Каляровыя развагі над чорна-белымі здымкамі

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

У Літаратурным музеі Петруся Броўкі ў Мінску адкрылася выстава “Раз-архівацыя” маладых мастачак Паліны Юрэвіч і Наталлі Ерашковай — выхаванак студыі “Востраў”, якія шукаюць свой шлях у кірунку сучаснага мастацтва.

/i/content/pi/cult/669/14784/10.jpg

На гэты раз у цэнтры ўвагі — чалавек і яго эпоха. Для аналізу абраны савецкі час, які, па-сутнасці, закрануў асабістае жыццё маладых аўтарак вельмі ўмоўна. Піянерскія “речёвки” сышлі са школ разам з папярэднімі выпускнікамі, з’езды кампартыі і іншыя прыкметы эпохі засталіся ў падручніках. І цікава, што не толькі па гісторыі. Яшчэ і ва ўзорных біяграфіях беларускіх савецкіх пісьменнікаў. Таму відавочным стала месца для правядзення выставы.

Літаратурны музей Петруся Броўкі гасцінна расчыніў дзверы сучаснаму мастацтву. Ён знаходзіцца ў вялікай кватэры паэта, у якой спыніўся час. Усё тут засталося амаль некранутым — абстаноўка, бібліятэка, фотаздымкі, працоўны стол, за якім Пятрусь Броўка ўслаўляў савецкі народ-пераможцу, партыю і Радзіму, пісаў пра хараство душы чалавека і прыроды. Кожная дэталь экспазіцыі працуе на цэласны, знаёмы са школьных падручнікаў вобраз адданага сваёй справе чалавека і грамадзяніна. Першая задача аўтараў выставы была ў тым, каб праз біяграфію грамадскага дзеяча разгледзець творчага чалавека.

— Мы не ішлі ў музей з гатовай выставай, — кажа Паліна Юрэвіч. — Праект выкрышталізоўваўся падчас работы з архіўнымі дакументамі, фатаграфіямі і відэа, у размовах з супрацоўніцай музея Таццянай Маскалюк. Яна нам вельмі дапамагала, паведаміла шмат фактаў, якія не знайсці ў інтэрнэце.

Спецыяльна да выставы ствараліся і самі работы — з разлікам на невялікі пакой. У экспазіцыі дзве асобныя серыі, якія, нягледзячы на супрацьлеглыя пункты гледжання на чалавека, ствараюць адзіны кантэкст. Наталля Ерашкова паказвае партрэты Петруся Броўкі, яго сяброў-пісьменнікаў, людзей блізкага кола, зробленыя паводле чорна-белых фотаздымкаў. Яны павялічаны і расфарбаваны ў яскравыя колеры, што надае лёгкасці творам, а людзям на іх — разняволенасці.

— Я зрабіла партрэты наўмысна яскравымі, — кажа Наталля Ерашкова. — Уявіла сабе гэтых людзей у нейкай іншай рэальнасці. Што мы ведаем пра савецкіх паэтаў? Яны ў касцюмах і гальштуках глядзяць на нас анфас і профіль з падручнікаў па літаратуры. І ўсё. Як яны жылі, пра што думалі, як сябе паводзілі? Мае партрэты савецкіх класікаў — спроба наблізіцца да іх, вылучыць з натоўпу звычайных савецкіх грамадзян. Я іх прасвятляю з дапамогай рэнтгенаўскіх здымкаў, на якіх усе адкрытыя і светлыя часткі — твар і рукі — цёмныя. А чорныя касцюмы — светлыя. Як інакш пранікнуць унутр, як разабрацца, што за чалавек?

У агульным няспынным натоўпе асобнага чалавека сапраўды цяжка разгледзець, ён зведзены да знака, сімвала. Паліна Юрэвіч у гэтай экспазіцыі стварыла карціну таго часу і абставін, у якіх існаваў індывідуум. Яна наўмысна пазбягае канкрэтызацыі падзей, але не асацыяцый, звязаных для яе з тым часам — парады, стройныя шэрагі савецкіх людзей, якія некуды ідуць. Манахромныя работы выклікаюць пачуццё трывогі, адчуванне асабістага разладу ўдзельнікаў гэтага зладжанага калектыўнага руху.

— Тэму, з якой я працую, можна прымяніць да любога савецкага чалавека: і да самага звычайнага працоўнага, і да паэта, — тлумачыць Паліна Юрэвіч. — Яна стварае кантэкст. А я пакідаю месца для асабістых уражанняў. Каб зразумець, як адчувалі сябе людзі ў гэтым натоўпе. І нават не фізічным. У калектыўнасці, у якую можна схавацца, камфортна жыць, не вылучаць індывідуальнасць, рабіць кар’еру. А камусьці было страшна, паколькі такой калектыўнасці немагчыма супрацьстаяць. Страшна перад натоўпам, яго націскам, ад неразумення, куды ён рухаецца і чаму не можа спыніцца.

Падчас работы з архівамі музея Паліна і Наталля адкрылі для сябе новыя грані асобы народнага паэта Беларусі. Побытавыя фатаграфіі ў адрозненне ад афіцыйных адлюстроўваюць яго шчырыя эмоцыі.

— Цікава, кім на самой справе быў Пятрусь Броўка, — кажа Наталля Ерашкова. — Афіцыйным чыноўнікам ці паэтам, які заўважаў кожную травінку? Усё ж такі, у яго была душа вясковага хлопца.

— Як яму ўдавалася ў той час абстрагавацца ад навакольных падзей, каб пісаць пра чабор? — задаецца пытаннем Паліна Юрэвіч. — Цяжка сказаць. Дзённікаў Броўка не вёў. Ёсць перапіска, але і яна носіць фармальны характар. А біяграфія створаная нібы па шаблоне ідэальнага савецкага чалавека.

У такіх разважаннях каштоўнымі ўяўляюцца менавіта пытанні, а не адказы. У сваіх пошуках Наталля і Паліна выйшлі на значна больш вялікую тэму — менталітэт беларускай савецкай інтэлігенцыі. Адлюстраванне яе, думаю, для аўтараў выставы “Раз-архівацыя” — толькі справа часу.

Іна НАРКЕВІЧ