незвычайнага гучання скрыпкі 1740 года, вырабленай знакамітым італьянскім майстрам Міколам Гальяна. У руках Рэмуса Азаіцэя яна, нібы жывая, станавілася паўнапраўным удзельнікам ансамбля, дзівячы шырокай палітрай абертонаў. У інтэрпрэтацыі музыкаў уражвала літаральна ўсё: філіграннасць фразіроўкі, шырокі дыяпазон гучнасці, разнастайнасць каларыстычных рашэнняў, тонкая нюансіроўка, глыбокая змястоўнасць, найвышэйшая тэхнічная віртуознасць. І асабліва эмацыйная падача і артыстычная свабода Рэмуса Азаіцэя, якая спалучае ў сабе бліскучае майстэрства, вытанчаную элегантнасць, чуласць, глыбокую пранікнёнасць і яркую характарнасць.

Нельга не адзначыць і чуйную ансамблевую ігру Эдуарда Стана. Гучанне раяля вылучалася асаблівай меладычнасцю, незвычайнай пачуццёвасцю — і, у той самы час, крышталёвай яснасцю і выразнасцю голасавядзення. Музыкам удалося выбудаваць ідэальны акустычны баланс, што ў сукупнасці з арыгінальнай выканальніцкай інтэрпрэтацыяй незвычайна паўплывала на слухачоў.

У першым аддзяленні прагучалі таксама творы французскага кампазітара Каміля Сен-Санса і дзівоснага музычнага імпрэсіяніста Клода Дэбюсі. Выбар аўтараў не быў выпадковым і лагічна ўпісваўся ў канцэпцыю канцэрта. Як вядома, творчая біяграфія Джорджу Энеску шчыльна знітаваная з музычнай культурай Францыі. Менавіта ў Парыжскай кансерваторыі, у класе знакамітага французскага кампазітара і педагога Габрыэля Фарэ, працягнуў сваю адукацыю Энеску пасля пераезду з Вены. Публіка атрымала магчымасць адчуць музычны каларыт культуры і часу, якія паўплывалі на фарміраванне ўнікальнага стылю румынскага кампазітара.

Асаблівае ўражанне на слухачоў зрабіла інтэрпрэтацыя інтрадукцыі і Ронда капрычоза, ор.28 Сен-Санса. Музыкі прадэманстравалі майстэрскае валоданне інструментамі і прафесіяналізм найвышэйшага класа, што стала прадметам захопленых абмеркаванняў у антракце.

Другое аддзяленне канцэрту па праве належала ўжо непасрэдна творчасці Энеску. Вялікім адкрыццём для беларускай публікі стала бліскучае выкананне яго Санаты №3 ля мінор для скрыпкі і фартэпіяна (“У румынскім нацыянальным духу”), ор.25. Музыкантам удалося перадаць асаблівы арыгінальны каларыт твора, яго спецыфічную музычную мову, якая спалучае класічна выразную структуру, заснаваную на венскай традыцыі, французскую гукавую вытанчанасць і глыбокую натхнёнасць румынскімі музычнымі народнымі вытокамі.

Вялікая зала Белдзяржфілармоніі, перапоўненая аматарамі класічнай музыкі, апладзіравала стоячы і доўга не адпускала музыкаў са сцэны. На біс Рэмус Азаіцэй і Эдуард Стан віртуозна выканалі Венгерскі танец №1 Брамса.

Дзякуючы гэтаму канцэрту, аматары музыкі змаглі не толькі атрымаць эстэтычную асалоду, але і глыбей асэнсаваць нацыянальныя культурныя традыцыі Румыніі ды іх далучанасць да агульнаеўрапейскага музычнага кантэксту. А таксама і правесці паралелі з гісторыяй беларускай музыкі.

Вольга ПАЛІТАНСКАЯ,
кандыдат мастацтвазнаўства,
дацэнт БДПУ